Для маладых і ініцыятыўных створаны ўмовы і ёсць магчымасці

- 15:51Інфармацыйная гадзіна

На мінулым тыдні прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка наведаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе правёў сустрэчу са студэнтамі. Зацікаўленая размова працягвалася больш за тры з паловай гадзіны.

За гэты час кіраўнік дзяржавы выказаўся па многіх тэмах і падрабязна адказаў на пытанні студэнтаў з розных УВА. У цэнтры ўвагі была не толькі грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне. Студэнтаў цікавілі пытанні падтрымкі і прасоўвання таленавітай і здольнай моладзі, крэатыўных ідэй, больш актыўнага далучэння маладых людзей да грамадскіх і дзяржаўных працэсаў. Закраналіся тэмы фінансавання адукацыі, валанцёрскага руху, прызыву на вайсковую службу з улікам набытай прафесіі. Прыводзім адказы прэзідэнта на некаторыя з пытанняў удзельнікаў сустрэчы.

Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці можа, на яго думку, моладзь выконваць важныя функцыі ў грамадскім і грамадзянскім працэсе і ці гатова дзяржава садзейні­чаць гэтаму. “Тое, што дзяржава гатова, а яна абавязана быць гатова і яна гатова, я вам гарантую, — адказаў прэзідэнт. — Калі вы гатовы, я буду толькі вітаць”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае пра многіх маладзёжных лідараў, з некаторымі знаёмы асабіста. Ён таксама звярнуў увагу на цікавую дэталь: многія новыя асобы з’явіліся на фоне апошніх унутрыпалітычных падзей у краіне. “Гэта і наша недапрацоўка часткова, што мы не заўважылі такіх хлопцаў і дзяўчат у спакойным жыцці і патрэбны быў гэты ­ўсплёск, каб мы зразумелі, хто ёсць хто, і на гэтай хвалі мы ўбачылі шмат цудоўных людзей”, — заўважыў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у Беларусі для маладых, ініцыятыўных людзей створаны ўмовы для самарэалізацыі, ёсць магчымасць выказваць свой пункт гледжання. У той жа час вылучаюцца больш актыўныя маладзёжныя лідары, і яны хутчэй знаходзяць падтрымку ў дзяржавы. “Нехта не вельмі бачны, але ён вельмі таленавіты. Можа, для гэтага спатрэбіцца крыху больш часу, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Для гэтага ёсць рэктар, выкладчыкі, яны павінны падказваць. Гэта значыць, як модна гаварыць, гэты (сацыяльны. — Заўвага БелТА.) ліфт павінен вас выносіць і мы павінны бачыць”.

Студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў сваім пытанні прэзідэнту адзначыла, што ў многіх краінах свету мадэль фінансавання вышэйшай адукацыі падобная да нашай: асноўную нагрузку бярэ на сябе дзяржава. У той жа час па вопыце шэрага замежных краін ва ўніверсітэтах ствараюцца фонды мэтавага капіталу, што напаўняюцца прыватнымі кампаніямі, а таксама папячыцельскімі саветамі. Дзяўчына звярнула ўвагу: сродкі з гэтых фондаў накіроўваюцца на фінансаванне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, што, у сваю чаргу, умацоўвае пазіцыі ўніверсітэта, робіць яго канкурэнтаздольным. Яна пацікавілася, як Аляксандр Лукашэнка ставіцца да такой формы дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Прэзідэнт падкрэсліў: “Стаўлюся абсалютна станоўча. Гатовы нават да эксперымента ў гэтым плане на базе вашага ўніверсітэта. Стварайце такі фонд”.

“Колькі ўнясе прыватнік, столькі і дзяржава. Прыватнік тры рублі — дзяржава тры рублі, прыватнік тры мільёны долараў — дзяржава тры мільёны долараў”, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

“Давайце на базе вашага ўніверсітэта створым гэты фонд і паглядзім, як вы патраціце гэтыя грошы. Прапрацуйце такое пытанне, калі ваш універсітэт і губернатар не супраць, то я — за”, — адзначыў прэзідэнт.

У час сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са студэнцкай моладдзю размова зайшла аб рабоце маладзёжных арганізацый і перспектывах дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: “Мы ні ў якім разе не будзем разбураць гэтую масавую арганізацыю, і не толькі таму, што я нямала зрабіў для адраджэння гэтай магутнай масавай арганізацыі. Хоць, скажу шчыра, у мяне нямала прэтэнзій, асабліва да цэнтральных органаў гэтай арганізацыі”.

Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што не павінна быць паказухі ў рабоце мала­дзёжных арганізацый.

Аляксандр Лукашэнка лічыць: каб менш крытыкавалі маладзёжную арганізацыю, каб менш нараканняў было ў яе бок і неабгрунтаваных чаканняў, неабходна дакладна вызначыць тэматыку, па якой будзе развівацца яе работа.

“Напрыклад, студэнцкія будаўнічыя атрады — гэта самы магутны рух, які гістарычна застаўся за моладдзю, і іншыя падобныя… Вось вызначылі сем на­прамкаў, грамадства павінна ведаць, што БРСМ, наша масавая маладзёжная арганізацыя, займаецца сямю гэтымі на­прамкамі, і па іншых не звяртайцеся. Гэта ўжо даўно было сказана, але мы так і не зрабілі, а гэта трэба зрабіць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў яго ёсць прэтэнзіі да работы саюза моладзі і ўстаноў вышэйшай адукацыі. Пры гэтым ён звярнуў увагу: “Каб цанілі саюз моладзі, трэба яму даць пэўныя паўнамоцтвы. У мой студэнцкі час маладзёжны камітэт у маёй ВНУ, ды і ва ўсіх ВНУ, вырашаў пытанні прадастаўлення інтэрнатаў, стыпендый студэнтам, парадку ў інтэрнатах, не кажучы аб нейкіх культурна-масавых мерапрыемствах. Чаму б гэта не ­ўзяць і не разгарнуць у нас?”

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта недапрацоўка рэктараў і міністра адукацыі.

Прэзідэнт запатрабаваў дакладна вызначыцца, па якіх напрамках бу­дзе працаваць маладзёжная арганізацыя і “зверху данізу прадаставіць паўнамоц­твы”. Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш эфектыўнай работы студэнцкіх прафсаюзаў. “Тады студэнт паглядзіць — так, яны нешта вырашаюць, і інакш будзе ставіцца да гэтых арганізацый”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

“Не павінна быць ніякай паказухі, не павінна быць дутай масавасці, не трэба туды цягнуць дзеля колькасці”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

“Так, шмат праблем, але дзяліць маладзёжную арганізацыю на кавалкі, разрываць яе на кавалкі ні ў якім разе нельга, там любой прафесіі знойдзецца месца. Была студэнцкая моладзь у камсамоле ў свой час, была вясковая, працоўная моладзь. Чаму б не структураваць нашу маладзёжную арганізацыю такім чынам”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт запэўніў, што ў краіне бу­дуць падтрымлівацца маладзёжныя арганізацыі.

На сустрэчы з прэзідэнтам ваенны курсант выказаў прапанову аб тым, каб службу ў арміі ўвязваць з атрыманай прафесіяй.

У пытанні, у прыватнасці, адзначалася, што ўсе студэнты мужчынскага полу маюць права на адну адтэрміноўку ад службы ў арміі для атрымання адукацыі. Адпаведна, пасля заканчэння УВА ўсе, хто прыгодны, будуць прызваны ў армію і толькі потым змогуць прадоўжыць навучанне ў магістратуры або аспірантуры. Было зададзена пытанне, ці можна прызываць у армію, каб пры гэтым чалавек нёс службу, зыходзячы з атрыманай прафесіі. Напрыклад, як ужо зроблена ў ІТ-роце.

“Гэта трэба зрабіць. Калі ён (прызыўнік. — Заўвага БелТА.) прафесіянал. Так, айцішную роту мы стваралі. Добрыя хлопцы, служаць. Нам вельмі патрэбны такія ваенныя. Я стаўку цяпер больш раблю на юнакоў, якія і ў арміі паслужылі, ведаюць гэтую службу, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Дапусцім, ён не айцішнік, а па іншай прафесіі, але ў арміі патрэбны. Чаму б і не. Што, медыцыны няма (у арміі. — Заўвага БелТА.)? Няхай яны па сваёй спецыяльнасці служаць там. А можа, і застануцца”.

“Трэба даручыць Міністэрству абароны, каб яны мне ўнеслі прапанову наконт гэтага. Гэта вельмі правільнае пытанне”, — дадаў беларускі лідар.

У час сустрэчы студэнт факультэта журналістыкі Максім Цюцянькоў прапанаваў заснаваць у краіне новае свята — Дзень беларускага студэнцтва. Паводле яго слоў, 17 лістапада адзначаецца міжнародны дзень салідарнасці студэнтаў, які заснаваны ў Расіі, і 25 сту­дзеня — Дзень студэнта (Таццянін дзень). Аднак малады чалавек лічыць, што неабходна нацыянальнае свята для студэнтаў, і нават прапанаваў для яго дату 25 лютага, паколькі ў 1919 годзе ў гэты дзень быў прыняты дэкрэт аб стварэнні ў Мін­ску дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў такую ініцыятыву і прапанаваў маладому чалавеку заняцца юрыдычным афармленнем гэтай прапановы. “Рашэнне прынята: фарміруй калектыў, займайся”, — адрэагаваў ён.

“Не спяшайцеся, але і не зацягвайце, — сказаў прэзідэнт. — Вельмі добрая ініцыятыва. Да лета рэалізуем”.

Адказваючы на пытанні студэнтаў, кіраўнік дзяржавы выказаў перакананне, што з часам краіны пачнуць уводзіць цэнзуру ў сацыяльных сетках. Але, падкрэсліў прэзідэнт, Беларусь не можа быць пачынальнікам гэтага працэсу. “Напэўна, той, хто спарадзіў гэтага змея і выпусціў з бутэлькі, і павінен гэты працэс пачынаць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы наогул гэта зрабіць не зможам. Калі мы закрыем адзін напрамак, у нас вылезе ў іншым”.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы лічыць, што неабходна вельмі строгая забарона на ўмяшанне ў асабістае жыццё і разбурэнне грамадска-палітычнага ладу дзяржавы. “Дзякуючы сацыяльным сеткам і месенджарам мы можам цяпер спарадзіць планетарную рэвалюцыю. Вы бачыце, што сёння ва ўсіх краінах адбываюцца такія падзеі, якія кіруюцца праз гэтыя сеткі і не з месца. Як у нас было: усё кіравалася з тэрыторыі Польшчы і Літвы, — адзначыў прэзідэнт. — Таму так, мы на парозе прыняцця гэтых рашэнняў. Але зыходзіць яны павінны ад уладных лю­дзей”.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў наступныя месяцы ў гэтай сферы ў Беларусі будуць прыняты дадатковыя меры для абароны інтарэсаў дзяржавы і народа.

Адно з пытанняў, зададзеных прэзідэнту, тычылася пратэснай хвалі, якая пракацілася па гарадах Ра­сіі, практычна паўтараючы “беларускі сцэнарый”, і неаднаразовых папярэджанняў кіраўніка беларускай дзяржавы аб тым, што такія экстрэмісцкія ўварванні магчымы і ў іншых краінах постсавецкай прасторы. У Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, як аднесліся лідары СНД да гэтых папярэджанняў.

“Пасля Беларусі ўжо расхлябана да гэтых пытанняў не адносяцца. Асаблі­васць уварвання, як вы сказалі (вельмі трапна сказана), у Беларусь была звязана з тым, што ўдар быў нанесены па моцнай маналітнай дзяржаве, — сказаў прэзідэнт. — Наносіўся ўдар па стабільнай, моцнай маналітнай дзяржаве. Гэта была праверка: калі ў Беларусі пройдзе, значыць, пройдзе і ў іншых”.

Прэзідэнт падкрэсліў: у Беларусі не было падстаў для каляровых рэвалюцый, як у Арменіі або Украіне. “Хацелі ў Беларусі ажыццявіць бліцкрыг, каб атрымаць трамплін для наступлення суп­раць Ра­сіі, перманентнага або як у 41-м го­дзе — як атрымалася б. Не затармазі іх тут, яны рынуліся б і туды, ужо сучасным спосабам, праз сацсеткі”, — упэўнены беларус­кі лідар.

Што датычыцца апошніх падзей у Расіі, Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў іх так: “Гэта першы званок. І б’юць гэтак жа, як у нас, па асноўных фігурах, па вертыкалі ўлады, якую Расія выбудавала ў прынцыпе такую ж, як і ў Беларусі. Гэта пачатак. Будуць паціху расхістваць. І ў залежнасці ад масавасці працэсаў будзе іх інтэнсіўнасць. У верасні думскія выбары, і да гэтага будуць рыхтаваць грамадства. Нехта памятае стральбу па Белым доме ў Расіі, некаму не церпіцца, і нехта думае, што гэта паўторыцца. Ніколі гэта не паўторыцца. Я ведаю кіраўнікоў Расіі, яны здолеюць гэтаму супрацьстаяць”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што краіны СНД знаходзяцца ў зоне інтарэсаў многіх вялікіх сусветных гульцоў. “Мы знаходзімся ў зоне інтарэсаў Злучаных Штатаў Амерыкі і Еўрасаюза ў цэлым. Як я да выбараў гаварыў, мы проста на разрыў, нас разрываюць. І не дай бог стаць арэнай вайны, дзе будуць вырашацца не нашы пытанні. Гэтага дапусціць нельга. Менавіта так разумеюць гэта Расія і іншыя постсавецкія рэспублікі, і ніхто не расслабляецца”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне студэнтаў, аб чым марыць прэзідэнт Беларусі.

“Пытанне вельмі банальнае, якое мне задаюць пастаянна і на якое ў мяне няма адказу”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны дзень уключаны ў мноства пытанняў, якімі жыве краіна. Адпаведна, і жаданні розныя ў тых ці іншых сферах. Але галоўнае — прэзідэнт не хоча, каб тое, што было зроблена не толькі ім, але і рукамі ўсяго народа за мінулыя гады, некалі знікла, а краіна развалілася.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы прызнаўся: гатовага менавіта прэзідэнцкага адказу на пытанне аб сваіх марах у яго пакуль няма. “Але я да Усебеларускага народнага сходу вырашыў сфармуля­ваць адказ на гэтае пытанне”, — сказаў ён.

Адзін са студэнтаў згадаў, што БДУ змог дасягнуць высокіх паказчыкаў у агульнавядомых сусветных рэйтынгах, і спытаў прэзідэнта, ці варта звяртаць увагу на гэтыя паказчыкі і імкнуцца іх паляпшаць або гэта бессэнсоўная гонка.

“Усё гэта лухта, але прыемная”, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Сваё меркаванне кіраўнік дзяржавы растлумачыў прадузятасцю, якую часта праяўляюць складальнікі тых ці іншых рэйтынгаў.

Вось, напрыклад, у адным з міжнародных рэйтынгаў па бяспецы Беларусь перамясцілі амаль на сотню пазіцый, значна пагоршыўшы яе паказчыкі, хоць аб’ектыўных прычын для гэтага не было, перакананы прэзідэнт. “Краіна не перавярнулася, бяспекі ў нас дастаткова”, — сказаў ён. “Справядліва? Лухта. Паглядзеў — непрыемна. Махнуў рукой і забыў. Таму асабліва не перажывайце наконт гэтага. Але калі недзе на першым месцы апынецеся, то ўсюды пра гэта гаварыце, таму што гэта прыемна”, — параіў прэзідэнт.

Па матэрыялах БелТА.