Для моладзі і з удзелам моладзі

- 11:29Актуально, Апошнія запісы

У Магілёве дадзены старт правядзенню рэгіянальных Дзён моладзі.
Як паведаміў выконваючы абавязкі першага сакратара абкама ГА “БРСМ” Павел Алекса, падобныя дні пройдуць ва ўсіх абласных цэнтрах рэспублікі, а завершацца Днём моладзі ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

— Магілёўская моладзь вельмі актыўная. Ад яе заўсёды зыходзіць шмат розных ініцыятыў, якія мы па меры магчымасцей стараемся падтрымліваць. Менавіта ад маладых людзей залежыць, якой будзе Беларусь заўтра. Мы рады, што на нас робяць стаўку, што нам давяраюць. Гэты давер мы стараемся апраўдваць, — адзначыў Павел Аляксандравіч.
У горадзе на Дняпры мерапрыемствы для моладзі і з яе ўдзелам праходзяць пастаянна, але такая маштабная акцыя — упершыню. Конкурсаў, мерапрыемстваў сапраўды было шмат, усе яны разнапланавыя, кожны малады чалавек меў магчымасць паказаць сябе, прадэманстраваць свае здольнасці.
Пачатак Абласнога дня моладзі быў сімвалічным — юныя магіляўчане аддалі даніну памяці і павагі тым, дзякуючы каму сёння ў нас над галавой мірнае неба. На плошчы Славы адбыўся ўрачысты мітынг “Памяць Перамогі”.
Працягнулася акцыя незвычайным арт-парадам, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі маладзёжных танцавальных калектываў і субкультур. “Камандаваў” парадам сапраўдны духавы аркестр, які здзівіў гараджан арыгінальным і нетрадыцыйным выкананнем папулярных музычных хітоў. Арганізаванай калонай арт-парад прайшоў па вуліцы Ленінскай да плошчы Зорак, дзе разгарнулася работа тэматычных пляцовак. Тут магілёўская моладзь прадставіла ўвесь калейдаскоп сваіх талентаў.
Куткі чырлідараў, варкаўтараў, энкаўтараў, графіцістаў, мастакоў. Выстава тэхнікі моладзі, якая займаецца экстрэмальнымі відамі спорту… І гэта толькі малая частка захапленняў моладзі вобласці. Характэрна, што жыхары і госці Магілёва маглі не толькі глядзець і фатаграфавацца. Для наведвальнікаў пляцовак моладзь актыўна праводзіла майстар-класы.
Завяршэннем Дня моладзі стала правядзенне творчых конкурсаў. Мастакі маглі праявіць сябе ў конкурсах малюнка на асфальце і 3D-малюнкаў, танцорам прапаноўвалі паўдзельнічаць у конкурсе “Агонь танца”, вакалістам — у праслухоўванні для Міжнароднага конкурсу выканаўцаў маладзёжнай песні “Моладзь за Саюзную дзяржаву”. У прафесійных навыках спаборнічалі таксама магілёўскія дыджэі, для якіх адбыўся абласны этап “Бітвы дыджэяў”.
У канцы дня былі названы імёны прызёраў конкурсаў. Усе яны атрымалі годныя ўзнагароды, а пераможцы “Агню танца” і “Бітвы дыджэяў” — яшчэ і права прадставіць Магілёўшчыну на заключных этапах гэтых творчых спаборніцтваў, якія пройдуць падчас “Славянскага базару ў Віцебску”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Юліі ЕЎМЯНЬКОВАЙ.