Для нас важна захаванне даверу і зацікаўленасці людзей

- 11:55Рознае, Суразмоўца

12 снежня Гомельскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі спаўняецца 70 гадоў. Адлік вядзецца з пастановы ЦК КП(б)Б 1944 года “Аб аднаўленні прафсаюзных арганізацый у Беларускай ССР”, тады і была створана Гомельская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў пачатковых і сярэдніх школ.

За сваю гісторыю арганізацыя мяняла назвы, перажывала арганізацыйныя перабудовы і пераўтварэнні. Аднак нязменнымі заставаліся асноўныя задачы і напрамкі работы: садзейнічанне развіццю і ўдасканаленню сістэмы адукацыі, умацаванне працоўнай дысцыпліны, рэгуляванне сацыяльна-працоўных пытанняў. А поспех у дасягненні мэт, як правіла, заўсёды залежыць ад прафсаюзнага лідара, ад яго ўмення бачыць і вырашаць пэўныя праблемы і задачы, ад асабістай зацікаўленасці ў справе, якую яму даверылі людзі.
Сёння на чале Гомельскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі стаіць Мікалай Акімавіч Філіпцоў. Свой працоўны шлях ён пачынаў з настаўніцтва, а таму добра ведае, што хвалюе педагогаў. Яму не па чутках вядома і тое, якую ролю ў грамадстве і ў жыцці кожнага асобнага чалавека можа адыграць выхавальнік, настаўнік, выкладчык. Старшыня арганізацыі прызнаецца, што яго шлях у педагогіку вызначылі класны кіраўнік настаўніца геаграфіі В.С.Філонава і настаўнік гісторыі У.С.Чарнавус, па слядах якога і пайшоў Мікалай Акімавіч.
Дзейсных людзей жыццё заўсёды нясе ўперад. І нядзіўна, што ім па плячы новыя гарызонты. Так здарылася і з настаўнікам гісторыі М.А.Філіпцовым. Ён заняў адказную пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі аднаго з раёнаў Гомеля. Дзяржаўная служба навучыла многаму, а таксама прывяла на юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны. Такое рашэнне было не выпадковым. Дзве вышэйшыя адукацыі — педагагічная і юрыдычная — вельмі дапамагаюць Мікалаю Акімавічу ў яго сённяшняй рабоце.
Якія пытанні ў рэгіёне прыходзіцца вырашаць галіноваму прафсаюзу і на што накіравана яго дзейнасць — аб гэтым у гутарцы са старшынёй абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М.А.ФІЛІПЦОВЫМ.

— Мікалай Акімавіч, вядома, што спраў у прафсаюзаў заўсёды шмат, бо яны кантралююць розныя напрамкі. І ўсё ж цікава даведацца, якія пытанні стаяць на першым месцы?
— Кола пытанняў, якія павінны вырашаць і вырашаюць прафсаюзы, на самай справе даволі шырокае. Сацыяльна-эканамічная і прававая абарона, кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і аб ахове працы, клопат аб маладых спецыялістах і ветэранах працы, падтрымка творчых калектываў, спартыўна-масавая работа — і гэта далёка не ўсё, на што накіравана наша дзейнасць. Для нас важны кожны напрамак, аднак асноўнымі пытаннямі былі і застаюцца заработная плата і занятасць людзей. Асаблівую актуальнасць яны набылі пасля перагляду норм педагагічнай нагрузкі, аптымізацыі ўстаноў адукацыі. Усе праблемы, якія ўзнікаюць у галіне, стараемся вырашыць разам з кіраўніцтвам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Гэта і зразумела, бо і перад упраўленнем адукацыі, і перад абласным камітэтам стаіць агульная задача — рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі. Вельмі ўдзячны ўпраўленню адукацыі аблвыканкама за такое сацыяльнае партнёрства.

— Калі ўжо зайшла гаворка пра сацыяльнае партнёрства. Гэта якраз той ключавы інстытут, які забяспечвае рэалізацыю абароны правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза. На якіх прынцыпах яно будуецца сёння?
— Не памылюся, калі скажу, што ў аснове эфектыўнага сацыяльнага партнёрства ляжыць рэгуляванне калектыўна-дагаворных адносін. Мы ўвесь час працуем над удасканаленнем гэтай сістэмы. Зараз, напрыклад, дзейнічае пагадненне паміж упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, разлічанае да 2016 года. Яно стала асновай для заключэння 25 раённых пагадненняў, 17 калектыўных дагавораў устаноў адукацыі, якія стаяць на ўліку ў абласной арганізацыі, і 12 пагадненняў паміж кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і прафсаюзнымі пярвічкамі навучэнцаў. Прынятыя дакументы з’яўляюцца асновай пры ажыццяўленні грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы, аплаце і ахове працы.
Усяго ж у вобласці заключаны 1254 калектыўныя дагаворы. Як дзейнічаюць яны на самай справе? У мінулым годзе мы правялі прававы аналіз раённых пагадненняў і больш як пяцісот калектыўных дагавораў. Мэта была простая — дабіцца рэалізацыі норм і гарантый, прапісаных у гэтых дакументах, а таксама ўключыць у іх дадатковыя гарантыі. У большасці выпадкаў работа была паспяховай. Гэта і ёсць рэалізацыя на практыцы прынцыпаў сацыяльнага партнёрства. Узмацніць жа работу ў гэтым напрамку дапамагаюць правядзенне сумесных пасяджэнняў калегіі ўпраўлення адукацыі і прэзідыума абласнога камітэта галіновага прафсаюза, сумесныя выязныя прыёмы грамадзян і іншыя мерапрыемствы.

— У рамках такога добрага ўзаемадзеяння, упэўнена, не засталася без увагі і кантрактная форма найму работнікаў — пытанне вельмі хвалюючае.
— Так, пагадненне паміж абласным камітэтам галіновага прафсаюза і ўпраўленнем адукацыі, якое я згадваў, якраз прадугледжвае стратэгію павелічэння колькасці кантрактаў, заключаных на максімальны тэрмін, шэраг норм дазваляе падоўжыць працоўныя адносіны з добрасумленнымі работнікамі.

— Мікалай Акімавіч, а ці адыграла сваю ролю сацыяльнае партнёрства ў павышэнні ўзроўню аплаты працы работнікаў?
— Безумоўна. Матэрыяльнае стымуляванне працы — адзін з найважнешых прынцыпаў сацыяльнага партнёрства. І трэба сказаць, што ва ўсіх раёнах вобласці выплаты, прадугледжаныя пагадненнем і калектыўнымі дагаворамі, праводзяцца ў поўным аб’ёме. Зноў жа вяртаюся да пагаднення з упраўленнем адукацыі, у якім прапісана, напрыклад, што пры размеркаванні сродкаў матэрыяльнага стымулявання будзе ўлічвацца ажыццяўленне настаўнікамі, выкладчыкамі класнага кіраўніцтва і кіраўніцтва метадычнымі аб’яднаннямі, а сродкі эканоміі фонду заработнай платы накіроўвацца выключна на прэміраванне работнікаў. Не засталіся без увагі маладыя спецыялісты. Якасць іх работы і ініцыятыўнасць будуць падтрымлівацца дадатковымі мерамі стымулявання не толькі ў першыя два гады, але і ў трэці, і ў чацвёрты год.
Маніторынг прымянення кантрактнай формы найму работнікаў у арганізацыях адукацыі, які мы праводзім на працягу кожнага справаздачнага перыяду, таксама дае нам магчымасць прасачыць як саму кантрактную сістэму, так і грашовыя выплаты. Так, за пяць гадоў больш як удвая павялічылася колькасць кантрактаў, якія маюць дадатковыя дні да адпачынку. Узрасла колькасці кантрактаў, дзе прадугледжаны павышэнні тарыфнай стаўкі работнікам. За пяць гадоў гэты паказчык павялічыўся больш як на 40 працэнтаў. Асабліва добра ў гэтым напрамку працуюць Добрушскі, Буда-Кашалёўскі, Рагачоўскі, Светлагорскі раёны. Тут, зразумела, важную ролю выконваюць канкрэтныя людзі, прафсаюзныя лідары і кіраўнікі адукацыйнай сферы.

— Ва ўсе часы важным напрамкам дзейнасці прафсаюза з’яўляецца пытанне аховы працы і здароўя яго членаў. Якія прыярытэты ў гэтым напрамку сёння?
— Ахова працы і здароўя працоўных нязменна застаецца пад пільным кантролем прафсаюзных арганізацый. Пры гэтым мы кіруемся як Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы”, так і “Галіновай мэтавай праграмай па паляпшэнні ўмоў і аховы працы”, распрацаванай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і цэнтральным камітэтам галіновага прафсаюза. У кожнай арганізацыі выбраны грамадскія інспектары па ахове працы, якія сочаць за тым, як выконваецца заканадаўства, фіксуюць парушэнні, даюць рэкамендацыі. Вынікі работы грамадскіх інспектараў разглядаюцца на пасяджэннях прафкамаў або на нарадах наймальніка. Калектыўныя дагаворы абавязкова ўключаюць мерапрыемствы па ахове працы. Ва ўстановах адукацыі многіх раёнаў Гомельшчыны, а таксама раёнаў абласнога цэнтра работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму арганізавана на “выдатна”. Параўнальны маніторынг праведзенай ва ўстановах адукацыі атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы паказвае, што ўмовы працы работнікаў паляпшаюцца.
Праблемы фарміравання здаровага ладу жыцця, духоўнай культуры таксама застаюцца ў зоне інтарэсаў прафсаюза. Гэта прапісана і ў тым жа абласным пагадненні, пра якое мы неаднаразова гаварылі, і ў калектыўных дагаворах устаноў адукацыі.

— Усё больш актуальным становіцца пытанне павышэння якасці жыцця работнікаў адукацыі. Часцей за ўсё маецца на ўвазе матэрыяльная дапамога. Якую падтрымку прапануе сёння прафсаюз?
— Дапамагчы чалавеку ў няпростых жыццёвых сітуацыях вельмі важна. І наш клопат пра чалавека — гэта не словы, а справа. За пяць гадоў з прафсаюзнага бюджэту абласной арганізацыі аказана матэрыяльная дапамога больш як 17 тысячам членам прафсаюза на суму 4 мільярды 90 мільёнаў рублёў. У большасці выпадкаў грашовая дапамога аказвалася ў сувязі з захворваннямі, дарагім лячэннем. Прыйшлі мы і на дапамогу тым членам прафсаюза, якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў.
Сур’ёзная сацыяльная падтрымка галіновага прафсаюза ажыццяўляецца ў рамках дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. Так, была аказана спонсарская дапамога грамадскай арганізацыі “Дапаможам дзецям разам”, Рагачоўскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату да Дня пажылога чалавека, сацыяльна-педагагічным прытулкам і дзіцячым спартыўным школам, Мазырскаму дому сямейнага тыпу, школам і дашкольным установам адукацыі. Ніколі не адмаўляемся прыняць удзел у дабрачынных акцыях ці аказаць дапамогу малазабяспечаным і няпоўным сем’ям у набыцці пуцёвак у летнікі для дзяцей.

— Нельга не закрануць у нашай размове пытанні матывацыі прафсаюзнага членства.
— Наша абласная арганізацыя — самая вялікая ў галіновым прафсаюзе: яна ўключае ў сябе звыш 84 тысяч членаў прафсаюза. Мы маем амаль стапрацэнтны ахоп як працуючых, так і моладзі навучальных устаноў, таму наша сіла не толькі ў інтэлектуальным патэнцыяле яго членаў, але і ў яго масавасці. І гэта сапраўды так. Праўда, з 2011 года назіраецца памяншэнне колькасці членаў прафсаюза, што звязана з правядзеннем аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі і скарачэннем аб’ёмаў падрыхтоўкі спецыялістаў ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Для нас важна не толькі далучэнне новых членаў, але і захаванне даверу і зацікаўленасці лю-дзей, якія ўжо з’яўляюцца членамі прафсаюза.

— На вашу думку, ад чаго залежыць рашэнне чалавека быць або не быць у прафсаюзе?
— Шмат у чым залежыць ад сістэмнай і зладжанай работы ў пярвічных арганізацыях. Менавіта ў пярвічцы ладзіцца непасрэдны кантакт з радавымі членамі прафсаюза, і менавіта там знаходзіцца крыніца прафсаюзнай жыццядзейнасці. Аб чым гэта гаворыць? Аб тым, што прэстыж арганізацыі, і перш за ўсё на месцах, фарміруе прафсаюзны лідар. Яго асабістыя чалавечыя якасці, яго прафесіяналізм, які дапамагае ў арганізацыі ўсёй дзейнасці пярвічкі, — вось складнікі паспяховай іміджавай формулы.

— Мікалай Акімавіч, з улікам знамянальнай для настаўніцкага прафсаюза даты будзе дарэчы назваць лепшых лідараў і актывістаў прафсаюзнага руху вобласці.
— На самай справе лепшых даволі многа. У арганізацыях, універсітэтах, каледжах, школах — усюды ёсць тыя, хто генерыруе ідэі, можа зацікавіць і павесці за сабой іншых. Такія не застаюцца незаўважанымі. Красамоўна аб гэтым сведчыць той факт, што больш як сто членаў галіновага прафсаюза — прафсаюзныя актывісты, члены абласнога і раённых камітэтаў, старшыні пярвічных арганізацый і члены прафсаюзных камітэтаў установы адукацыі сталі дэпутатамі мясцовых саветаў 27 склікання. Дэпутатамі Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў выбраны кіраўнікі Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў А.А.Аляксеенка, гомельскай сярэдняй школы № 69 А.В.Машкараў, Гомельскага філіяла ўстановы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін” В.С.Рашэцька.
Ёсць і іншыя прыклады, якімі мы можам ганарыцца. Напрыклад, старшыня Ельскай раённай арганізацыі галіновага прафсаюза Г.М.Ільюк спачатку была выбрана намеснікам старшыні Ельскага раённага Савета дэпутатаў, а потым прызначана намеснікам старшыні Ельскага райвыканкама. У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання адукацыю Гомельшчыны прадстаўляюць А.Ф.Леўшуноў і В.Д.Фясак. Педагогі — людзі асаблівыя. Ім уласціва пастаяннае развіццё, ідэйнасць, творчы падыход да справы, а гэтаму якраз можна знайсці прастор у прафсаюзным руху.

— Святкаванне 70-годдзя вашай арганізацыі супала з правядзеннем справаздачна-выбарнай канферэнцыі. На што плануеце скіраваць сваіх калег?
— Наперадзе ў камітэтаў галіновага прафсаюза ўсіх узроўняў вялікая і складаная работа. Але пры гэтым усё павінна быць падпарадкавана адной мэце — аказваць сацыяльную абарону работнікам галіны і шукаць правільныя шляхі захавання калектываў. Важна, каб да голасу прафсаюзных лідараў і актывістаў прыслухоўваліся, а голас гэты гучаў упэўнена, патрабавальна, але заўсёды быў чулым і справядлівым. Спадзяюся, што выбраны абласны камітэт будзе паспяхова развіваць прафсаюзны рух далей.

Падрыхтавала Наталля ЛУТЧАНКА.