Спецыялістамі ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска ў мінулым годзе быў распрацаваны адукацыйны праект “Адаптыўная фізічная культура як сродак паляпшэння жыццядзейнасці навучэнцаў з цяжкімі множнымі фізічнымі парушэннямі”. Яго мэта — удасканаленне існуючай практыкі навучання такіх дзяцей. Напрыканцы мінулага года работа была ўдастоена прэміі Мінгарвыканкама. Аб тым, чаму менавіта гэтая тэма прыцягнула да сябе ўвагу педагогаў, расказала дырэктар цэнтра і адзін з аўтараў праекта Таццяна Барысаўна ПІВАВАРЧЫК.
— Сённяшняя практыка правядзення заняткаў па адаптыўнай фізічнай культуры ў цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі недастаткова эфектыўная, — лічыць Таццяна Барысаўна. — Так, у нарматыўных дакументах дагэтуль не размежаваны змест урокаў па адаптыўнай фізічнай культуры і заняткаў па адаптыўнай фізічнай рэабілітацыі, амаль не адрозніваюцца функцыі кіраўнікоў фізічнага выхавання і інструктараў-метадыстаў па фізічнай рэабілітацыі, няма ў дакументах і пераліку абсталявання для адаптыўнай фізічнай культуры, адсутнічаюць таксама метадычныя рэкамендацыі для педагогаў па арганізацыі навучання дзяцей з умеранай і цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю са значнымі і рэзка абмежаванымі рухальнымі парушэннямі. Да вырашэння гэтых праблем мы і прыступілі, распрацаваўшы ў мінулым годзе названы праект.
Заняткі па адаптыўнай фізічнай культуры дзецям вельмі падабаюцца. Але работа ў гэтым кірунку будзе больш эфектыўнай, калі ажыццяўляць яе арганізавана, паслядоўна і дакладна. Перш за ўсё неабходна пастаянна ўскладняць практыкаванні для навучэнцаў — вынік у такім выпадку стане адчувальным і парадуе ўсіх: і дзяцей, і педагогаў, і бацькоў. Калектыў супрацоўнікаў нашага цэнтра мае для гэтага добры патэнцыял. Так, наш інструктар па фізічнай рэабілітацыі Юлія Анатольеўна Гардзеенка (таксама аўтар адукацыйнага праекта) мае і медыцынскую, і вышэйшую педагагічную адукацыю, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Кіраўнік фізвыхавання Алена Пятроўна Федарэнка скончыла гэтую ж установу па спецыяльнасці “Лячэбная фізкультура”. Яна — малады спецыяліст, але ўжо заваявала аўтарытэт і ў педагогаў, і ў дзяцей.
У нашым адукацыйным праекце мы дэталёва вызначылі сферу дзейнасці і абавязкі кожнага са спецыялістаў цэнтра, напрыклад, хто і якія заняткі павінен праводзіць, склалі пералік спартыўнага і рэабілітацыйнага абсталявання, якое (у ідэале) павінна быць у нашых выхаванцаў пачынаючы з ранняга ўзросту і да 18 гадоў. Увогуле, вызначылі ўсё, што неабходна цэнтру для камфортнага і эфектыўнага навучання і выхавання дзяцей з парушэннямі ў развіцці. Пакуль не ўсё ёсць у нас, але ж мы ведаем, да чаго імкнуцца.
Мы пераконваем бацькоў у неабходнасці фізічнай рэабілітацыі для дзяцей, падкрэсліваем, наколькі гэта важна. Бацькі ж даволі часта цікавяцца поспехамі дзяцей у вучобе і забываюцца пры гэтым пра іх фізічнае развіццё. Мы тлумачым ім, што калі дзіця слаба развіта фізічна і асабліва калі яго мышцы сціскаюць усё цела (як бывае, скажам, пры цяжкіх формах ДЦП) і могуць перашкаджаць рабоце нават жыццёва важных органаў, як сэрца і лёгкія, тады навучэнцу ўжо, мякка кажучы, не да матэматыкі і не да фарміравання маўленчых навыкаў. Рух для дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці — гэта жыццё, у самым прамым сэнсе слова. Адсутнасць руху выклікае ў арганізме такіх дзяцей застойныя з’явы, правакуе кантрактуры і іншыя непрыемнасці. Важна арганізаваць для іх навучальнае асяроддзе такім чынам, каб, знаходзячыся ў калясцы, гэтыя дзеці мелі магчымасць рухацца. Для гэтага мы набылі для іх спецыяльнае спартыўнае і рэабілітацыйнае абсталяванне. Дапамаглі нам у вырашэнні гэтага пытання кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Валерый Іванавіч Кулеш, упраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, а таксама спонсары і шэфы — у асноўным прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі раёна.
У мінулым годзе ў цэнтры з’явіўся трэнажор Гроса. Ён дазваляе карэкціраваць рухальнае развіццё дзяцей з парушэннямі функцыі апорна-рухальнага апарату. Рукі і ногі навучэнцаў, калі знаходзяцца ў трэнажоры, разнявольваюцца. Яны могуць прыняць у ім вертыкальнае становішча. Трэнажор садзейнічае пераразмеркаванню мышачнай нагрузкі, дзеці пачынаюць актыўна рухаць рукамі і нагамі, нават стаяць з дапамогай механізмаў, якія падтрымліваюць іх. Дзякуючы прыстасаванню, дзіця, прыкаванае да інваліднага крэсла, можа перамяшчацца, змяняць становічша цела, выконваць розныя практыкаванні, напрыклад, катацца на гімнастычных мячах. Навучэнцы могуць нават паспрабаваць свае сілы ў гульні ў футбол і інш. Цягі і тросы, нацягнутыя ўзджоўж пакоя, дазваляюць рэгуляваць ступень нагрузкі на дзяцей у трэнажоры ў залежнасці ад іх вагі. Ёсць, напрыклад, тросы для дашкольнікаў і для школьнікаў (да 60—70 кілаграмаў). Трэба падбіраць для кожнага дзіцяці такі трос, які дазволіў бы яму мець апору на ногі. Навучэнцы цэнтра падчас заняткаў на трэнажоры бачаць сябе ў вялікіх люстэрках, спецыяльна ўстаноўленых у спартыўнай зале. Такім чынам, дзеці атрымліваюць не толькі карысць для свайго цела, але і эмацыянальнае задавальненне, што таксама вельмі важна. Трэнажор Гроса можна ўстанавіць і дома. У хатніх умовах ён будзе не менш карысным для дзіцяці, падорыць яму светлыя хвіліны ўпэўненасці ў сваіх сілах. Акрамя названага трэнажора для навучэнцаў, якія не могуць перамяшчацца, у спартыўнай зале і ў групах прадугледжаны спецыяльныя каляскі-вертыкалізатары, хадункі.
— Дзіця з дапамогай педагога прымае правільнае становішча (рук, галавы, ног). Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя валікі, паўвалікі і торбачкі, — адзначае інструктар па фізічнай рэабілітацыі Юлія Анатольеўна. — Гэта так званая шматфункцыянальная ўкладка — лячэнне становішчам. Пасля таго як дзіця выканае практыкаванні, яно ляжыць яшчэ 10—15 хвілін і адпачывае. Ёсць і спецыяльныя грузы па паўтара кілаграма, якія таксама выкарыстоўваюцца падчас укладкі, каб дзіця не проста адпачывала, але і атрымлівала рэабілітацыйную дапамогу пад уздзеяннем грузу. Такім чынам можна папярэдзіць узнікненне кантрактур — абмежаванняў нармальнай рухомасці ў суставах, што можа прывесці да поўнай дэфармацыі канечнасцей. Зразумела, што лячэнне грузамі не заўсёды бывае камфортным для дзяцей і часам нават балючым. Але ж гэта вельмі неабходна для іх.
Для кожнага дзіцяці спецыялісты распрацоўваюць комплекс практыкаванняў, індывідуальны рухальны маршрут, дзе пазначана, напрыклад, што 40 хвілін яно павінна сядзець, пасля 5 хвілін — ляжаць, пасля паўгадзіны — стаяць у вертыкалізатары, потым у прыстасаваннях, якія расслабляюць, таму што прымаюць форму цела.
Варта адзначыць, што заняткі дзяцей на трэнажорах — гэта фізічная нагрузка не толькі для дзяцей, але і для супрацоўнікаў — жанчын, якія павінны размясціць дзяцей у трэнажоры, падтрымліваць іх там падчас заняткаў. Работа гэтых супрацоўніц вельмі адказная і не ідзе на карысць іх здароўю.
— У сувязі з гэтым у мяне з’явілася думка: а што, калі звярнуцца ў ваенкамат з просьбай накіраваць у наш цэнтр маладых людзей, каб яны ўзялі на сябе абавязкі па фізічнай рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю? — гаворыць дырэктар цэнтра. — А час знаходжання юнакоў у нашай установе залічваўся б ім як альтэрнатыўная служба. Магчыма, такая юрыдычная магчымасць ёсць. Сёння ж радуе тое, што ў нас у гэтым годзе было шмат валанцёраў — на падставе дагавора з БДПУ імя Максіма Танка. Справа ў тым, што ў нашым цэнтры створаны філіял універсітэцкай кафедры псіхалогіі і тыя, хто працуе на кафедры на пастаяннай аснове, дапамагаюць нам.
Для дзяцей, якія не маюць рухальных абмежаванняў і перамяшчаюцца добра, у цэнтр таксама закупілі неабходнае абсталяванне — бегавыя дарожкі, велатрэнажоры, трэнажор для ног — стэпер. Ёсць тут і спецыяльная платформа, якая раскачваецца. Яна прызначана для трэніроўкі вестыбулярнага апарату. Старэйшыя дзеці стаяць на ёй на нагах, а маленькія імкнуцца легчы на жывот. Абсталяванне для заняткаў з навучэнцамі фізкультурай педагогі цэнтра робяць самі і выкарыстоўваюць яго не толькі на занятках фізкультурай, але і на іншых уроках, у пазакласнай дзейнасці. Напрыклад, былі зроблены спецыяльна для нашых дзяцей баскетбольны шчыт з сеткай “Вясёлы слон” і баскетбольная карзіна — прыгожыя, займальныя і развіццёвыя. З імі можна не толькі гуляць, але і вывучаць па іх афарбоўцы колеры, атрымліваць розныя тактыльныя адчуванні. Педагогі самі зрабілі баксёрскую грушу, пашылі рознакаляровы “парашут”, які дапамагае дзецям расслабіцца, аб’ядноўвае іх падчас рухавых гульняў і практыкаванняў.
З падручных сродкаў педагогі зрабілі і нетрадыцыйнае спартыўнае абсталяванне — “Сцяжынку здароўя”, для масажу ступняў і прафілактыкі плоскаступнёвасці; гульню “Ветрык” для трэніроўкі сілы дыхання (дзіця дзьме ў трубачку і кантралюе пры гэтым сілу выдыху, адзначае, моцны або лёгкі атрымліваецца ветрык). Гуляюць навучэнцы і з самаробнымі масажорамі, пальчыкавым басейнам, з тактыльнымі далонькамі і пано, з самымі звычайнымі прышчэпкамі для бялізны, падабаюцца ім таксама гульні “Лавішкі” і “Злаві рыбку”.
— У чым жа каштоўнасць нашага праекта? Перш за ўсё ў тым, што яго матэрыялы сёння запатрабаваны педагогамі, інструктарамі-метадыстамі фізічнай рэабілітацыі, кіраўнікамі фізічнага выхавання цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дапаможных школ, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі дома, — гаворыць Таццяна Барысаўна. — Мы скампанавалі апісанні гульняў такім чынам, каб любому педагогу было зручна карыстацца імі, каб кожны мог праводзіць пры дапамозе іх эфектыўныя ўрокі. Раней нашы педагогі, калі праводзілі ўрокі па адаптыўнай фізкультуры, карысталіся метадычнымі матэрыяламі, рэкамендаванымі або для дзяцей з ДЦП, але з захаваным інтэлектам, або матэрыяламі для дзяцей з цяжкімі парушэннямі, ці для дзяцей з выяўленай інтэлектуальнай недастатковасцю, але з захаванай рухальнай сферай. У праекце прапанавана паслядоўная схема работы педагогаў па арганізацыі рухальнай актыўнасці ўсіх навучэнцаў цэнтра з улікам асаблівасцей кожнага з іх. Мы распрацавалі матэрыялы і сцэнарыі ўрокаў і заняткаў для дзяцей, якія маюць адначасова і цяжкія рухальныя абмежаванні, і выяўленую інтэлектуальную недастатковасць. Прычым праводзяцца ўсе заняткі з музычным суправаджэннем. У далейшым мы плануем стварыць відэатэкі адаптыўных фізкультхвілінак, гімнастыкі для зроку, а таксама практыкаванняў для арганізацыі работы па адаптыўнай рухальнай рэкрэацыі. Плануем таксама распрацаваць метадычны дапаможнік для практыкаў. Акрамя таго, спецыялісты нашага цэнтра прымуць удзел у карэкціроўцы праграм па адаптыўнай фізкультуры для ЦКРНіР.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.