Для неабыякавых настаўнікаў і цікаўных вучняў

- 12:20Адукацыйная прастора

Сёлетні Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” папоўніў прафесійную скарбонку педагогаў цікавымі электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, адкрыў новыя імёны і даў штуршок да пошуку свежых арыгінальных ідэй і яркіх адкрыццяў. Мы прапануем пазнаёміцца з некаторымі работамі пераможцаў і прызёраў гэтых спаборніцтваў.

Як здорава ўмець чытаць!

Аляксандр Мікалаевіч КАСАБУЦКІ, педагог-псіхолаг Малагарадзішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў намінацыі “ЭАР у дашкольнай і пачатковай адукацыі” прадставіў праект “Трэніроўка хуткасці чытання”, за які атрымаў дыплом ІІ ступені.

Як расказаў педагог, гэта не першы вопыт удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Некалькі гадоў назад ён паспрабаваў свае сілы ў гэтых спаборніцтвах, прадставіўшы на суд экспертаў праект па арганізацыі інтэрнэт-канферэнцый, за які быў удастоены граматы.

— Працуючы школьным псіхолагам з 1996 года, я бачыў тыя сур’ёзныя праблемы, з якімі сутыкаюцца настаўнікі пачатковых класаў і бацькі па навучанні дзяцей у сціслыя тэрміны хуткаму і ўсвядомленаму чытанню, таму і ўзнікла ідэя такой распрацоўкі, — адзначае педагог. — Мэта праекта — даць настаўнікам, бацькам малодшых школьнікаў надзейны інструмент для вырашэння гэтай задачы. Інструмент, які быў прапанаваны на конкурсе, быў шматразова правераны на вопыце педагогаў-пачаткоўцаў і паказаў высокую эфектыўнасць. Сайт chtenie.net дзейнічае ўжо на працягу сямі гадоў. З аналізу наведвальнасці відаць, што ён карыстаецца папулярнасцю і на яго заходзяць людзі з усіх куточкаў Беларусі, а таксама з Расіі, Прыбалтыкі, Казахстана і інш.

Пры напісанні праграмы была ўзята методыка навучання тэхнікі чытання, распрацаваная ўкраінскімі псіхолагамі І.Федарэнка і І.Пальчанка. Яна заключаецца ў наступным: у кожным з 18 набораў ёсць па 6 сказаў. На дэманстрацыю кожнага сказа з пэўнай колькасцю літар даецца пэўны час. Пасля дэманстрацыі сказа малодшым школьнікам неабходна яго ўзнавіць. Сказы дэманструюцца на дошцы ці на лістках і вучні запісваюць іх у сшыткі. Нельга пераходзіць да наступнага набору не прайшоўшы бягучы.

Методыка была ўдасканалена такім чынам, што сказы запісваюцца не на дошцы і не на лістку паперы, а счытваюцца з сервера і паказваюцца на экране камп’ютара пэўны час. Пасля заканчэння часу сказ рассыпаецца на часткі і яшчэ дадаюцца лішнія часткі. Дзіцяці неабходна сабраць яго з патрэбных частак (пункты меню “Трэніроўка хуткасці чытання і ўвагі” — “Без уліку часу”). Пасля заканчэння часу сказ знікае і яго неабходна ўпісаць у поле формы (пункты меню “Трэніроўка хуткасці чытання і друку” — “Без уліку часу”). Каб сказы не запаміналіся, зроблены выпадковы выбар сказу з 10 варыянтаў. Таму ў наборы не 6 сказаў (як у методыцы Федарэнка — Пальчанка), а 60 (па 1080 сказаў на беларускай і рускай мовах). Гэта вельмі важна, бо можна кожны дзень трэніравацца без запамінання сказаў.

У праграме зроблены пяць узроўняў складанасці. Першы ўзровень прызначаны для слабачытаючых дзяцей, другі ўзровень — і ёсць методыка Федарэнка — Пальчанка, а 3—5 узроўні — павышанай складанасці для дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту. Апошнія наборы пятага ўзроўню могуць выкарыстоўвацца для трэніроўкі і дарослымі. На кожным наступным узроўні час паказу сказа памяншаецца прыкладна ў два разы. Пры трох няправільных адказах праграма вяртае вучня да работы са сказамі з меншай колькасцю літар.

Праграма працуе на ўсіх распаўсюджаных браўзерах у двух рэжымах: трэніроўка хуткасці чытання і ўвагі, трэніроўка хуткасці чытання і друку. У першым выпадку вучню даецца сказ, ён павінен запомніць яго і сабраць з прапанаваных слоў, у другім — вучню неабходна ўвесці прапанаваны сказ з клавіятуры.

Пачынаць займацца з праграмай можна вучню, які дасягнуў хуткасці чытання 10 слоў у мінуту. Як паказвае практыка, каб дасягнуць стабільнага прагрэсу ў павелічэнні хуткасці чытання, варта займацца кожны дзень па 15—20 мінут на працягу 4—5 месяцаў. У выніку можна дасягнуць хуткасці чытання ў 120 слоў у мінуту.

Зараз А.М.Касабуцкі працуе над стварэннем новага праекта па навучанні дзяцей на мове праграмавання Scratch, які плануе прадставіць на наступным конкурсе.

Калі абстрактнае становіцца наглядным

Настаўніца матэматыкі гімназіі № 2 Баранавіч Юлія Леанідаўна МАЛЮГІНА распрацавала “Электронны адукацыйны рэсурс “Матемша”, які адзначаны дыпломам ІІ ступені.

— Усе матэматычныя аб’екты і паняцці з’яўляюцца абстрактнымі, пазбаўленымі рэчавых асноў. І вучням часам вельмі складана ўсвядомлена засвоіць іх. Ды і сёння адукацыйны працэс накіраваны на тое, каб вучні бачылі практычнае прымяненне сваім ведам і змаглі імі пры неабходнасці скарыстацца. Вось чаму вельмі важна захоўваць у навучанні матэматыцы прынцып нагляднасці. Укараненне новых тэхнічных сродкаў навучання ў вучэбны працэс пашырае магчымасці наглядных сродкаў навучання. Інтэр-актыў, яркасць, даступнасць дазваляюць захапіць навучэнцаў, прыцягнуць іх у працэс навучання, даюць магчымасць ім самім папрацаваць з камп’ютарнымі мадэлямі, вывучыць залежнасці, устанавіць заканамернасці і г.д. Аднак падобных распрацовак па матэматыцы, якія магчыма было б прымяніць на рэальным уроку, вельмі мала (а рускамоўных тым больш), таму і ўзнікла неабходнасць у стварэнні аўтарскіх ЭАР, — расказвае Юлія Леанідаўна.

Сярод мэт распрацоўкі — візуалізацыя навучання матэматыцы, прыцягненне навучэнцаў у пазнавальную дзейнасць, павышэнне матывацыі да прадмета, а таксама павышэнне якасці адукацыі сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Пошук сродкаў, з дапамогай якіх можна будаваць наглядныя мадэлі, візуалізаваць матэматычныя законы, прывёў настаўніцу да праграмы Geogebra. Гэтая праграма бясплатная, існуе яе партатыўная версія. Яна змяшчае ў сабе багатыя магчымасці па рабоце з функцыямі і графікамі, з яе дапамогай можна вывучаць шматлікія тэмы як па геаметрыі (“Паралельныя прамыя”, “Парабала”, “Тэарэма Піфагора”, “Тэарэма сінусаў” і інш.), так і па алгебры (“Задачы на рух”, “Дробы” і інш.). Гатовыя шаблоны і рабочыя лісты размяшчаюцца на вэб-рэсурсах і да іх адкрываецца доступ карыстальнікам. Працаваць з мадэлямі можна на камп’ютары, планшэце і смартфоне. Для гэтага дастаткова падключыцца да інтэрнэту, адкрыць любы браўзер, зайсці на вэб-рэсурс.

У мінулым годзе Ю.Л.Малюгіна працавала з шасцікласнікамі, таму асноўны матэрыял распрацоўкі быў прысвечаны тэмам гэтага курса.

— Многія мадэлі можна мяняць, пераварочваць. Напрыклад, можна на практыцы праверыць, што сума вуглоў трохвугольніка роўная 180 градусаў пры любых значэннях вуглоў трохвугольніка. Зачапіўшы любую вяршыню мадэлі, мы мяняем вуглы трохвугольніка. Пры гэтым побач відаць, як мяняюцца лікавыя даныя для значэнняў градусных мер вуглоў. Але пры гэтым сума, якая лічыцца аўтаматычна, застаецца пастаяннай. Ці гэтак жа на практыцы можна праверыць сцвярджэнне, што накрыж ляжачыя вуглы, утвораныя пры перасячэнні дзвюх паралельных прамых сякучай, роўныя. Мяняем значэнні вуглоў, аўтаматычна лічацца іх градусныя меры, але захоўваецца іх роўнасць. Можна паглядзець, як мяняецца графік адваротнай прапарцыянальнасці, калі мяняюцца значэнні каэфіцыентаў, — тлумачыць Юлія Леанідаўна.

Педагог прапаноўвае вучням з дапамогай рэсурсу выканаць і шэраг практычных работ. Напрыклад, патрэніравацца вымяраць вуглы транспарцірам. Сам транспарцір можна перамяшчаць, каб знайсці правільнае становішча, якое неабходна для вымярэння вуглоў. Пры гэтым не даводзіцца раздрукоўваць кожнаму вучню вымераныя вуглы. А за кошт інтэрактыўнасці захоўваецца цікавасць да прадмета.

Навучэнцы настаўніцы на практыцы знаёмяцца, што адбываецца пры складанні дробаў. Дробы прадстаўлены не толькі ў звычным запісе, але і з дапамогай нагляднай мадэлі. Мяняючы значэнні лічбаў, выявы значэння лічніка і назоўніка, аўтаматычна мяняюцца наглядная мадэль і вынік.

— Лічу, што падобныя мадэлі не толькі дазваляюць навучэнцам яскрава ўяўляць сабе матэматычныя законы і разумець іх, але і эканомяць час работы. Да таго ж вучні ў выпадку неабходнасці могуць звярнуцца да рэсурсу дома.

Праграма Geogebra адкрывае шырокія магчымасці перад настаўнікамі ў павышэнні нагляднасці і візуалізацыі. І работа Юліі Леанідаўны ў гэтым напрамку працягваецца. Сёлета скарбонка электроннага адукацыйнага рэсурсу папаўняецца заданнямі для 7—9 класаў.

Проста аб складаным

Дыпломам І ступені конкурсу адзначаны дыстанцыйны анлайн-курс для педагогаў “Візуалізацыя. Інтэрактыўнае відэа” настаўніцы пачатковых класаў Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна Святланы Антонаўны ХАНЬКО.

Святлана Антонаўна ў конкурсным руху не навічок. Прадстаўлены дыстанцыйны курс ужо чацвёрты па ліку: педагогам былі распрацаваны анлайн-курсы “Хачу ўсё ведаць!” (для навучэнцаў пачатковых класаў), “Школа “Інтэлект” (для адораных вучняў), “Школа ХХІ стагоддзя” (дыстанцыйны майстар-клас па вывучэнні сэрвісаў Web 2.0 для неабыякавых крэатыўных настаўнікаў і дапытлівых творчых школьнікаў). Сёлетняя распрацоўка нарадзілася пасля праходжання С.А.Ханько курсаў дыстанцыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі педагогаў “Маршрут у будучыню” Нацыянальнага таварыства тэхналогій у адукацыі па розных напрамках: вучэбны дызайн, вучэбная аналітыка, лічбавае ўзаемадзеянне, лічбавае грамадства, бесперапыннае саманавучанне і інш.

— “Візуалізацыя” — не проста прыгожае слова. Візуалізуючы інфармацыю, мы робім яе больш нагляднай, цікавай, а галоўнае, больш даступнай для разумення. Візуалізацыя — мастацтва гаварыць проста аб складаным. Уменне незвычайна і па-новаму прадстаўляць інфармацыю спатрэбіцца ў рабоце і педагогам, і бібліятэкарам, — тлумачыць Святлана Антонаўна. — Распрацоўваючы гэты курс, мне хацелася паказаць, што навучыцца ствараць інтэрактыўныя плакаты, інфаграфіку і аніміраванае відэа зусім нескладана. І з гэтым могуць справіцца педагогі-“неінфарматыкі”.

Дыстанцыйны курс разлічаны на 18 гадзін і складаецца з трох частак (на конкурс былі прадстаўлены дзве з іх): першая — “Візуалізацыя як спосаб вучэбна-пазнавальных і лічбавых кампетэнцый”, другая — “Інтэрактыўнае відэа”, а трэцяя накіравана на стварэнне віртуальных экскурсій, 3D-фотаздымкаў і зараз знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. Кожная з частак утрымлівае па тры модулі: інтэрактыўны плакат, інфаграфіка, аніміраванае відэа (у першай частцы) і відэа з анатацыямі, тлумачэннямі і спасылкамі; відэа з апытаннямі і заданнямі; відэа з магчымасцю выбару сюжэта (у другой частцы). Падчас навучання слухачы курсаў знаёмяцца з рознымі анлайн-інструментамі для візуалізацыі інфармацыі, вучацца ствараць з дапамогай сэрвісаў Web 2.0 інтэрактыўныя плакаты, інфаграфіку і аніміраваныя відэаролікі. Так, напрыклад, для стварэння інтэрактыўных плакатаў прапаноўваюцца сэрвісы Genial.ly, H5P, для інфаграфікі — Easel.ly, Venngage, для аніміраванага відэа — Biteable, PowToon.

Анлайн-курс з’яўляецца асінхронным. Слухачы самастойна рэгулююць свой рух па матэрыяле, вывучаючы вучэбныя тэмы і выконваючы практычныя заданні. Прычым яны выконваюць заданні ў свабодным рэжыме (у любы час). Для атрымання заліку па курсе і сертыфіката неабходна выканаць усе практычныя заданні. За прасоўваннем у курсе можна прасачыць у дарожнай карце. Для тых, хто хоча выканаць больш складаныя заданні, прапаноўваюцца дадатковыя матэрыялы.

Па словах Святланы Антонаўны, да патэнцыяльных слухачоў прад’яўляецца шэраг патрабаванняў. Па-першае, жаданне вучыцца, арганізаванасць і самастойнасць, магчымасць працаваць да 2—3 гадзін у тыдзень. Па-другое, простыя карыстальніцкія навыкі: умець адкрыць і захаваць файл, працаваць з офіснымі дадаткамі па наборы тэксту, карыстацца інтэрнэтам і мець адрас электроннай пошты gmail.com. Па-трэцяе, тэхнічныя магчымасці: наяўнасць падключэння да інтэрнэту, браўзер Google Сhrom і наяўнасць прылады для запісу гуку (мікрафон, мабільны тэлефон).

Дыстанцыйны курс запускаўся 3 разы, навучанне па ім прайшлі 116 педагогаў, якія пакінулі аб курсе станоўчыя водзывы. А таму ў С.А.Ханько ўзнікла новая задумка — распрацаваць дыстанцыйны курс навучання педагогаў функцыянальнай дасведчанасці.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.