Для падрыхтоўкі настаўнікаў-пачаткоўцаў — кампетэнтнасны падыход

Як забяспечыць педагагічную падтрымку дзіцяці? Як стварыць для малодшага школьніка камфортнае і бяспечнае адукацыйнае асяроддзе? Як падрыхтаваць настаўніка для сучаснай школы? Якія кампетэнцыі неабходна развіваць у студэнтаў, будучых настаўнікаў пачатковых класаў? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі разгледжаны на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Пачатковая адукацыя ў сучасных сацыякультурных умовах”, якая прайшла ў БДПУ імя Максіма Танка ў рамках навуковага сімпозіума “Бесперапынная педагагічная адукацыя — гарант будучыні”. Канферэнцыя аб’яднала больш за 100 навукоўцаў, метадыстаў, выкладчыкаў, педагогаў-практыкаў, маладых даследчыкаў з 7 краін — Беларусі, Расіі, Латвіі, Малдовы, Казахстана, Узбекістана, Украіны.

Прарэктар па навуковай рабоце БДПУ імя Максіма Танка Ганна Торхава, адкрываючы канферэнцыю, падкрэсліла важнасць пачатковай адукацыі як гаранта далейшай сацыяльнай паспяховасці чалавека і ўстойлівага развіцця грамад­ства. “Канструктыўны міжнародны дыялог дазваляе вызначыцца ў асноўных напрамках удасканалення пачатковай адукацыі. Спадзяюся, далейшае развіццё гэтага су­працоўніцтва знойдзе сваё адлюстраванне ў канкрэтных навуковых і сацыяльна-адукацыйных праектах”, — адзначыла Г.Торхава.

— Кампетэнтнасны падыход як новая адукацыйная парадыгма вызначае метадалогію праектавання і арганізацыю адукацыйнага працэсу на ўсіх ступенях атрымання адукацыі, уключаючы І ступень навучання. А гэта прад’яўляе і асаблівыя патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі настаўніка пачатковых класаў, — падкрэсліла дэкан факультэта пачатковай адукацыі Наталля Ждановіч, расказваючы пра асноўныя тэндэнцыі ў падрыхтоўцы будучых настаўнікаў-пачаткоўцаў. — Сучасны настаўнік — гэта чалавек, які ідзе ў нагу з часам, які пастаянна вучыцца сам і матывуе да гэтага сваіх вучняў, асабліва калі гэта настаўнік пачатковых класаў. Менавіта першы настаўнік аказвае вялікі ўплыў на фарміраванне асобы малодшага школьніка. Таму задача педагагічнай УВА — вырасціць асобасна сталага педагога, які здольны эфектыўна ўзаемадзейнічаць з сучаснымі дзецьмі пакалення Z і які ўмее лёгка адаптавац­ца да хутка зменлівага свету.

Фарміраванне прафесійных кампетэнцый выступае неабходнай умовай якасці адукацыі і падрыхтоўкі канкурэнтаздольнага спецыяліста. Сучасны соцыум шматгранны, немагчыма раз і назаўсёды атрымаць пэўныя навыкі для педагагічнай дзейнасці, таму падрыхтоўку спецыялістаў для сістэмы адукацыі неабходна будаваць на такіх пазіцыях, як міждысцыплінар­насць, бінар­насць, узбагачэнне адукацыйнага асяроддзя праз прафесійна-накіраваную пазааўдыторную дзейнасць студэнтаў, якая прызвана забяспечваць фарміраванне вопыту творчай дзейнасці ў спалучэнні з каштоўнаснымі арыентацыямі.

Як адзначалася, менавіта асяроддзе павінна садзейнічаць праяўленню актыўнасці студэнтаў у асобасна-прафесійным самаразвіцці. Гэта дасягаецца шляхам выкарыстання інтэрактыўных форм і метадаў навучання: камунікатыўных, гульнявых, кейс-тэхналогій, а таксама прыцягнення студэнтаў у пазавучэбны час да сацыяльна-значных работ. “Назіранні паказваюць, што толькі навучанне ў дзеянні здольна змяніць адносіны студэнта да адукацыйнага працэсу. Найбольш эфектыўным сродкам такога навучання з’яўляецца праектная дзейнасць, якая дазваляе будучаму педагогу павысіць унутраную матывацыю, навучыцца працаваць самастойна і ў камандзе, прагназаваць вынік і аналізаваць свае рашэнні па дасягненні агульнай мэты. Гэта і ёсць тыя кампетэнцыі, якія не вызначаюцца межамі пэўнага прадмета ці пэўнай галіны, яны — універсальныя, і будуць запатрабаваны ў любой сферы чалавечай дзейнасці. Менавіта работа ў праектах падштурхоўвае студэнтаў да пошуку новых форм прадстаўлення вынікаў сваёй дзейнасці. Інтэграцыя звестак з розных галін ведаў  садзейнічае набыццю вопыту індывідуальнай і калектыўнай пазнавальнай дзейнасці, развівае крэатыўнасць і творчыя здольнасці”, — заў­важыла Наталля Ждановіч.

Мнагапрофільнасць падрыхтоўкі настаўніка пачатковых класаў дазваляе распрацоўваць як лакальныя праекты ў пэўным напрамку (эстэтычным, псіхолага-педагагічным і г.д.), так і міждысцыплінарныя. На факультэце пачатковай адукацыі БДПУ рэалізоўваецца шэраг такіх праектаў, напрыклад, “Музыка ў фарбах” (накіраваны на асваенне мастацкага спосабу пазнання свету і развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў), “Медыяадукацыя для дзяцей” (работа з дзецьмі ў эфіры дазваляе студэнтам у комплексе прымяняць веды па самых розных галінах педагогікі, псіхалогіі, методыкі, а таксама рэалізоўваць выхаваўчы і развіццёвы аспект тэматычных заняткаў), “Ад культуры чытання да культуры асобы” (звязаны з распрацоўкай і правядзеннем нестандартных урокаў пазакласнага чытання на рускай, беларускай і замежных мовах ва ўстановах адукацыі, бібліятэках, музеях). Новы міждысцыплінарны праект “Прыгоды ў шахматнай краіне”, звязаны з распрацоўкай і правядзеннем тэматычных мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю шахмат і развіццё логікі і аналітычнага мыслення дзяцей.

У межах факультэта развіваюцца напрамкі, якія з’яўляюцца актуальнымі ў сучасным свеце. У сувязі з павелічэннем колькасці навучэнцаў з іншых краін новым вектарам прафесійнай падрыхтоўкі становіцца полікультурнае выхаванне студэн­таў. Задача факультэта — падрыхта­ваць іх для дыялогу, узаемадзеяння з людзьмі іншых культур і моў. Тым больш што студэнты могуць з’яўляцца ўдзельнікамі праграм акадэмічнай мабільнасці (напрыклад, “Эразмус+”). Студэнты факультэта пачатковай адукацыі ўжо два гады запар з’яўляюцца ўдзельнікамі праграм па супрацоўніцтве з універсітэтамі Аўстрыі і Іспаніі. У інтэрнацыянальных групах студэнты вучацца на працягу семестра, а таксама ў межах навучання працуюць з дзецьмі з інтэрна­цыянальных класаў.

Сёлета факультэт прыступіў да рэалізацыі яшчэ аднаго спартыўна-адукацыйнага праекта “Шахматны дэбют”, які аб’яднаў БДПУ і Беларускую федэрацыю шахмат. У сучасным свеце развіццё крытычнага мыслення становіцца прыярытэтным напрамкам працэсаў пазнання, таму ўвядзенне факультатыву па шахматах для будучых настаўнікаў пачатковых класаў з’яўляецца яшчэ адным водгукам на выклік часу.

Яшчэ адным сусветным трэндам становіцца праграмаванне і  робататэхніка, таму і будучы настаўнік пачатковых класаў павінен быць падрыхтаваны да работы ў гэтым напрамку на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Каб ісці ў нагу з часам, з 2018 года ў вучэбнах планах факультэта пачатковай адукацыі з’явіўся факультатыў “Асновы візуальнага праграмавання і адукацыйная робататэхніка”. “Мы не рыхтуем праграмістаў, а пашыраем кола магчымасцей настаўнікаў пачатковых класаў для таго, каб у сваёй прафесійнай дзейнасці яны змаглі вырашаць тыя прафесійныя задачы, якія звязаны з развіццём у малодшых школьнікаў лагічнага алгарытмічнага мыслення, творчых і інжынерных здольнасцей”, — падкрэсліла Наталля Ждановіч.

На пытаннях падрыхтоўкі студэнтаў да выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў у адукацыйным працэсе засяродзіла ўвагу прафесар кафедры моўнай і літаратурнай адукацыі дзіцяці Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І.Герцэна Ларыса Савельева. “Мы павінны лічыцца з тым, што новае пакаленне — гэта лічбавыя абарыгены, і сучасны настаўнік павінен быць гатовы да выкарыстання розных сродкаў навучання, у тым ліку электронных адукацыйных рэсурсаў”, — заўважыла яна. 

Падчас вучобы расійскія студэнты выконваюць заданні, звязаныя з аналізам рэсурсаў, метадычны патэнцыял якіх залежыць ад тыпу і віду рэсурсу, яго дыдактычных асаблівасцей, ад дыяпазону зместу, ад віду работы на ўроку; складаннем анатуемага пераліку парталаў, на якіх размешчаны афіцыйныя электронныя адукацыйныя рэсурсы; вучацца распрацоўваць фрагменты і канспекты ўрокаў з ЭАР. Цікава прахо­дзіць ролевая гульня “Дыялог з метадыстам”, дзе студэнты выступаюць у дзвюх іпастасях: спачатку ў ролі настаўніка, які павінен абгрунтаваць прымяненне канкрэтных рэсурсаў на сваім уроку, а потым — у ролі метадыста.

Адным з актуальных напрамкаў падрыхтоўкі спецыялістаў з’яўляецца фарміраванне лідарскіх якасцей педагога, якія не толькі забяспечваюць яго прафесійны рост, але і персаніфікуюць навучанне, нада­юць  практычную накіраванасць адукацыйнаму працэсу, прадастаўляючы магчымасць самарэалізавацца. І вельмі важна, калі студэнты з’яўляюцца не толькі ўдзельнікамі пэўных мерапрыемстваў, а і іх арганізатарамі.

Аб важнасці сацыяльнага інтэлекту і фарміраванні soft skills малодшых школьнікаў расказала дэкан педагагічнага факультэта Дзяржаўнага сацыяльна-гуманітарнага ўніверсітэта Аксана Шырокіх. Па яе словах, доўгі час асноўным кампанентам падрыхтоўкі педагога лічыліся прадметныя веды. І хоць зараз яны засталіся ядром падрыхтоўкі спецыяліста, аднак сёння ўпор робіцца на неабходнасці ўзмацнення эмацыянальна-каштоўнаснага кампанента, які абапіраецца на асобасныя ўстаноўкі: гнуткасць мыслення, хуткае рэагаванне, уменне адаптавацца, умець быць лідарам, праяўляць ініцыятыву. Сёння гэта становіцца больш значным і вызначае эфектыўнасць чалавека ў сучасным свеце.

— У нашай пачатковай школе не так даўно сталі разглядаць такія тэрміны, як камунікатыўная кампетэнтнасць і сацыяльная кампетэнтнасць. Перспектывы заняткаў, вызначэнне мэты ўзаемадзеяння вучня і настаўніка, планаванне вучэбнага супрацоўніцтва, кіраванне паводзінамі партнёра, уменне задаваць пытанні, вызначаць функцыі ўдзельнікаў узаемадзеяння — гэтыя аспекты фарміравання камунікацыі могуць быць рэалізаваны на ўроку, аднак пакуль што застаюцца без асаблівай увагі. Само паняцце камунікатыўнай кампетэнцыі неправамерна звужаць толькі да ў­зроўню авалодання правільным маўленнем і ўмення працаваць з тэкстам падручніка.  У выніку перспектыву найбліжэйшых гадоў складуць даследаванні аксіялагічных і інтэрактыўных кампанентаў камунікацыі, а таксама метадаў, прыёмаў, сродкаў фарміравання камунікатыўных універсальных вучэбных дзеянняў на ўроках у пачатковай школе і асаблівасці фарміравання сацыяльнага інтэлекту малодшых школьнікаў, — лічыць Аксана Шырокіх. 

Праблеме выкарыстання розных форм сумеснай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў пры вучэбным мадэляванні было прысвечана выступленне дацэнта кафедры прыродазнаўчанавуковых дысцыплін БДПУ імя Максіма Танка Марыі Урбан. Яна прадставіла вынікі даследавання залежнасці паміж папулярнымі формамі ўзаемадзеяння і засваеннем вучэбнага матэрыялу. Існуе разрыў паміж тым, што тэарэтычна прадстаўляюць настаўнікі і што яны выкарыстоўваюць на практыцы. Так, часцей за ўсё пры тлумачэнні новага ці складанага матэрыялу педагогі выкарыстоўваюць франтальны паказ вучэбнай мадэлі без падключэння навучэнцаў альбо дэманстрацыя мадэлі  суправаджаецца гутаркай настаўніка з вучнем, хаця эксперыментальна пацверджана эфектыўнасць форм работы, дзе настаўнік і вучань разам будуюць вучэбныя мадэлі, а таксама формы работы, калі вучні самастойна выконваюць работу (з суправаджэннем настаўніка). У аснове гэтай супярэчнасці ляжыць унутраны канфлікт метадычных мэт з блізкім і далёкім часавым гарызонтам. Запамінанне матэрыялу ў перспектыве і пазнавальнае развіццё асобы — гэта мэта з доўгатэрміновай арыентацыяй, а засваенне матэрыялу на ўроку  — гэта мэта, якую можна забяспе­чыць ужо зараз. І пры канфлікце гэтых мэт, як правіла, перамагае мэта з кароткім часавым гарызонтам. Чаму настаўнікі выбіраюць гэтыя мэты? Адказы былі розныя, але часцей за ўсё гучалі наступныя: залішні кантроль за работай настаўніка, цяжкасці з індывідуальным майстэрствам, зручная пасіўная пазіцыя навучэнцаў і г.д.


Яшчэ адным значным мерапрыемствам канферэнцыі стала работа дыскусійнай пляцоўкі  “Развіццё чытацкай самастойнасці малодшых школьнікаў”. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў былі наступныя пытанні: “Як прывіць дзіцяці цікавасць да чытання?”, “Якія прыёмы можна выкарыстоўваць для прыцягнення дзіцяці да чытання кнігі?”, “Якія кніжныя навінкі можна рэкамендаваць дзецям?”. Сваім меркаваннем падзяліліся першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, дзіцячы пісьменнік Кацярына Хадасевіч-Лісавая, загадчык сектара аддзела абслугоўвання Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М.Астроўскага Вольга Красілевіч. Дыскусія аб’яднала навукоўцаў і педагогаў-практыкаў, будучых настаўнікаў пачатковых класаў і навучэнцаў педагагічных класаў.

У межах канферэнцыі былі праведзены тры майстар-класы: “Метадычны патэнцыял электронных адукацыйных рэсурсаў па рускай мове для пачатковай школы “ (Ларыса Савельева, РДПУ імя А.І.Герцэна), “Лічбавая трансфармацыя: STEAM у адукацыйнай практыцы” (Інга Ціханавецкая, сярэдняя школа № 111 Мінска), “Праектаванне інтэрактыўных заданняў па літаратурным чытанні” (Любоў Сардалішвілі, сярэдняя школа № 94 Мінска).

Работа канферэнцыі працягнулася на секцыях “Удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў”, “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзіцяці ў адукацыйным працэсе”, “Кампетэнтнасны падыход як аснова мадэрнізацыі пачатковай адукацыі”. Педагогі і студэн­ты факультэта, навучэнцы педагагічнага класа Сноўскай сярэдняй школы арганізавалі работу маладзёжнай секцыі “Моладзь у навуцы” ў фармаце Open Space.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, удзель­нікі адзначылі, што сучасная сацыякультурная сітуацыя прад’яўляе асаблівыя патрабаванні да падрыхтоўкі настаўніка пачатковых класаў і значна трансфармуе метады і змест навучання ў пачатковай школе. Пад уздзеяннем працэсаў глабалізацыі і інтэграцыі мяняюцца патрабаванні да фарміравання кампетэнцый спецыялістаў. Высокая дынамічнасць зместу пачатковай адукацыі і ўмоў прафесійнай педагагічнай дзейнасці забяспечваецца ў сітуацыі, якая склалася, якаснымі зменамі адукацыйнага асяроддзя. Гэтыя тэндэнцыі збліжаюць адукацыйныя сістэмы розных краін і слу­жаць арыенцірам для іх мадэрнізацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.