Для падвядзення вынікаў — адкрытая экспертыза

У канцы мінулага тыдня на базе гімназіі № 6 Маладзечна прайшла адкрытая экспертыза вынікаў укаранення эксперыментальных, інавацыйных і педагагічных праектаў ва ўстановах адукацыі Маладзечанскага раёна, тэрмін рэалізацыі якіх завяршыўся ў гэтым навучальным годзе. У цэнтры ўвагі быў практычны выхад кожнага інавацыйнага праекта. Удзельнікі адкрытай экспертызы (прадстаўнікі 9 устаноў адукацыі Маладзечна) прадстаўлялі доказы выніковасці і эфектыўнасці рэалізаванай мадэлі, дзейснасць механізма адаптацыі новых ідэй у сваёй установе, а таксама расказвалі пра ўсё новае, што з’явілася ў іх падчас рэалізацыі праекта.

Як адзначыла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Клаўдзія Іванаўна Перхаровіч, пераход установы ў інавацыйны рэжым цягне за сабой неабходнасць стварэння механізмаў, якія забяспечваюць ацэнку эфектыўнасці і перспектыўнасці працэсаў, што адбываюцца. Працэсы накіраваны на павышэнне якасці адукацыі і вядуць да значных змен. Адным з ключавых рычагоў з’яўляецца механізм ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці ўстановы адукацыі, якая функ­цыянуе ў інавацыйным рэжыме, якасць адукацыі выпускнікоў установы.

А якасць адукацыі напрамую залежыць ад інавацый. Педагогі, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі інавацыйных праектаў, — гэта своеасаблівы лакаматыў сучаснай школы. Інавацыі — рухавік прагрэсу. Адкрытая экспертыза яшчэ раз пацвердзіла гэта. Прадстаўленая панарама інавацыйнага вопыту ўразіла градусам эфектыўнасці.

У яслях-садзе № 26 Маладзечна рэалізавалі інавацыйны праект “Карпаратыўны кодэкс як інструмент кіравання арганізацыйнай культурай установы даш­кольнай адукацыі”. Выхавальніца дашкольнай установы ўдзельніца праекта Алена Віктараўна Мартынава агучыла прадукты педагагічнага праекта.

У дзіцячым садзе распрацавалі праграму адаптацыі новага супрацоўніка ўстановы дашкольнай адукацыі, апісалі стандарты паводзін супрацоўнікаў, правялі больш за 10 карпаратыўных мерапрыемстваў, распрацавалі цыклы семінараў на аснове кейс-тэхналогіі для навучання супрацоўнікаў, распрацавалі эмблему сваёй установы і карпаратыўны кодэкс. “У выніку мы стварылі здаровую, рабочую атмасферу, павысілі выніковасць працы, узмацнілі карпаратыўны дух”, — рэзюмавала Алена Віктараўна.

У сярэдняй школе № 1 Маладзечна імя Янкі Купалы рэалізавалі  інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці вучняў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння”.

Распрацоўшчык і кіраўнік праекта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мая Анатольеўна Феўралёва адзначыла, што яны падчас рэалізацыі праекта зрабілі ўпор на выкарыстанне інтэрнэт-сэрвісаў (сеткавае анлайн-узаемадзеянне) у адукацыйным працэсе па літаратуры, што паспрыяла стварэнню ўмоў для фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў.

“Сутнасць інавацыі заключаецца ў актыўным ўключэнні актуальных для навучэнцаў відаў дзейнасці, звыклых для іх штодзённай камп’ютарнай практыкі (сацыяльныя сеткі, гіперспасылкі, каментарыі, чаты, постары, буктрэйлеры), у адукацыйны працэс па літаратуры. Мы выкарыстоўвалі (і працягваем гэта рабіць) сацыяльныя сеткі. Віртуальныя вучэбна-выхаваўчыя зносіны з вучнямі далі эфект. Працэнт чытаючых дзяцей павысіўся. Акрамя таго, мы стварылі банк электронных адукацыйных рэсурсаў па беларускай і рускай літаратурах”, — падзялілася Мая Анатольеўна.

Такі ж праект рэалізавалі і ў гімназіі № 10 Маладзечна, вучні якой сталі не проста чытаць, але і ўдзельнічаць у розных чытацкіх конкурсах. У прыватнасці, яны былі ўдзельнікамі анлайн-алімпіяды “Чытач +”, бралі ўдзел у конкурсах па стварэнні буктрэйлераў, у вэб-квестах, сеткавых праектах, анлайн-акцыях, літаратурных квілтах. Прымалі ўдзел у міжнародных конкурсах, анлайн-турнірах, дыстанцыйных алімпіядах, накіраваных на фарміраванне чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў.

Дзве ўстановы падзяліліся сваім вопытам у рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізма павышэння якасці адукацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”: гімназія № 6 і сярэдняя школа № 11 Маладзечна. І намеснік дырэктара гімназіі па вучэбна-метадычнай рабоце Алена Яўгенаўна Янкоўская, і настаўніца французскай мовы сярэдняй школы Галіна Пятроўна Пішчык гаварылі пра складанасці, з якімі сутыкнуліся падчас рэалізацыі праекта.

Найперш гаворка ішла пра метадычную падрыхтоўку педагогаў. Каб правесці перавернуты ўрок, настаўніку неабходна правесці маштабную падрыхтоўчую работу. Таму каб павысіць метадычную дасведчанасць, педагогі гімназіі і школы ўдзельнічалі ў вялікай колькасці семінараў і майстар-класаў.

“Сутнасць праблемы, якая вырашаецца ў працэсе рэалізацыі інавацыйнага праекта, — у выкарыстанні эфектыўных сродкаў і спосабаў арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў. Настаўнік разам з навучэнцамі выбудоўвае індывідуальныя адукацыйныя траекторыі як на ўроку, так і па-за яго межамі; арганізуе розныя віды дзейнасці з выкарыстаннем інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў, у тым ліку сеткі інтэрнэт; каардынуе дзейнасць навучэнцаў як вочна, так і дыстанцыйна ва ўмовах інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі. Тэарэтычнай асновай перавернутага навучання з’яўляецца тэорыя вучэбнай дзейнасці”, — адзначыла Галіна Пятроўна Пішчык.

За час рэалізацыі праекта (2016—2019 гады) і ў 11-й школе, і ў гімназіі № 6 назапасілі багатую метадычную скарбонку. Перш за ўсё гэта планы-канспекты перавернутых урокаў, уласныя старонкі (блогі) у інтэрнэце, на якіх размяшчаюцца неабходныя матэрыялы да вучэбных заняткаў.

У 11-й школе, напрыклад, сярод прадуктаў інавацыйнай дзейнасці педагогаў можна вылучыць пакет дыягнастычных матэрыялаў для адсочвання канчатковых вынікаў навучання “Дыягнастычны інструментарый”; тэзаўрус (у дапамогу педагогам); заканчваецца работа па стварэнні метадычных рэкамендацый для шырокага выкарыстання мадэлі перавертутага ўрока.

Намеснік дырэктара па метадычнай рабоце сярэдняй школы № 9 Маладзечна Ала Мікалаеўна Брылеўская, падводзячы вынікі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічных кампетэнцый бацькоў (законных прадстаўнікоў)”, адзначыла, што школа можа аказаць рэальную дапамогу бацькам (законным прадстаўнікам) у выхаванні дзіцяці. І даказала гэта на прыкладзе сваёй навучальнай установы, дзе паспяхова дзейнічае бацькоўская школа “Роўны навучае роўнага”, працуе творчая галерэя “Сям’я вачыма дзяцей”, былі праведзены майстар-класы “Як арганізаваць адпачынак”, “Як дапамагчы дзіцяці вучыцца”, “Як наву­чыць дзіця чытаць”, вучэбныя заняткі для баць­коў “Дапамога дзецям у падрыхтоўцы дамашняга задання”, “Дзеці і віртуальны свет”, вучэбна-ролевая гульня “Вернісаж прафесій”.

У выніку бацькі атрымалі магчымасць выйсці на новы ўзровень зносін з уласнымі дзецьмі, даведаліся пра шляхі аднаўлення бацькоўскага аўтарытэту, атрымалі стымул да самаўдасканалення, псіхолага-педагагічную падтрымку, новыя магчымасці для далейшай самарэалізацыі, пачуццё сацыяльнай значнасці і паляпшэнне мікраклімату ў сям’і. 

У сярэдняй школе № 12 Мала­дзечна завяршыўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэфлексіўнай дыягностыкі прафесійнай дзейнасці як сродку праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі педагога”. Асноўная ідэя інавацыйнага праекта заключаецца ў працэсе бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагогаў, арганізаванай у межах сістэмы мэтанакіраванай метадычнай дзейнасці ўстановы адукацыі. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Пятроўна Вашкевіч справядліва заўважыла, што рэфлексія педагога накіравана на рэфлексію вучня.

А інавацыйную дзейнасць у межах праекта можна ахарактарызаваць з дапамогай слоў Даніэля Рыўса: “Калі педагогі займаюцца сістэматычным наглядам і даследаваннем сваёй прафесійнай дзейнасці, а таксама сочаць за ступенню ўплыву педагагічных тэхнік на ўзровень дасягненняў вучняў, то вынікі гэтага рэфлексіўнага аналізу ў канчатковым выглядзе ператвараюць працэдуру педагагічнай справаздачнасці з вельмі бесталковага занятку ў канструктыўную, стваральную сілу, якая паляпшае якасць адукацыі ў цэлым”.

“Укараненне мадэлі арганізацыйна-педагагічных умоў фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў” — так гучыць тэма інавацыйнага праекта, які рэалізавалі ў гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна. Кіраўнік праекта намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Максім Уладзіміравіч Міхайлаў патлумачыў: “Асноўная ідэя праекта заключаецца ў тым, што неабходнай умовай фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў з’яўляецца дзейнасць па арганізацыі ключавых практык, якія дапамагаюць ім асвоіць спосабы сваёй актыўнасці (грамадзянскай, сацыяльнай, агульначалавечай), накіраваных на пераадоленне актуальных праблем.

У залежнасці ад прыярытэтных сфер праяўлення актыўнасці дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца на розных этапах школьнага жыцця, можна вылучыць наступныя ключавыя практыкі:

“Я — я” — чалавека, які прымае слова “трэба” (1—4 класы). Нормы сацыяльна-культурнага жыцця ў гэтым узросце асвойваюцца, засвойваюцца і прысвойваюцца. У пачатковай школе закладваецца аснова самастойных дзеянняў і ўчынкаў, якія накіроўваюць асобу.

“Я — веды” — чалавека, які ўмее знайсці сродкі для вырашэння пастаўленых задач (5 клас). Многія дзеці вельмі хочуць вучыцца, але гэтага недастаткова, трэба яшчэ і ўмець вучыцца.

“Я — дзейнасць” — дзеяча, які ўмее вызначаць свае мэты і вырашаць пастаўленыя перад сабой задачы (6—7 класы).

“Я — іншыя людзі” — партнёра, які працуе ў камандзе (8—9 класы).

“Я — соцыум” — стратэга, прадпрымальніка, менеджара і арганізатара змен (10—11 класы).

Ва ўмовах установы агульнай сярэдняй адукацыі арганізацыя ключавых практык навучэнцаў становіцца сістэмнай умовай фарміравання імі сваіх ключавых кампетэнцый як агентаў перамен”.

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 7 Мала­дзечна Наталля Уладзіміраўна Касьянава азнаёміла з вынікамі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Вынікам інавацыйнай дзейнасці стала стварэнне аўтарскіх метадычных дапаможнікаў для дзяцей.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.