Для пакалення Z — дзейнасны падыход

- 15:02Якасць адукацыі

На базе сярэдняй школы № 13 Жлобіна прайшоў абласны семінар “Сістэмны падыход да арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання з мэтай арыентацыі навучэнцаў на педагагічныя спецыяльнасці”. Школа трэці год апрабуе эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі па гэтай тэматыцы, куратарам якога з’яўляецца БДПУ імя Максіма Танка. На семінары педагагічны калектыў школы падзяліўся напрацоўкамі па гэтым напрамку.

Фота да матэрыялу: Для пакалення Z — дзейнасны падыход.У якасці ганаровых гасцей прысутнічалі начальнік вучэбна-метадычнага аддзела кіруючых кадраў і інавацыйнай дзейнасці Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Н.Д.Пракопчык і метадыст Ж.М.Шыдлоўская, загадчыца РВМК Жлобінскага аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Чуйко. На семінар прыехалі намеснікі дырэктара, педагогі-псіхолагі і настаўнікі з 27 устаноў адукацыі Гомельшчыны.

Перад пачаткам тэарэтычнага блока семінара-практыкуму ўдзельнікі маглі азнаёміцца з выставай “Хачу ў педагогі”, дзе былі прадстаўлены партфоліа “Я — педагог”, даследчыя праекты, калажы, выкананыя навучэнцамі педагагічных груп, фотасправаздачы і матэрыялы дзейнасці валанцёрскіх педагагічных атрадаў. Навучэнцы педагагічнай групы Марыя Палячок і Віялета Шаўчук прадставілі стэндавы даклад “Наша школа ў педагогіцы Рэспублікі Беларусь”. Гэта асаблівы праект для дзяцей. Асабістыя размовы з настаўнікамі, інтэрв’ю, знаёмства з вопытам работы, публікацыямі, наведванне майстар-класаў дазволілі ім глыбей зразумець сутнасць прафесіі. Дзеці адзначылі, што ганарацца тым, што стварылі свой летапіс школы.

Адкрываючы мерапрыемства, Н.Д.Пракопчык адзначыла неабходнасць якаснай арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. Супрацоўніцтва школы, устаноў вышэйшай адукацыі, цэнтраў прафарыентацыі, метадычных службаў створаць умовы для таго, каб у будучых педагогаў выбар быў правільным, а далейшае навучанне — усвядомленым.

Па словах дырэктара школы К.В.Гузавай, у педагагічнага калектыву школы вялікі вопыт профільнага навучання. У цяперашні час на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана профільнае навучанне па другой мадэлі і сфарміравана педагагічная група. Навучэнцы, якія займаюцца ў педагагічнай групе, у рамках вучэбных гадзін вывучаюць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Як правіла, гэта тыя прадметы, настаўнікамі якіх яны плануюць стаць у будучыні. Акрамя гэтага, навучэнцы педагагічных класаў павінны абавязкова асвоіць праграму факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію. 10—11 клас”, зацверджаную Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

— У 2016 годзе нам прапанавалі стаць эксперыментальнай пляцоўкай па апрабацыі мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.А.Ананчыкава. — Мы разумелі, што перад намі стаіць цікавая і складаная задача. Гучыць некалькі парадаксальна: перад педагогамі складаная задача па педагагічнай падрыхтоўцы навучэнцаў. Нам трэба было паглядзець на сваю прафесію звонку, зрабіць рэфлексіўны аналіз кампетэнцый педагога. Профільнае навучанне павінна спрыяць выяўленню і развіццю ў навучэнцаў неабходных якасцей асобы і каштоўнасных арыентацый, ведаў, уменняў, навыкаў, вопыту дзейнасці, звязаных з будучай прафесійнай дзейнасцю. Вывучыўшы праграму праекта, мы апынуліся перад выбарам форм і сродкаў навучання школьнікаў. Улічваючы некаторыя асаблівасці пакалення Z (нізкі ўзровень камунікатыўнай кампетэнцыі і эмацыянальнага інтэлекту, здольнасць да шматзадачнасці і патрэба ў частай змене відаў дзейнасці), на арганізацыйным сходзе членаў творчай групы было прынята рашэнне рабіць акцэнт на дзейнасным падыходзе.

У рамках рэспубліканскага эксперыментальнага праекта на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі былі арганізаваны факультатыўныя заняткі па праграме “Пазнай сябе”, “Сямейная педагогіка”, “Асновы практычнага чалавеказнаўства”, “Педагагічныя ролі настаўніка”. На трэцяй ступені навучэнцы педгрупы пачалі вывучэнне факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Каляндарна-тэматычнае планаванне абавязкова прадуглежвае практычны модуль па кожнай тэме. Цвёрдую пазіцыю тут заняло праектнае навучанне.

Наступны напрамак, які рэалізоўваюць педагогі школы, — даследчы. Вучні з вялікай цікавасцю вывучаюць той матэрыял, які яны даследуюць і якім яны захоплены.

— Усё больш паглыбляючыся ў эксперыментальны праект, мы знаходзім новыя магчымасці яго рэалізацыі. Немалаважным фактарам прывіцця павагі да прафесіі настаўніка з’яўляецца стварэнне адпаведнага адукацыйнага асяроддзя. У школе дзейнічае музей гісторыі народнай адукацыі Жлобіншчыны. Дзейнасць становіцца больш захапляючай, калі экспанатамі музея з’яўляюцца дзеючыя настаўнікі сваёй школы. Музейная педагогіка дазваляе інтэграваць магчымасці музея ў дапрофільную педагагічную падрыхтоўку, актывізаваць пошукавую і даследчую дзейнасць навучэнцаў, — падкрэсліла Алена Аляксандраўна.

Псіхолагі школ праводзілі ўваходную дыягностыку навучэнцаў і настаўнікаў, членаў творчай групы. Прааналізаваўшы вынікі, адміністрацыя школы прыняла рашэнне арганізаваць пастаянна дзеючы семінар. Мэтай стварэння ПДС з’яўляецца павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па актуальных пытаннях адукацыі. Работа з педагогамі праходзіць у актыўнай форме, былі праведзены майстар-класы, трэнінгі і педагагічныя майстэрні па тэмах “Інавацыйныя формы арганізацыі ўзаемадзеяння навучэнцаў на факультатыўных занятках па дапрофільнай падрыхтоўцы “Кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці як спосаб фарміравання метапрадметных вынікаў навучэнцаў”, “Актыўныя формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Сацыягульнявыя тэхналогіі навучання”.

Належная ўвага ў школе ўдзяляецца правядзенню педагагічных проб, таму што менавіта так можна сфарміраваць першапачатковыя прафесійныя ўменні і ўяўленне пра сябе як будучага настаўніка. Гэтая форма работы цікавая навучэнцам. Да такіх проб яны старанна рыхтуюцца разам з настаўнікам, які аказвае метадычную падтрымку і кансультацыю, і толькі пасля гэтага ідуць у клас. У якасці педагагічных проб разглядаюцца пасіўныя пробы (назіранне за дзейнасцю настаўніка згодна з картай назірання, якая папярэдне распрацоўваецца разам з настаўнкіам) і актыўныя пробы (фрагменты ўрока, урокі, класныя гадзіны, пазакласныя мерапрыемствы).

У 2018 годзе быў праведзены конкурс партфоліа “Я — педагог”. Гэтыя партфоліа падаюцца на субяседаванні пры паступленні на педспецыяльнасці. Члены творчай групы прынялі рашэнне ўвесці ў 10—11 класах заліковыя кніжкі.

Наступны напрамак дзейнасці — валанцёрскі рух. Прыярытэтнымі напрамкамі гэтай работы з’яўляецца важацкая і валанцёрская дзейнасць. На пасяджэннях атрада валанцёры рыхтуюць розныя матэрыялы па арганізацыі дзейнасці важатага, тэматычныя гульні, буклеты. Была праведзена валанцёрская акцыя “Добрае сэрца”. Вынікам сталі падарункі дзецям, якія знаходзяцца ў прытулку СППЦ.

Работа ва ўстанове праводзіцца вялікая і працаёмкая, але цікавая. Эфект ад дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі ёсць: матывуе навучэнцаў на ўсвядомлены выбар прафесіі, адаптуе іх да профільнага навучання, спрыяе асобаснаму развіццю, фарміруе павагу да працы педагога.

Педагогі школы падзяліліся практычнымі напрацоўкамі: як праектная дзейнасць спрыяе рэалізацыі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі (настаўніца гісторыі А.П.Ткачова), як музейная педагогіка ўплывае на матывацыю навучэнцаў да выбару педагагічнай прафесіі (Р.В.Дзмітрыеў), якія формы псіхолага-педагагічнага суправаджэння дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў найбольш эфектыўныя (педагог-псіхолаг Т.М.Говар).

У сваім выступленні А.П.Ткачова звярнула ўвагу на тое, што адным са спосабаў рэалізацыі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў з’яўляецца метад праектаў. Падчас праектнай дзейнасці вучань набывае даследчыя, камунікатыўныя, сацыяльныя і іншыя кампетэнцыі, якія будуць неабходны яму для паспяховай самарэалізацыі як у школе, так і ў будучым жыцці. Матэрыялы даследчых работ шырока выкарыстоўваюцца для правядзення педагагічных проб. Напрыклад, у праекце “Эмоцыі. Іх роля ў жыцці чалавека” прадстаўлены матэрыялы для розных узроставых груп. Для пачатковай школы — пытанні для гутаркі да мультфільма “Галаваломка”, для 5—6 класаў — да класнай гадзіны “Свет эмоцый”. Гэтыя распрацоўкі ляглі ў аснову правядзення конкурсу малюнкаў і эсэ “Смайлік — закадзіраваная эмоцыя”.

Вынікам праектнай дзейнасці навучэнцаў 11 класа ў гэтым годзе будзе калектыўны праект пад назвай “Настаўнік, у якога хацелася б вучыцца…”. Рэалізацыя такога віду праекта дазваляе сфарміраваць навыкі групавой работы і супрацоўніцтва па дасягненні адной мэты.

Удзельнікі з цікавасцю праслухалі “чамаданную” экскурсію “Пачатак народнай асветы на Жлобіншчыне”, якую правёў навучэнец 11 класа Артур Зуеў непасрэдна ў актавай зале. Тэма прысвечана 150-годдзю ўтварэння ў нашым горадзе і 155-гадоваму юбілею народнай адукацыі на Жлобіншчыне.

Практычная частка семінара прайшла даволі дынамічна. А.А.Ананчыкава правяла майстар-клас “Час у крузе” — інавацыйная форма ўнутрыгрупавога ўзаемадзеяння”. Былі прадэманстраваны фрагменты факультатыўных заняткаў “Майстэрства практычнага чалавеказнаўства” (настаўніца Т.Я.Гапонава), “Уводзіны ў педагагічную прафесію” (педагог-псіхолаг Т.М.Говар), заняткі аб’яднання па інтарэсах “Педагагічныя ролі” (настаўніца В.М.Чарняцова). Навучэнцы прадэманстравалі свае ўменні працаваць у камандзе, займацца праектнай дзейнасцю, наладжваць камунікацыю.

У час круглага стала прайшло абмеркаванне пытанняў, якія тычацца прафарыентацыйнай работы з навучэцнамі.

Сустрэча атрымалася жывой, цікавай, змястоўнай. Удзельнікі семінара адзначылі сістэмную работу школы, эфектыўнасць праведзенага семінара і, самае галоўнае, цеплыню зносін.

Алена АНАНЧЫКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 13 Жлобіна, настаўнік-метадыст.