Для паспяховых айцішнікаў

- 15:56Актуально, На парадку дня

Якія задачы выконвае рота інфармацыйных тэхналогій Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Падчас візіту ў гэтую навучальную ўстанову міністр адукацыі Андрэй Іванец азнаёміўся з экспазіцыяй залы ваеннай гісторыі, наведаў класы “Баграціён” і “Кіраванне боем”. Асаблівую ціка­васць кіраўніка ведамства выклікала выстава дасягненняў навуковай дзейнасці роты інфармацыйных  тэхналогій.

Начальнік Ваеннай акадэміі Генадзь Ула­дзіміравіч Ляпешка адзначыў: “Рашэнне аб стварэнні ўласнай навуковай роты вырасла з пытання, як паспяховым айцішнікам прайсці тэрміновую ваенную службу. Падчас шматлікіх нарад быў знойдзены выхад са становішча. Калі ва ўсходніх суседзяў намецілася тэндэнцыя да стварэння навуковых рот, мы прааналізавалі пытанне з улікам нашых мясцовых асаб­лівасцей і інтарэсаў усіх задзейнічаных бакоў. Стварэнне роты інфармацыйных тэхналогій дазволіла нам вырашыць мінімум дзве задачы: мы дапамаглі хлопцам са сферы ІТ выканаць свой абавязак і прайсці тэрміновую ваенную службу. У той жа час мы пераканаліся, што можам выкарыстаць у дзяржаўных інтарэсах іх высокі патэнцыял. Водзывы першых айцішнікаў, якія прайшлі тэрміновую службу, вельмі станоўчыя… Ужо многія хлопцы пасля выпуску працуюць у сістэме ваенна-прамысловага комплексу. Да нас звяртаюцца шмат арганізацый-заказчыкаў: той жа Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржкант­ролю, Дэпартамент фінансавых расследаванняў — усім сёння патрэбны якасныя праграмныя прадукты, каб аптыміза­ваць уласную дзейнасць, а нашы хлопцы якраз могуць у гэтым дапамагчы”.

Пасля брыфінгу начальніка Ваеннай акадэміі аб структуры, задачах і сістэме падрыхтоўкі ваенных кадраў слова ўзяў міністр адукацыі. Ён нагадаў прадстаўнікам установы адукацыі аб важнасці патрыятычнага выхавання моладзі і выказаў надзею на далейшае пашырэнне супрацоўніцтва з прадстаўнікамі Ваеннай акадэміі, высока ацаніўшы яе кадравы і навуковы патэнцыял.

“Мы актыўна разглядаем магчымасці больш цеснага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, бо сёння пытанні ідэалагічнай, выхаваўчай работы з нашай моладдзю выходзяць на першы план, — сказаў Андрэй Іванец. —Як вядома, Міністэрства адукацыі актыўна падтрымлівае стварэнне ваенна-патрыятычных класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Са свайго боку можам адзна­чыць вялікую цікавасць моладзі да іх дзейнасці. Яшчэ ­адзін важны аспект узаема­дзеяння — пытанне 

пад­рыхтоўкі курсантаў спецыялізаваных устаноў адукацыі сярэдняга звяна — нашых кадэцкіх вучылішчыў. Вельмі хацелася б, каб выніковасць гэтых устаноў адукацыі была яшчэ вышэйшай.

Прыемна ба­чыць, што сёння ў Ваеннай акадэміі сур’ёзны акцэнт робіцца на ін­тэлектуальным і навуковым развіцці: важна паказаць моладзі, што чалавек ваенны — гэта асоба высокаінтэлектуальная і адукаваная. І безумоўна, хацелася б паглыбіць інтэграцыйную работу з нашымі грамадзянскімі УВА. Той аб’ём і патэнцыял навуковых распрацовак, што існуе ў Ваеннай акадэміі, паказаў, што кропак судакранання ў сферы вышэйшай адукацыі можа быць значна больш, чым мы ў цяперашні час выкарыстоўваем”.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.