Для патрэб эканомікі

- 13:40Абітурыент

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна­тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства Аляксандра Пятрова расказала, як будзе праходзіць прыёмная кампанія ва ўстановы прафесійна­тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Новыя спецыяльнасці

— Аляксандра Мікалаеўна, сёлетні прыём ва ўстановы ССА пройдзе без новаўвя­дзенняў. Змяненні, выкліканыя новым заканадаўствам, адбудуцца толькі ў наступным годзе. Разам з тым хацелася б праінфарма­ваць нашу моладзь пра ход сёлетняй прыёмнай кампаніі, сканцэнтраваць увагу на новых спецыяльнасцях. 

— У пераліку спецыяльнас­цей у нас кожны год ёсць змяненні (рынак працы дыктуе свае патрэбы). Вось і гэтым разам мы адкрываем абсалютна новыя спецыяльнасці. У Мінскім гарадскім педагагічным каледжы, Ваўкавыскім каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ўпершыню ў нашай краіне будзе ажыццяўляцца прыём на спецыяльнасць “Педагагічнае суправаджэнне”, у філіяле БНТУ “Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж” будзе ажыццяўляцца набор па спецыяльнасці “Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя”, у філіяле БДТУ “Беларускі дзяржаўны каледж прамысловых будаўнічых матэрыялаў” — “Абслугоўванне сістэм водападрыхтоўкі і водаачысткі”. У цэлым па краіне 17 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі пашырылі пералік спецыяльнасцей. Найбольшая колькасць месцаў плануецца для навучання за кошт сродкаў бюджэту па такіх профілях адукацыі, як “Тэхніка і тэхналогія”, “Ахова здароўя”, “Сельская і лясная гаспадарка”, “Садова-паркавае будаўніцтва”, “Педагогіка”, “Архітэктура
і будаўніцтва”.

— Як фарміраваўся план прыёму?

— Сёлетні план прыёму на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі сфарміраваны на ўзроўні плана прыёму мінулага года, але з карэкціроўкай аб’ёму і структуры для падрыхтоўкі спецыялістаў па запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях. У гэтым годзе на ўзровень ССА плануем прыняць 39,5 тысячы чалавек, што складзе 106,2% да факта прыёму 2021 года, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 26,3 тысячы чалавек (105%). У завочнай форме атрымання адукацыі плануецца прыняць 2 тысячы чалавек (95% да факта прыёму мінулага года). Скарочаны аб’ём падрыхтоўкі на платнай аснове, і ён сёння складае 13,2 тысячы чалавек (96% да плана прыёму мінулага года). На 16% павялічылася доля лічбаў прыёму на аснове агульнай базавай адукацыі.

— Як будзе праходзіць прыёмная кампанія і ў якія тэрміны?

— Прыём ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі бу­дзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з існуючымі Правіламі прыёму. Уступная кампанія пройдзе з 20 ліпеня па 18 жніўня. Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі для навучання за кошт сродкаў бюджэту — з 20 ліпеня па 3 жніўня; на платнай аснове — з 20 ліпеня па 14 жніўня (для абітурыентаў, якія бу­дуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці — па 3 жніўня). Іспыты пройдуць з 4 па 8 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 10 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня. Прыём дакументаў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі (прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй) для атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту будзе ажыццяўляцца з 20 ліпеня па 12 жніўня; на платнай аснове — з 20 ліпеня па 17 жніўня (ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, — па 12 жніўня). Уступныя іспыты пройдуць з 13 па 15 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 16 жніўня, на платнай аснове — па 18 жніўня. Прыём дакументаў ад жадаючых атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў вочнай (вячэрняй) або завочнай форме за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту — з 1 кастрычніка па 30 лістапада. Уступныя іспыты пройдуць з 1 па 5 снежня, залічэнне — па 10 снежня. 

З улікам заказу рэгіёнаў

— Як падрыхтаваны да прыёму ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі? Ці ёсць розніца па колькасці прыёму ў параўнанні з мінулым годам?

— У гэтым годзе прыём бу­дзе ажыццяўляцца 122 установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі па больш як 250 прафесіях. Акрамя таго, прыём будзе праходзіць яшчэ ў 43 установах адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізу­юць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Аб’ёмы і структуру кантрольных лічбаў прыёму ў дзённай форме мы вызначалі з улікам рэгіянальнай патрэбнасці ў рабочых кадрах, у вячэрняй і завочнай формах — у адпаведнасці з запатрабаванасцю ў грамадзян. З улікам дэмаграфічнай сітуацыі, вынікаў працаўладкавання выпускнікоў і планаў аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі на ўзровень ПТА плануецца прыняць на бюджэт 26 тысяч чалавек. 

— Умовы і тэрміны прыёму такія ж, як і былі?

— Правіламі прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі вызначана, што на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымаюцца асобы, якія маюць агульную базавую, агульную сярэднюю або спецыяльную адукацыю. Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца ў дзённай форме атрымання адукацыі з 15 чэрвеня па 20 жніўня.

Калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на асобныя спецыяльнасці меншая, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, установа адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа падоў­жыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння ў склад навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней чым да 15 верасня бягучага года. Прыём на вячэрнюю форму навучання адукацыі пройдзе з 15 чэрвеня па 20 жніўня, а па прафесіях сельскай гаспадаркі — з 1 кастрычніка па 20 лістапада; на завочную форму атрымання адукацыі — з 1 па 10 кастрычніка. Для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове, прыём адбудзецца з 15 чэрвеня па 10 верасня.

Залічэнне паступаючых ва ўстановы прафтэхадукацыі ажыццяўляецца на падставе іх заяў (пры адсутнасці конкурсу),
або па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі, або атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі, або пасведчання аб спецыяльнай адукацыі. І толькі для асобных прафесій профіляў адукацыі “Мастацтва і дызайн” і “Архітэктура і будаўніцтва” з мэтай выяўлення творчых здольнасцей прадугледжаны ўступныя іспыты, вынікі якіх уліч­ваюцца пры залічэнні.

Тэрміны правядзення ўступных іспытаў і залічэння для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі: у дзённай форме — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 жніўня; у вячэрняй форме — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 жніўня, па прафесіях сельскай гаспадаркі — з 21 па 24 лістапада, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 лістапада; у завочнай форме атрымання адукацыі — залічэнне ў склад навучэнцаў з 11 па 13 кастрычніка.

У мэтах аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме ў Міністэрстве адукацыі будзе арганізавана работа гарачай лініі па тэлефоне
8 (017) 222-43-12.

Матэрыялы Алы КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва навучальнай установы.