Для патрэб інавацыйнай вытворчасці

Дынамічнае развіццё грамадства, курс на паскораную эканамічную і сацыяльную мадэрнізацыю патрабуюць аператыўнага рэагавання на запыты і адпаведнай якасці адукацыі. Сучасныя спецыялісты павінны ўмець выкарыстоўваць набытыя веды ў зменлівых умовах вытворчасці. Таму і навучанне такіх спецыялістаў павінна быць комплексным і мэтанакіраваным і праходзіць ва ўмовах, максімальна набліжаных да прафесійнай дзейнасці.

На Брэстчыне працуе шмат прадпрыемстваў лёгкай вытворчасці швейнага кірунку розных форм уласнасці, якія забяспечваюць работай жаночае насельніцтва. Цэхі гэтых прадпрыемстваў аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем. Актуалізавалася пытанне, звязанае з падрыхтоўкай адпаведных кадраў. Гэта прывяло да стварэння ў 2015 годзе на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання рэсурснага цэнтра па тэхналогіі вытворчасці швейных вырабаў. Яго задача — апераджальная падрыхтоўка канкурэнтаздольных кадраў для патрэб прадпрыемстваў вобласці і краіны ў цэлым. 

Сёлета адбыліся поўнае парааснашчэнне і пашырэнне плошчы цэнтра. У яго структуру ўваходзяць 3 вучэбныя швейныя майстэрні, вучэбныя кабінеты для прадметаў спецыяльнага цыкла, кабінеты для навучання на курсах прафесійнай падрыхтоўкі, 2 лабараторыі раскрою, лабараторыі спецабсталявання, рамонту і абнаўлення адзення і яго аўтаматызаванага праектавання.

За кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў закуплена і ўведзена ў эксплуатацыю высокатэхналагічнае вучэбна-вытворчае абсталяванне новага пакалення: універсальныя швейныя машыны з лічбавым праграмным кіраваннем фірмы JACK і спецмашыны (трохіголкавыя пласкашоўныя машыны, машына патаемнага шыўка, вышывальная машына на 15 іголак з праграмным кіраваннем, дзвюхіголкавыя трох-, чатырох- і пяцініткавыя сшывальна-абкідальныя машыны, каверлок, прамысловы трохніткавы мікрааверлок). Акрамя таго, у майстэрнях усталяваны паўаўтаматы для выканання замацаванняў, вырабу прамых петляў, кіруемы гузікавы аўтамат з аўта­матычнай падачай гузікаў з бункера, пяцельны паўаўтамат з праграмным кіраваннем для вырабу петляў з вочкам. Майстэрні аснашчаны таксама абсталяваннем для вільготна-цеплавой апрацоўкі: парагенератарамі, параадпарвальнікамі і дубліруючай устаноўкай. Набыты камплект маштабных манекенаў з канструктарскімі лініямі і аксесуарамі да іх.

Вызначальная асаблівасць цэнтра заключаецца ў тым, што, акрамя работы на сучасным швейным абсталяванні, навучэнцы знаёмяцца з сістэмай аўтаматызаванага праектавання швейных вырабаў. Сёння праграмы САПР шырока прымяняюцца ў розных галінах вытворчасці і на розных прадпрыемствах. У цэнтры абсталявана лабараторыя аўтаматызаванага праектавання адзення, аснашчаная сучаснымі камп’ютарызаванымі рабочымі месцамі з праграмным забеспячэннем “Аўтакрой”, вучэбная і рабочая версіі якога дазваляюць у рэжыме рэальнага часу праектаваць любыя швейныя вырабы дзіцячага, жаночага і мужчынскага асартыменту — ад распрацоўкі ма­дэлі, канструктыўнага мадэлявання і тэхнічнага размножвання лякал да стварэння іх камплекта і вываду на плотары.

На базе рэсурснага цэнтра стажыруюцца педагогі ўстаноў прафесійнай адукацыі і работнікі швейных прадпрыемстваў, якія вывучаюць найноўшае абсталяванне і знаёмяцца з сучаснымі тэхналогіямі, ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі педагогаў школ (настаўнікаў абслуговай працы), ПТНУ і ССНУ, незанятага насельніцтва па заяўках цэнтраў занятасці, работнікаў прадпрыемстваў горада і раёна, усіх жадаючых. З 2018 года ў цэнтры арганізавана прафесійная падрыхтоўка старшакласнікаў па кваліфікацыі “аператар швейнага абсталявання”, якую сёння асвойваюць 52 школьнікі.

На сучасным рынку працы запатрабаваны спецыялісты не толькі з добрымі прафесійнымі ведамі і ўменнямі, але і з творчым патэнцыялам. Развіваць яго дапамагае даследчая дзейнасць навучэнцаў пад кіраўніцтвам педагогаў. Рэсурс­ны цэнтр — інавацыйная і эксперыментальная пляцоўка навукова-даследчага таварыства навучэнцаў “Веды. Пошук. Творчасць”, у рамках якога дзейнічаюць творчыя аб’яднанні: майстар-цэнтры “Чараўніца”, “Тэхнічная творчасць і рацыяналізатарства”, “Тэхніка крою і шыцця” і “Тэхніка малюнка і мадэлявання”. У 2015 годзе таварыства было адзначана прэміяй спецыяльнага прэзідэнцкага фонду. Фінансавая падтрымка дазволіла палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу цэнтра, якая выкарыстоўваецца таксама для правядзення абласных конкурсаў па прафесіях швачка і “закройшчык” сярод навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання, падрыхтоўкі ўдзельнікаў нацыянальных і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства WorldSkills, “Галерэя стылю” і “Млын моды”, рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, рэалізацыі сацыяльнага праекта “Не побач, а разам”.

Рэсурсны цэнтр — выдатная пляцоўка для адукацыйных мерапрыемстваў, майстар-класаў, семінараў-практыкумаў для педагогаў, пася­джэнняў творчых груп майстроў вытворчага навучання па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”. На базе цэнтра ладзяцца выставы-продажы навучэнскіх работ, паказы новых калекцый мадэлей, распрацаваных для конкурсу “Млын моды”, урачыстыя лінейкі з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый, абароны дыпломных і курсавых праектаў, здаюцца выпускныя кваліфікацыйныя экзамены. У рамках прафарыентацыйнай работы праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, экскурсіі для школьнікаў, майстар-класы, кірмашы, прафесійныя спробы і інш. Па суботах працуюць аб’яднанні па інтарэсах і творчая лабараторыя, праходзяць практыкумы па рабоце на швейным абсталяванні і стварэнні вырабаў-сувеніраў. Педагогі каледжа імкнуцца знайсці да кожнага школьніка індывідуальны падыход. 

На базе рэсурснага цэнтра дзейнічае вучэбнае атэлье, дзе ажыццяўляецца як індывідуальны пашыў вырабаў, так і іх пашыў дробнымі партыямі, у тым ліку па заказе насельніцтва, арганізацый і ўстаноў адукацыі, а таксама на аснове даследчых работ навучэнцаў. У каталогу вырабаў — сталовая, пасцельная і нацельная бялізна, рабочае адзенне, вучнёўская форма, тэатральныя, танцавальныя, карнавальныя і сцэнічныя касцюмы, дзіцячыя курткі, сумкі і інш.

Высокі стандарт ведаў, якія прапаноўваюцца, і навыкаў, найноўшыя тэхналогіі навучання адкрываюць перад выпускнікамі рэсурснага цэнтра шырокія магчымасці. Набытыя ўменні цалкам адпавядаюць практычным запытам работадаўцаў, патрэбам сучаснай вытворчасці і сферы паслуг. Вытворчае навучанне на базе цэнтра дапамагае выпускнікам хутка адаптавацца ў прафесійнай дзейнасці. 

Надзея ВАСІЛЬКОВА,
загадчык рэсурснага цэнтра Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання.