Для пераходу адукацыі ў новую якасць

На базе Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна прайшло пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета па інфарматызацыі. Членам савета, кіраўнікам устаноў адукацыі калектыў школы прадставіў эфектыўны вопыт работы па выкарыстанні ІКТ.

Начальнік аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Валянціна Люленка вітала ўсіх удзельнікаў пасяджэння. Затым з дакладам на тэму “Развіццё інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі як фактар павышэння якасці адукацыі” выступіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Ненартовіч.

Практычны блок уключыў у сябе шматграннасць форм работы, якая праводзіцца ў школе ў кірунку інфарматызацыі. Удзельнікам савета ў першую чаргу прапанавалі пазнаёміцца з блогам аматараў і прыхільнікаў беларускай мовы і літаратуры “Дзядзінец”, створаным настаўніцай Валянцінай Гень. Прадэманстраваны фрагмент урока паказаў, як педагог выкарыстоўвае магчымасці блога ва ўрочнай дзейнасці, як дзякуючы блогу ўдасканальваецца адукацыйная і выхаваўчая прастора прадметнага кабінета.

Настаўніца Маргарыта Каспяровіч на ўроку па прадмеце “Чалавек і свет” прадэманстравала, як з дапамогай інфармацыйных тэхналогій дасягнуць пастаўленых мэт. На кожным этапе была арганізавана работа з дапамогай мабільных тэлефонаў дзяцей, якія праз QR-коды маглі хутка атрымаць патрэбную інфармацыю, выканаць прапанаваныя заданні. Пры вывучэнні астравоў настаўніца арганізавала работу з нацыянальным сайтам E-Vedy, прапанаваным Міністэрствам адукацыі. Інфармацыю гэтага сайта настаўніца выкарыстоўвае яшчэ і падчас падрыхтоўкі да алімпіяд па геаграфіі. Разнастайныя заданні ў праграме Learningapps дазволілі хутка і самастойна замацаваць вывучаны матэрыял, правесці самаправерку і ліквідаваць недахопы ў ведах. Праграма Learningapps дазваляе падрыхтаваць разнастайныя файнворды, крыжаванкі, карты, тэсты, што выклікае цікавасць дзяцей і імкненне выканаць заданне правільна. Googl-карта на ўроку дапамагала развіваць памяць, мысленне, уважлівасць, адпрацоўваць картаграфічны матэрыял.

Удзельнікі каардынацыйнага савета прысутнічалі на дыстанцыйных занятках-рэпетытарстве па інфарматыцы, праведзеным па скайпе настаўнікам-трэнерам Клайшанскай базавай школы Юрыем Вільчэўскім з вучнем 9 класа Арцёмам Вашкевічам. На занятках выкарыстоўвалася мова праграмавання С++. Падрыхтоўка да алімпіяды такім чынам дала станоўчыя вынікі. Арцём — пераможца розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды.

Настаўніца Алена Ластоўская арганізавала літаратурнае аб’яднанне “Рыфмаванка”. Аб’яднанне працуе прадукцыйна — убачылі свет ужо тры зборнікі вершаў выхаванцаў: “Пра зіму”, “Вясёлка ў нашых вачах” і “Цуды ў навагоднюю ноч”. Для стварэння рэкламы твораў настаўніцы і яе вучням таксама спатрэбіліся інфармацыйныя тэхналогіі. Увазе ўдзельнікаў савета былі прадстаўлены два буктрэйлеры. Буктрэйлер на зборнік “Цуды ў навагоднюю ноч” складзены ў форме тэлеперадачы, дзе героі розных мультфільмаў з’яўляюцца ўдзельнікамі следчага працэсу. На верш “Я жыву ў Пагародне” таксама створана рэклама ў форме буктрэйлера. Добрае валоданне камп’ютарам дазваляе многім дзецям ужо ў малодшым школьным узросце рабіць буктрэйлер самастойна.

Ірына Кахоцкая расказала аб распрацаваным ёй праекце вэб-квеста “Тайны малой радзімы”, вынікам якога стане стварэнне банка віртуальных экскурсій па малой радзіме.

На базе ўстановы адукацыі другі год рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкай культуры вучняў праз арганізацыю сеткавых бізнес-згуртаванняў”. З мэтай перадачы карыснай інфармацыі, бізнес-ідэй, бізнес-планаў, асноў прадпрымальніцкай культуры настаўніца інфарматыкі Людміла Салмановіч разам з вучнямі стварыла інтэрнэт-бізнес-форум “Выгадная справа”. Праект разлічаны да 2020 года, таму форум будзе папаўняцца новай інфармацыяй і далей.

Вучні школы актыўна карыстаюцца ІКТ для работы школьнага тэлебачання і газеты. Удзельнікам пасяджэння былі прапанаваны для прагляду апошнія святочныя выпускі.

Усім прысутным было відавочна, што ва ўстанове адукацыі вядзецца сістэматычная, мэтанакіраваная і прадукцыйная работа па стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы. Гэта з’яўляецца магутным стымулам для пераходу адукацыі ў новую якасць. Дарэчы, калектыў школы бачыць шляхі далейшага павышэння эфектыўнасці выкарыстання электронных сродкаў.

Ганна ПРЭПЛЯСКА,
выхавальніца групы прадоўжанага дня
Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.