Для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў

- 11:43Навіны рэгіёнаў

У сярэдняй школе № 1 Скідзеля адбыўся семінар для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце па тэме “Падтрымка ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння навучэнцаў”. У ходзе семінара ўдзельнікі пазнаёміліся з дзейнасцю педагагічнага калектыву школы па арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі.

Дырэктар школы Таццяна Казлова пазнаёміла гасцей з навучальнай установай, расказала аб найбольш значных дасягненнях, акрэсліла прыярытэтныя задачы і напрамкі развіцця ўстановы адукацыі.

Аб актуальных напрамках прафарыентацыйнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскага раёна расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Аліцыя Дамброўская.

У рабоце семінара прыняла ўдзел кандыдат педагагічных навук начальнік гродзенскага вучэбна-метадычнага аддзела Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” Л.І.Баброўнік. Лілія Іванаўна паведаміла ўдзельнікам семінара аб педагагічным эксперыменце “Сучасныя падыходы ў прафесійным станаўленні школьнікаў у сістэме сеткавага ўніверсітэта”, які дае магчымасць актывізаваць вучэбна-пазнавальную дзейнасць навучэнцаў.

Аб дзейнасці раённага цэнтра па прафарыентацыйнай рабоце Гродзенскага раёна, які працуе на базе нашай школы з верасня 2015 года, расказала яго кіраўнік настаўніца інфарматыкі Тамара Хмыско. У рамках работы цэнтра створаны віртуальны кабінет прафарыентацыйнай работы, у якім прадстаўлена вычарпальная, аператыўна абнаўляльная інфармацыя бацькам і выпускнікам для правільнага прафесійнага і асобаснага самавызначэння, праводзіцца прафдыягностыка з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі, арганізацыйна-метадычная работа, работа з педагагічнымі кадрамі і інш. Акрамя таго, Тамара Аляксандраўна запрасіла ўдзельнікаў семінара наведаць фрагмент факультатыўных заняткаў прафарыентацыйнай накіраванасці “Мая прафесійная будучыня”, у ходзе якога вучаніцы 9 класа змаглі бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй кухара-кандытара.

Асабліва цікавым і запамінальным стаў для гасцей калейдаскоп прафесійных проб, які прадэманстравалі педагогі і навучэнцы школы. Удзел у прафпробе дае магчымасць школьніку прымераць на сябе тую ці іншую прафесію. Так, удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Пошук” правялі экскурсію ў школьным музеі. Кіраўнік аб’яднання Таццяна Ложачнік паведаміла, што вучні актыўна ўдзельнічаюць у зборы экспанатаў для музея, праводзяць экскурсіі, займаюцца пошукам неабходнай інфармацыі.

Навучэнцы 10 класа расказалі аб дзейнасці школьнага клуба “Твой фармат”, кіруе якім настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Чаркес. У рамках дзейнасці клуба дзеці займаюцца выданнем школьнай газеты “Твой фармат”, спрабуюць свае сілы ў прафесіі журналіста, рэдактара, фотакарэспандэнта. Журналістыкай захапіла сваіх вучняў таксама Лілія Адарцэвіч, настаўніца англійскай мовы. Пад кіраўніцтвам педагога школьнікі выдаюць газету на англійскай мове The Cool School.

Як захапіць дзяцей прафесіяй лесніка, егера, лесавода, ведае кіраўнік школьнага лясніцтва Анатоль Чэпік.

Сапраўдным упрыгажэннем семінара стала выступленне выхаванак “Югстудыі”. Пад кіраўніцтвам Юрыя Губарэвіча дзяўчынкі развіваюць вакальныя даныя, спрабуюць сябе ў ролі вядучых.

Развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў, іх самавызначэнню спрыяе ўдзел у тэатральных пастаноўках на англійскай мове. Вучні 4—5 класаў прадставілі гасцям міні-спектаклі Little Red Riding Hood і Turnip. Галоўнымі рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі выступілі настаўнікі англійскай мовы Ганна Каладзецкая і Алена Жук.

Напрыканцы семінара педагог-псіхолаг школы Ганна Аленіч правяла майстар-клас “На шляху да прафесіі: вучымся супрацьстаяць экзаменацыйнаму стрэсу”.

Таццяна БЫЛЬ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Скідзеля.