Для правільнай паставы, здаровага зроку, гімнастыкі мозгу

Веданне фізіялагічных асаблівасцей развіцця дзяцей — неабходная ўмова педагагічнай дзейнасці па захаванні і ўмацаванні іх здароўя, у тым ліку малодшых школьнікаў, касцёва­мышачная, сардэчна­сасудзістая і дыхальная сістэмы якіх яшчэ працягваюць фарміравацца. Акрамя таго, псіхаэмацыянальная нагрузка павялічваецца з пераходам у школу. Усё гэта патрабуе ад педагогаў правільнай арганізацыі мерапрыемстваў па здароўезберажэнні, накіраваных на фарміраванне ў дзяцей рабочых стэрэатыпаў у адносінах да становішча цела і зроку
пры пісьме, чытанні і іншых відах вучэбнай дзейнасці.

Рабочы стэрэатып становішча цела прадугледжвае максімальную апору для тулава, рук і ног з улікам пэўнай сіметрыі, а зрокавы — утрыманне адлегласці ад вачэй да кнігі/сшытка пры чытанні і пісьме на ўзроўні 20—30 см. Пры пісьме сшытак павінен ляжаць пад вуглом 30°, а ніжні вугал аркуша арыентаваны на сярэдзіну грудзей.

Правільныя рабочыя стэрэатыпы фарміруюцца ў пачатковай школе. Ад іх развіцця залежыць далейшае камфортнае знаходжанне дзіцяці ва ўстанове адукацыі. Пры гэтым настаўніку недастаткова ведаць гігіенічныя патрабаванні да правільнай позы вучняў на занятках. Работа па фарміраванні правільных рабочых стэрэатыпаў павінна быць сістэмнай і нязмушанай. Але як гэта зрабіць? Пастаянна нагадваць, што трэба сядзець правільна і правільна трымаць ручку, не нахіляцца пры пісьме? Пагадзіцеся, гэта сумна. Лепш прапанаваць вядомыя рыфмаваныя радкі: “Я тетрадочку открою, под наклоном положу. И от вас, друзья, не скрою: ручку я вот так держу. Сяду ровно, не нагнусь, за работу я возьмусь”.

Для нагляднасці ў класе павінны размяшчацца табліцы “Сядзі правільна”, узоры становішча сшытка пры пісьме. Калі дзеці не выконваюць правільных рабочых стэрэатыпаў, варта ў тактоўнай форме звярнуць на гэта ўвагу, нагадаць пра табліцы і схемы, далікатна дакрануцца да пляча, рук і г.д. Для замацавання правільнай позы пры пісьме выкарыстоўваю мяшочкі.

Вельмі важна валодаць прыёмамі актыўнага сенсорна-развіццёвага асяроддзя, якія дапамагаюць не толькі ў здароўезберажэнні, але і ў падтрыманні станоўчай вучэбнай матывацыі. Такое асяроддзе прадугледжвае наяўнасць прадметаў, што дазваляюць дзецям бачыць, чуць, слухаць, успрымаць дотыкам і пазнаваць устойлівасць свайго цела, развіваць рухальныя навыкі. Актыўнае сенсорна-развіццёвае асяроддзе ствараецца з мэтай фарміравання правільнай паставы і правільнага дыхання, зняцця псіхаэмацыянальнага напружання, развіцця дробнай маторыкі, прафілактыкі зрокавых парушэнняў.

У прафілактыцы школьных форм паталогій звяртаюся да метаду сенсорнай свабоды і псіхаматорнага разняволення, распрацаванага доктарам медыцынскіх навук У.П.Базарным. Сутнасць метаду заключаецца ў цялесна-маторнай свабодзе на занятках за кошт дынамічных поз, “зрокавых гарызонтаў” і рухомага дыдактычнага матэрыялу. Для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная канторка з вуглом нахілу 17°—18°, што найбольш аптымальна для зрокавага ўспрымання. Для павышэння псіхічнай актыўнасці рэкамендуецца кожныя 10—15 хвілін пераводзіць дзяцей са становішча седзячы ў становішча лежачы па сігнале настаўніка. У выніку вучні знаходзяцца ў пастаянным руху і пошуку, выконваюць трэніроўку вачэй, што актывізуе разумовую дзейнасць, павышае вучэбную матывацыю.

Педагог павінен ведаць прынцыпы правільнай паставы: стаць да сцяны, шчыльна прыціснуўшыся да яе патыліцай, лапаткамі, ягадзіцамі, лыткамі і пяткамі, падбародак злёгку прыўзняць. Дзецям трэба пастарацца зафіксаваць у свядомасці мышачныя адчуванні пры такім становішчы. Натуральна, што хадзіць так чалавек не можа, але калі на працягу дня 3—4 разы ажыццяўляць самакантроль, прытрымліваючыся такой позы, гэта добра адаб’ецца на паставе.

Фарміраваць навык правільнай паставы дапамагае павышэнне актыўнасці сенсорных сістэм: зроку, слыху, дотыку. Для гэтага школьнікі выконваюць практыкаванні ў вертыкальнай плоскасці з адвядзеннем рук у бакі, падыманнем на наскі, прысяданнямі ўздоўж плоскасці, з прадметамі на галаве (падушачкамі з пяском, жалудамі, каштанамі), хадзьбой на насках з грузам на галаве і інш.

Асаблівасць урокаў з выкарыстаннем сенсорна-дыдактычных падвесак і сенсорна-каардынатарных трэнажораў заключаецца ў рэжыме руху нагляднага матэрыялу, пастаяннага пошуку і змены дынамічных поз. Карткі з заданнямі ці адказамі на іх могуць аказацца ў любым месцы кабінета: на сцяне, у шафе, на акне…

Вялікую ўвагу ўдзяляю развіццю дробнай маторыкі падчас розных відаў дзейнасці: сціскання, адкручвання, закручвання, нанізвання пацерак, лепкі, канструявання, збору мазаікі, выкладвання фігур з запалак, штрыхоўкі… Шырока практыкую дзеянні з прадметамі: раскладванне гузічкаў, зерня і фасолі, гульні з прышчэпкамі. Займальна і нязмушана праходзяць практыкаванні на развіццё дробнай маторыкі з выкарыстаннем забаўных вузельчыкаў на вяроўцы (12 штук), бялізнавых прышчэпак, пацерак, мяшочкаў з напаўняльнікамі, эспандараў.

Вядома, што каля 87% інфармацыі паступае ў мозг праз зрокавыя рэцэптары. Таму педагог павінен валодаць прыёмамі захавання зроку ў дзяцей. З мэтай прафілактыкі зрокавай стомленасці звяртаюся да розных методык, індывідуальных і групавых трэнажораў. Так, на дапамогу прыходзяць траекторыі з таўшчынёй лініі 1 см, па якіх дзеці бегаюць вачыма, і меткі на шкле. Вучні стаяць каля акна насупраць метак на такой адлегласці, каб добра бачыць іх. Трэба паглядзець на метку на працягу 10 секунд, а затым перавесці позірк на прадметы, якія знаходзяцца ўдалечыні за шклом на ўзроўні меткі, і глядзець на іх 10 секунд. Потым зноў перавесці позірк на метку. Паўтарыць 10 разоў. Лёгка і эфектыўна.

Трэнажор У.П.Базарнага паляпшае каардынацыю рухаў вачэй, дапамагае развіваць складаныя рухі, знімае статычнае напружанне з вачэй, паляпшае кровазварот. Работа з табліцамі Шультэ трэніруе перыферыйны зрок. Трэнажор “Дрэсіраваны конік” уяўляе сабой рух па пэўным маршруце. Акрамя зняцця зрокавага напружання, ён развівае прасторавую арыентацыю.

Вялікую цікавасць выклікаюць кінезіялагічныя методыкі, накіраваныя на развіццё разумовых здольнасцей і фізічнага здароўя вачэй праз пэўныя рухальныя практыкаванні. Гімнастыка мозгу ўяўляе сабой простыя і прыемныя рухі і практыкаванні, якія дазваляюць вучням любога ўзросту раскрыць магчымасці, закладзеныя ў чалавечым целе. Практыкаванні мазгавой гімнастыкі (“Кулак — рабро — далонь”, “Лязгінка”, “Вуха — нос”, “Змейка”) не толькі павышаюць патэнцыяльны энергетычны ўзровень, але і пашыраюць веды дзяцей пра ўласнае цела, развіваюць увагу, інтэлект, мысленне і памяць, ураўнаважваюць псіхіку.

Людміла ЮРЭНЯ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 15 Баранавіч.