Для разумнікаў і разумніц

З дня заснавання гімназіі Ашмян выяўленне і падтрымка творчых, высокаматываваных і адораных навучэнцаў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці педагагічнага калектыву ўстановы. Мадэль работы з адоранымі вучнямі на сёння ўключае шмат кірункаў, але нязменнай застаецца школа дыстанцыйнага навучання.

У 2007 годзе па ініцыятыве аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама і адміністрацыі гімназіі пачала работу раённая вочна-завочная школа “Разумнікі і разумніцы”, выкладанне ў якой ажыццяўлялі настаўнікі-прадметнікі гімназіі. Асноўная задача — выяўленне дзяцей, якія маюць здольнасці ў розных адукацыйных галінах, а таксама падрыхтоўка школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядным руху, даследчай дзейнасці.

Слухачамі школы маглі па жаданні стаць навучэнцы 5—9 класаў (па 9 прадметах на выбар) і 3—4 класаў (па 4 прадметах на выбар). На працягу года школьнікі выконвалі на папяровых носьбітах восем работ па выбраных прадметах, пасля праверкі заданняў выконвалі работу над памылкамі, атрымлівалі рэкамендацыі і спіс неабходнай літаратуры. Пра папулярнасць такой формы навучання сведчыць колькасць слухачоў вочна-завочнай школы ў тыя гады — звыш тысячы школьнікаў раёна.

Ідзе час, мяняюцца і ўдасканальваюцца тэхналогіі, больш папулярнымі становяцца дыстанцыйныя формы атрымання адукацыі. Так, у 2014 годзе раённая вочна-завочная школа была рэарганізавана ў школу дыстанцыйнага навучання “Разумнікі і разумніцы”. Змяніўся парадак рэгістрацыі вучняў (кожнаму прысвойваецца асабісты лагін), тэхніка выканання заданняў (электронны варыянт), сістэма ацэньвання (камп’ютарная апрацоўка вынікаў з працэнтам выканання).

У бягучым навучальным годзе ў раённай школе дыстанцыйнага навучання займаюцца 692 чалавекі. Педагогі гімназіі працуюць з вучнямі 5—8 класаў раёна па 8 прадметах: гісторыя (настаўніца Ларыса Аляксандраўна Ларыёнава, 111 чалавек), руская мова і літаратура (Ларыса Гендрыкаўна Канцавая, Наталля Яўгенаўна Рудая, 106 чалавек), матэматыка (Алена Эдуардаўна Чарток, 99 чалавек), беларуская мова і літаратура (Марына Гендрыкаўна Свірбутовіч, 97 чалавек), англійская мова (Анжэла Віктараўна Суслава, 94 чалавекі), фізіка (Сяргей Тадэвушавіч Вінцкоўскі, 59 чалавек), хімія (Вольга Мікалаеўна Вінцкоўская, Ганна Казіміраўна Куліковіч, 43 чалавекі), геаграфія (Святлана Міхайлаўна Ляпко, 41 чалавек), а таксама з навучэнцамі 4-х класаў (Алена Іосіфаўна Юркантовіч, 42 чалавекі). Неабходна адзначыць, што не ўсе зарэгістраваныя ў пачатку навучальнага года навучэнцы рэгулярна (штомесяц) выконваюць прапанаваныя педагогамі заданні, але толькі сістэмны падыход, пастаянная праца над вучэбным матэрыялам даюць фундаментальныя веды і дадатковую матывацыю да вывучэння прадмета.

Як паказвае аналіз выкананых за паўгоддзе работ, сёлета найбольшую актыўнасць навучэнцы праявілі па гісторыі (6 клас), матэматыцы (7, 8 класы), беларускай мове і літаратуры (6 і 8 класы), геаграфіі (7 клас), рускай мове і літаратуры (6, 7 класы), англійскай мове (6 клас).

Важна ўжо на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі дапамагчы вучням раскрыць свае здольнасці, рэалізаваць творчы патэнцыял, навучыць іх нестандартна мысліць. З гэтай мэтай у рамках школы дыстанцыйнага навучання з 2015 года для развіцця здольных і таленавітых вучняў 4-х класаў устаноў адукацыі горада арганізаваны інтэлектуальныя гульні, якія праводзяцца на базе гімназіі на восеньскіх, зімовых і вясновых канікулах па ўзоры тэлевізійнай версіі праграмы “Свая гульня”. Нестандартнае мысленне, хуткасць рэакцыі, агульнае развіццё, камандны дух і імкненне да перамогі — асаблівасці такіх сустрэч.

З нецярпеннем чакаюць дзеці заключную сустрэчу ў маі, калі ўзнагароджваюцца і заахвочваюцца самыя актыўныя ўдзельнікі школы дыстанцыйнага навучання.

Ірына ГОТКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Ашмян.