Для развіцця маладзёжных ініцыятыў

- 11:30Адукацыйная прастора

Моладзь Брэстчыны атрымала выдатную магчымасць для развіцця і рэалізацыі цікавых ідэй і праектаў. У рамках ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей” у Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) адкрыўся рэсурсны цэнтр маладзёжных ініцыятыў “Прыступкі”.

Ва ўрачыстым мера­прыемстве ўдзель­ні­­чалі намеснік стар­шыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі, прадстаўнікі Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі і Міністэрства замежных спраў Польшчы, актывісты маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў вобласці.

— Удзел падлеткаў і моладзі ў развіцці гарадоў — адна з важных умоў паспяховай будучыні кожнай краіны, — адзна­чыў Г.І.Барысюк. — На Брэстчыне назапашаны эфектыўны вопыт узаема­дзеяння з Дзіцячым фондам ААН і польскімі калегамі ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва. Брэст, Баранавічы, Пінск і Пружаны ўдзельнічаюць у ініцыятыве “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Гэта цудоўная магчымасць для наладжвання сяброўскіх зносін і паспяховай сацыялізацыі моладзі ў сучасным свеце. Рэсурсны цэнтр “Прыступкі” — унікальная пляцоўка для развіцця маладзёжных ініцыятыў, падтрымкі і рэалізацыі цікавых праектаў, прапанаваных БРСМ, клубамі ЮНЕСКА, маладзёжным парламентам, скаўцкай і іншымі арганізацыямі.

— “Прыступкі” сталі сёмым рэсурсным цэнтрам у Беларусі, — расказаў прадстаўнік Дзіцячага фонду (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. — Задача цэнтра — пашырыць сферу ўзаемадзеяння маладзёжных лідараў, ініцыятыўных школьнікаў і дарослых праз тэматычныя круглыя сталы, майстар-класы, трэнінгі, форумы, сустрэчы, дэбаты, гульні, сумесныя працоўныя акцыі. У цэнтры створаны камфортныя ўмовы для цікавых і карысных зносін, рэалізацыі творчага патэнцыялу, абмену вопытам па розных напрамках дзейнасці маладзёжных аб’яднанняў.

— Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і маладзёжнай палітыкі валодае вялікім патэнцыялам і адкрывае шырокія магчымасці для паспяховага вырашэння агульных актуальных праблем, — заўважыў Ю.М.Прасмыцкі.

Пасля ўрачыстага адкрыцця рэсурснага цэнтра госці сустрэліся з актыві­стамі маладзёжных аб’яднанняў, адказалі на пытанні, абмеркавалі розныя тэмы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.