Для развіцця моўных навыкаў навучэнцаў: SEO-капірайтынг на ўроках англійскай мовы

- 16:08Образование, Портфолио

Навучанне SEO-­капірайтынгу на ўроках англійскай мовы, асабліва ў старшых класах, — неабходны крок у падрыхтоўцы навучэнцаў да жыцця і кар’еры ў XXI стагоддзі, дзе інтэрнэт-­прысутнасць і лічбавыя навыкі адыгрываюць ключавую ролю. Гэта не толькі спрыяе паляпшэнню навыкаў пісьмовай мовы на англійскай,
але і дае шэраг практычных пераваг, якія будуць карысныя навучэнцам у будучыні.

SEO (Search Engine Optimization) — гэта працэс аптымізацыі вэб-кантэнту для павышэння яго бачнасці ў выніках пошуку пошукавых сістэм, такіх як Google, Bing і Yahoo. Капірайтынг — гэта мастацтва стварэння тэкстаў, якія прыцягваюць увагу чытачоў і стымулююць іх да пэўных дзеянняў, напрыклад, такіх як пераход па спасылцы, куп­ля прадукту або падпіска на паслугу. SEO-капірайтынг аб’ядноўвае гэтыя дзве галіны, ствараючы тэксты, якія не толькі цікавыя і пераканаўчыя для чытачоў, але і лёгка індэксуюцца і ранжыруюцца пошукавымі сістэмамі.

На ўроках англійскай мовы навучэнцы знаёмяцца і працуюць з рознымі тыпамі тэкстаў: склада­юць біяграфіі, вучацца пісаць дзелавыя і электронныя пісьмы, складаць тэкст для паштовак і г.д. А веданне прынцыпаў напісання SEO-тэкстаў і практыка іх складання дазволіць ім ісці ў нагу з часам, прымяняць веды з розных сфер жыцця, даючы магчымасць выпускнікам быць канкурэнта­здольнымі на глабальным рынку працы.

Навошта вучыцца SEO-ка­пірайтынгу?

  1. Павышэнне моўных навыкаў

Навучанне SEO-капірайтынгу паляпшае навыкі замежнай мовы ў навучэнцаў, паколькі патрабуе стварэння тэкстаў, якія змяшча­юць ключавыя словы і фразы. Навучэнцы вучацца правільна выкарыстоўваць лексіку і граматыку для дасягнення канкрэтных мэт. Яны таксама даведваюцца, як фармуляваць свае думкі зразумела і коратка, што з’яўляецца важным навыкам у любой пісьмовай рабоце.

  1. Развіццё навыкаў кры­тычнага мыслення

Працэс стварэння SEO-ап­тымізаванага кантэнту патрабуе ўважлівага даследавання і аналізу інфармацыі, што садзейнічае развіццю навыкаў крытычнага мыслення. Навучэнцы павінны ўмець знаходзіць надзейныя крыніцы інфармацыі, вызначаць і ўлічваць ключавыя словы, якія будуць найбольш эфектыўныя для іх тэмы, і ствараць кантэнт, які будзе цікавы і карысны для іх мэтавай аўдыторыі.

  1. Падрыхтоўка да сучаснага рынку працы

У сучасным свеце навыкі SEO-капірайтынгу запатрабаваны ў многіх галінах, уключаючы маркетынг, журналістыку, PR і многія іншыя. Навучаючыся SEO-капірайтынгу, дзеці набываюць практычныя навыкі, якія могуць дапамагчы ім у будучыні знайсці работу або пачаць кар’еру ў розных сферах.

У рамках падрыхтоўчага этапу работы над стварэннем SEO-аптымізаваных тэкстаў былі распрацаваны практыкаванні-заданні для навучэнцаў. Першы крок да стварэння “правільнага” тэксту, здольнага павысіць чытальнасць інтэрнэт-старонкі, — падрыхтоўка семантычнага і калясемантычнага ядра. Для гэтага трэба адабраць ключавыя словы (словазлучэнні) — гэта словы, што адпавядаюць тым запытам, якія ўводзяць карыстальнікі ў радок пошуку. Гэтыя словы выкарыстоўваюцца для прасоўвання вэб-сайтаў на высокія пазіцыі ў выдачы пошукавікаў. Для складання ядра выкарыстоўваюцца розныя анлайн-сэрвісы: “Яндэкс Вордстат”; Keyword Tool; SemRush; Key Collector і інш.

Трэба задаць тэматыку тэксту ў адпаведнасці з тэмай выніковага праекта і выб­раць найбольш частотныя запыты. Калясемантычнае ядро фарміруецца з лексічных адзінак раздзела праграмнага матэрыялу. Далей зазначаецца частотнасць слоў і тэхнічныя характарыс­тыкі SEO-тэксту: класічная і акадэмічная млоснасць, вод­насць тэксту і частата слоў. Праверыць гэтыя характарыстыкі ў далейшым можна будзе, выкарыстоўваючы анлайн-рэсурс ADVEGO.

Прыклад практыкаван­ня па развіцці навыкаў SEO-пісьма для навучэнцаў 9 класа, якія вывучаюць англійскую мову на павышаным узроўні.

Тэма раздзела “Сям’я”. Заняткі № 9 “Дэбаты”. Тэма ўрока “Узаемаадносіны дзяцей і іх бацькоў”. Гаварэнне

Напісаць інфармацыйны тэкст на тэму Children must obey all of their parents rules з разглядам станоўчых і адмоў­ных бакоў праблемы.

  • Тэкст павінен быць напі­саны ад трэцяй асобы адзіночнага ліку;
  • выкарыстоўвайце ўсе ключавыя і блізкія па тэматыцы словы (80% з іх);
  •  яны павінны выкарыстоўвацца раўнамерна па ўсім тэксце;
  • захоўвайце колькасць слоў у тэксце: 110 ± 20;
  • выкарыстоўвайце адзін спіс пералічэння і адзін загаловак катэгорыі H2;
  • напішыце description — 2—3 сказы, якое заахвоціць чытача перайсці па спасылцы. У ім варта выкарыстоўваць АДНО ключавое слова;
  • воднасць — ≥ 60%; частотнасць слоў — 3—5%; акадэмічная млоснасць — ≤ 10; Plagiatus — 95%.

Key Words

ideal family; everything starts within a family; stand up to your point of view

Near-thematic words (use at least 80% of them)

Запланаваны вынік

Everything starts within a family. Some parents may be uptight, believing strict rules will make their children better. This topic causes a lot of discussion.

Two sides of the same coin

In an ideal family, where kids can count on caring and nurturing adults, rules can help youngsters get away with their problems and develop healthy relationships. However, if dads and moms set abusive rules, kids won’t have any privacy and will feel neglected. The balance is important. Youngsters should:

  • be able to keep themselves to themselves;
  • feel that they can stand up to their point of view without fear of punishment.

It is important to find compromises. Parents must learn to appreciate their children’s opinions and, in return, littles ones will look up to their families and won’t violate their rules.

Ірына МАКРЫЦКАЯ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Барысава
Здымак на прэўю з архіва рэдакцыі, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі