Для развіцця памяці і ўяўлення

Адна з галоўных задач настаўніка пачатковых класаў — развіваць памяць і ўяўленне ў дзяцей, паколькі гэтага патрабуе далейшая вучэбная дзейнасць.

Асаблівасцю работы з малодшымі школьнікамі з’яўляецца змена вядучай дзейнасці з гульнявой на вучэбную. У гэтым узросце дзеці гатовы вучыцца, прымаць інфармацыю, пазнаваць новае. Але першакласнікі і часам другакласнікі яшчэ не ўмеюц­ь доўга канцэнтравацца на рабоце, асабліва калі яна нецікавая і аднастайная, іх увага лёгка адцягваецца. Толькі ў 3 класе ўвага можа захоўвацца на працягу ўсяго ўрока. Задача педагога — зрабіць адукацыйны працэс цікавым і разнастайным. У гэтым дапамагаюць дыдактычныя гульні, кожная з якіх мае вучэбную задачу, пададзеную ў займальнай форме.        

Гульня ўключае гульнявую задуму (у назве), гульнявыя дзеянні (развіваюць пазнавальную актыўнасць і здольнасці, дапамагаюць прымяніць веды на практыцы) і правілы (накіроўваюць гульнявы працэс, рэгулююць паводзіны дзяцей і іх узаемаадносіны). У кожнай гульні ёсць фінал, якім з’яўляецца рашэнне пастаўленай вучэбнай задачы і які прыносіць маральнае і разумовае задавальненне. Для настаўніка вынік гульні — паказчык узроўню дасягненняў вучняў у засваенні новых ведаў. Усе структурныя элементы дыдактычнай гульні звязаны паміж сабой, адсутнасць аднаго з іх разбурае гульню.

Урокі навучання пісьму ў 1 класе і літаратурнага чытання ў 2—4 класах — выдатная магчымасць для развіцця памяці і ўяўлення з дапамогай дыдактычных гульняў. Так, у гульні “Літара згубілася” трэба ўставіць замест рысачак адну і тую ж літару, каб атрымаліся словы: б-нк-, б-з-р, м-м-, -н-н-с, п-рк, п-ст-.

Прапаную дзецям памяняць літары (склады) месцамі, каб атрымаліся словы: мази, терве, бузар, камай.

У гульні “Вясёлы старт” трэба прачытаць слова па першых (другіх) літарах: яма, банан, лошадь, озеро, корабль, облако.

У гульні “Сапсаваныя літары” неабходна аднавіць слова з літарамі, якія невыразна чытаюцца.

У гульні “Здагадайся” раздаю дзецям карткі са сказамі, дзе ў словах няма апошніх літар. Вучні выбіраюц­ь карткі і спрабуюць прачытаць сказ “Мы с пап сегод пош в ки”.

Прапаную па апорных словах (карцінках) адгадаць назву казкі ці апавядання. Напрыклад: мука, соль, капуста, сала (“Каток — залаты лабок”); Міша, цукарніца, мама (“Ледзянец”).

Падчас гульні “Слова ў слове” клас дзеліцца на 2 каманды. На дошцы запісана слова. Вучні па чарзе называюць па адным слове. Выйграе каманда, якая апошняй назаве слова.

У 2—4 класах для далейшага фарміравання чытацкіх навыкаў звяртаюся да дыдактычных гульняў на аснове прачытаных твораў.   

Гульня “Сонейка”. У цэнтры — тэма, якую трэба асвятліць. Промні — раскрыццё тэмы. Такі прыём можна выкарыстоўваць пасля праслухоўвання звестак пра творчасць пісьменніка ці пры абмалёўцы рыс характару літаратурнага героя. Напрыклад: тэма — “Ліса і Жораў”, промні — рысы характару.  

Гульня “Гронка вінаграду”. У “вінаградныя ягады” ўпісваюцца рысы характару літатурнага персанажа і інш.

Падчас гульні “Знайдзі пару” раздаю карткі з літаратурнымі героямі і рысамі характару, а дзеці суадносяц­ь іх.

Гульня “Рэшата” падыходзіць тады, калі трэба штосьці ад чагосьці аддзяліць. Напрыклад: выбраць з групы рыс характару толькі тыя, якімі можна ахарактарызаваць пэўнага героя; аддзяліць станоўчыя рысы ад адмоўных; выбраць з групы падзей толькі тыя, што здарыліся ў жыцці літаратурнага героя. 

У гульні “Новыя казкі” прапаную вучням прыдумац­ь новы паварот сюжэта да вядомай казкі. Напрыклад: “Што было б, калі б Золушка не сышла з балю?”

Падчас гульні “Вось іду я і бачу…” раздаю вучням карткі з выявамі жывёл і тэкстам, прачытаўшы які трэба загадаць загадку аднакласнікам або, не называючы жывёлу, падрабязна апісаць яе: “Іду я па Індыі і бачу… таксі з вушамі людзей вязе” (слон).

Гульня “Жывыя карцінкі”. Адзін вучань чытае твор, а іншыя мімікай, жэстамі і пантамімай рэагуюць на пачутае.

Прапаную дзецям прачытаць пэўны тэкст голасам героя-ласуна, буркуна, па-мядзведжы і інш.

У маёй метадычнай скарбонцы шмат цікавых і захапляючых дыдактычных гульняў, якія дапамагаюць вырашаць пастаўленыя вучэбныя задачы на ўроках літаратурнага чытання і не толькі.

Марына МАНЬКО,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.