Для школы, для сябе, для прыроды

Фарміраванне энергазберагальных і энергаэфектыўных паводзін навучэнцаў — адзін з прыярытэтаў дзейнасці сярэдняй школы № 12 Гродна. У гэты працэс уцягнуты ўсе — ад першакласнікаў да дырэктара школы. Тут дзейнічае “Школа беражлівых гаспадароў”, навучэнцы і настаўнікі ўдзельнічаюць у шматлікіх праектах і конкурсах.

У школе таксама дзейнічае рэсурсны цэнтр комплекснай падтрымкі энергаэфектыўнага ладу жыцця мясцовых супольнасцей, школа перамагала ў конкурсе праектаў “Самая энергаэфектыўная ўстанова адукацыі” і іншых. Сярод апошніх перамог — выніковы ўдзел у раённым этапе ХІІ Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энерга­марафон-2019”. Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні адзначаны дыпломам ІІ ступені, а дыплом І ступені атрымалі лістоўка і плакат навучэнцаў сярэдняй школы № 12.

Аб важнасці выхавання руплівых гаспадароў, патрэбнасці гэтай работы для навучэнцаў і соцыуму мы папрасілі расказаць дырэктара, настаўніка і вучняў школы.

Ала ГАЛАВЕНКА, дырэктар сярэдняй школы № 12:

— Музей-лабараторыя “Школа беражлівых гаспадароў” па рэсурса­зберажэнні, адкрыты ў сярэдняй школе № 12 Гродна ў 2014 годзе, стаў свое­асаблівым брэндам не толькі школы, але і гарадской сістэмы адукацыі. Яго запатрабаванасць і актуальнасць, а за год заняткі і экскурсіі тут наведваюц­ь не менш за 2000 дзяцей і дарослых, прымусілі ўвесь калектыў па-новаму зірнуць на магчымасці дадатковай адукацыі і адукацыйнага энергаэфектыўнага асяроддзя. Мы імкнёмся пашырыць базу музея. Сёння, па сутнасці, гэта ўся школа, кожны куток якой даказвае важнасць руплівых адносін да рэсурсаў планеты, дэманструе магчымасці і перавагі энергаэфектыўнага ладу жыцця.

Сэнсарнае асвятленне, энерга­эфектыўнае абсталяванне і асвятленне, шклопакеты, паветрана-ацяпляльныя агрэгаты, сучасная сістэма вентыляцыі дазваляюць істотна знізіць энергаспажыванне і з’яўляюцца складовымі часткамі дэманстрацыйнай пляцоўкі рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі энергаэфектыўнага ладу жыцця мясцовых супольнасцей. Дзякуючы актуальнасці школьных ініцыятыў і таму, што мерапрыемствы праводзяцца на дастойным узроўні, мы цікавыя нашым партнёрам — Дэпартаменту па энергаэфектыўнасці, асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, Гро­дзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы і іншым. А адкрытасць адукацыйнай прасторы і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва істотна пашыраюць нашы магчымасці і адкрываюць новыя захапляючыя перспектывы. Да таго ж дазваляюць школе скарачаць выдаткі рэсурсаў.

Іларыён ЛАХНІЦКІ, настаўнік фізікі і інфарматыкі, кіраўнік да­следчай дзейнасці ў сферы энерга­зберажэння, якая ажыццяўляецца ў “Школе беражлівых гаспадароў”. Пад яго кіраўніцтвам рэалізавана 6 праектаў, якія адзначаны 9 ды­пломамі рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню:

— Фармат работы музея-лабараторыі вельмі цікавы дзецям. На базе “Школы беражлівых гаспадароў” рэгулярна праводзяцца адкрытыя практыкумы і трэнінгі, факультатыўныя, лабараторныя, практычныя заняткі. На гэтых занятках навучэнцы паглыбляюць свае веды ў галіне экалогіі і энергазберажэння. Найбольш актыўныя вучні, якія праяўляюць цікавасць да дадзенай тэматыкі, уключаны ў склад інтэлектуальнага аб’яднання. Яны самастойна распрацоўваюць і праводзяць экскурсіі, дапамагаюць у правядзенні практычных заняткаў, ствараюць інтэрактыўныя макеты для музея.

Часта навучэнцы становяцца генератарамі ідэй для будучых праектаў і даследаванняў. Напрыклад, Андрэй Клімуць прапанаваў распрацаваць аўтаматызаваную цяпліцу, каб дапамагчы сваёй бабулі на агародзе вырошчваць таматы. Захар Хобец і Аляксандр Капуста, назіраючы за асвятленнем школьных калідораў, заўважылі, што святло не заўсёды выключаецца пасля перапынкаў або застаецца ўключаным пры дастатковым натуральным асвятленні.

Разам мы вырашылі стварыць аўтаматычную сістэму кіравання асвятленнем і правесці даследаванне на прадмет яе эфектыўнасці. Працу над праектам для навучэнцаў можна параўнаць з адкрыццём, паколькі яна носіць практыка-арыентаваны характар. У выніку хлопцы стварылі прыладу, якая рэальна працуе. Так, створаная аўтаматычная сістэма кіравання асвятленнем Eco-light-bell была ўстаноўлена ў школе ў 2019 годзе. Таксама для навучэнцаў цікавы этап правядзення даследавання, у якім правяраецца агучаная імі гіпотэза.

Штогод вучні прымаюць удзел у розных конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях, такіх як “Энергамарафон”, “ТэхнаІнтэлект”, “Зялёная школа”, “Крыштальная альфа”, “Ад Альфы да Амегі”, “ТэхнаМарафон” і іншых. Па іх выніках вучні неаднаразова былі ўдастоены дыпломаў пераможцаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Працуючы над праектамі і даследаваннямі, дзеці набываюць новыя веды, напрыклад, па вучэбных прадметах “Фізіка”, “Інфарматыка”, і, што вельмі важна, вучацца прымяняць гэтыя веды на практыцы.

Андрэй КЛІМУЦЬ, Захар ХОБЕЦ, навучэнцы 11 класа, Аляксандр КАПУСТА, навучэнец 10 класа:

— Займацца эксперыментальнай і даследчай дзейнасцю вельмі цікава. Адкрываеш для сябе новыя веды і набываеш бясцэнны вопыт. Ствараеш новае, што можа быць выкарыстана іншымі. І самае галоўнае тое, што мы ўдзельнічалі ў праектах, накіраваных на вырашэнне экалагічных праблем за кошт укаранення энергаэфектыўнага абсталявання. Напрыклад, для эканоміі электрычнай энергіі, цяпла. Пры рэалізацыі праектаў мы вучымся працаваць у камандзе, шукаць у літаратуры і інтэрнэце неабходную інфармацыю, асвойваем новае праграмнае забеспячэнне, знаёмімся з асновамі радыёэлектронікі, паглыбляем веды па інфарматыцы і фізіцы. Набытыя веды і вопыт, безумоўна, дапамогуць у вучобе ў школе і ва ўніверсітэце, дзе мы плануем далейшую вучобу. Сфера экалогіі і энергазберажэння вельмі цікавая, важная і актуальная. Гэта будзе служыць арыенцірам не толькі пры выбары будучай прафесіі, але і па жыцці.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.