Для станоўчай матывацыі — зваротная сувязь

- 12:08Адукацыйная прастора

Выкарыстанне зваротнай сувязі на розных этапах вучэбных заняткаў дазваляе актывізаваць пазнавальны інтарэс і актыўнасць навучэнцаў, фарміруе станоўчую матывацыю да вывучэння вучэбнага матэрыялу і тым самым павышае эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. У комплексе гэтыя фактары спрыяюць павышэнню якасці ведаў па прадмеце. Але трэба памятаць, што жаданы вынік можа быць дасягнуты толькі пры арганізацыі моцнай (эфектыўнай) зваротнай сувязі. Якая зваротная сувязь з’яўляецца моцнай?

Моцная (эфектыўная) зваротная сувязь павінна быць:

 аператыўнай — гэта значыць своечасовай. Чым больш аператыўна праведзена зваротная сувязь, тым больш яна эфектыўная;

  • карэкціруючай — гэта значыць змяшчаць указанне на тое, што навучэнец робіць правільна, а што ня­правільна;
  • крытэрыяльнай — гэта значыць мець пэўныя крытэрыі. Наяўнасць крытэрыяў дазваляе арыентавацца на пэўны ўзровень ведаў, а не на ўсярэдненую норму;
  • даваць навучэнцам магчымасць ажыццяўляць уласную зваротную сувязь.

Арганізоўваць зваротную сувязь мэтазгодна на ўсіх этапах вучэбных заняткаў. Арганізацыйна-матывацыйны этап — уваходны тэст, прыёмы “Пісьмо з прабеламі”, “Партрэт”, “Пашпарт аб’екта”, табліца “Так — Не — Не ведаю”, складанне сінквейнаў, кластараў, логіка-сэнсавых мадэлей. Мэтапастаноўка — запаўненне арыенціровачных карт, табліц з “белымі плямамі”, табліц “Ведаю — Хачу даведацца — Даведаўся”, табліц “Так — Не — Не ведаю”, распрацоўка крытэрыяў ацэнкі (НаШтоБуЗУ), запаўненне “Матрыцы цяжкасцей”.

Аперацыйна-пазнавальны этап — сістэма адкрытых пытанняў, тэхніка “Святлафор”, кантрольныя практыкаванні. Этап сістэматызацыі і замацавання ведаў — умоўныя адзнакі пры ацэньванні, каментарыі настаўніка, індывідуальныя карткі. Этап кантролю, самаправеркі і карэкцыі ведаў навучэнцаў — ацэначныя карткі, прыём “Незакончаная фраза”, выхадны тэст, складанне кластараў, логіка-сэнсавых мадэлей, заданні для самаправеркі. Этап рэфлексіі, падвядзення вынікаў — прыём “Плюс — Мінус — Цікава”, эўрыстычная гутарка.

Разгледзім найбольш эфектыўныя, на мой погляд, прыёмы арганізацыі зваротнай сувязі на розных этапах урока.

Уваходны тэст

Уваходны тэст праводжу ў пачатку вывучэння тэмы, для таго каб вызначыць ступень валодання неабходнымі (базавымі) ведамі і ўменнямі для вывучэння прапанаванай тэмы, г.зн. уваходнае тэсціраванне дазваляе выявіць гатоўнасць навучэнцаў да засваення новых ведаў. Таксама ўваходнае тэсціраванне дазваляе вызначыць ступень валодання новым матэрыялам да пачатку яго вывучэння. Для арганізацыі ўваходнага тэсціравання выкарыстоўваю прыёмы “Так — Не — Не ведаю”, “Лаві памылку” і інш. Я прапаную вучням адзін варыянт уваходнага тэста, паколькі ён не прадугледжвае выстаўленне адзнак, аб чым навучэнцы праінфармаваны загадзя. Гэты факт дазваляе кожнаму навучэнцу выканаць тэст на сваім узроўні, а не імкнуцца штучна павысіць вынік. “Аб’ектыўны” вынік выканання ўваходнага тэста дазваляе настаўніку атрымаць дакладную інфармацыю пра ўзровень ведаў навучэнцаў і своечасова скарэкціра­ваць ход урока.

Лічу эфектыўным прымяненне ўваходнага тэста на ўроках сістэматызацыі і абагульнення ведаў для арганізацыі самастойнай карэкцыйнай дзейнасці навучэнцаў, таму што, па-першае, карэкцыя адбываецца да кантрольнай работы або іншага віду прамежкавай атэстацыі, што дазваляе павысіць вынік выканання работы, па-другое, работа над памылкамі ў яе традыцыйным разуменні, як мне здаецца, мае хутчэй фармальны характар, чым карэкціруючы. Аналіз жа тыповых памылак класа і зусім пакідае навучэнцаў безуважнымі, таму што кожнага вучня цікавяць яго асабістыя прабелы ў ведах, а не штосьці ўсярэдненае або абагульненае. Выканаўшы ўваходны тэст на ўроку сістэматызацыі і абагульнення ведаў, вучань ажыццяўляе самаправерку па эталоне. Памылкі, зробленыя ў тэсце, з’яўляюцца арыенцірам для работы з карэкцыйнай картай, якая размешчана на адваротным баку ўваходнага тэста. Карэкцыйная карта змяшчае заданні для адпрацоўкі дапушчаных вучнем памылак.

Крытэрыі ацэньвання (НаШтоБуЗУ)

Крытэрыі ацэньвання (НаШтоБуЗУ) з’яўляюцца магутным інструментам зваротнай сувязі, які забяспечвае ў навучэнцаў высокі ўзровень вучэбнай матывацыі, робіць “правілы гульні” вызначанымі, змест кантролю адкрытым, а не засакрэчаным. Тым самым НаШтоБуЗУ садзейнічае павышэнню якасці ведаў навучэнцаў па прадмеце.

Наяўнасць крытэрыяў НаШтоБуЗУ на ўроку дае вучням магчымасць зразумець, па-першае, па якім плане будзе ісці ўрок, і, як вынік, стаць яго свядомымі ўдзельнікамі, па-другое, дапамагае зразумець, што трэба даведацца і чаму навучыцца, каб атрымаць жаданую адзнаку, дапамагае вызначыць узровень сваіх ведаў па тэме, па-трэцяе, дапамагае высветліць, над чым яшчэ трэба будзе папрацаваць, каб вынікі адпавядалі крытэрыям. Больш за тое, крытэрыі НаШтоБуЗУ з’яўляюцца інструментам для самаацэнкі, узаемнай ацэнкі і рэцэнзавання работ аднакласнікаў. Усё пералічанае з’яўляецца аднолькава важным для павышэння якасці ведаў навучэнцаў па прадмеце. Крытэрыямі НаШтоБуЗУ для мяне служаць сфармуляваныя ў вучэбнай праграме патрабаванні да ведаў і ўменняў навучэнцаў, а таксама нормы 10-бальнай сістэмы ацэньвання вучэбных дасягненняў навучэнцаў.

У сваёй практыцы я прымяняю НаШтоБуЗУ да ўсяго ўрока, да праверачнай і дамашняй работы. У час увя­дзення паняцця НаШтоБуЗУ ў адукацыйную практыку навучэнцаў да ўрока мы праходзім некалькі этапаў. Спачатку я сама вызначаю крытэрыі НаШтоБуЗУ і раздрукоўваю іх для кожнага вучня. У пачатку ўрока мы калектыўна знаёмімся з імі, абмяркоўваем іх. На другім этапе ўвя­дзення паняцця “крытэрыі ацэнкі (НаШтоБуЗУ)” я прапаную навучэнцам некалькі крытэрыяў для выбару, сярод якіх ёсць лішнія. Вучні павінны выбраць толькі тыя, якія з’яўляюцца актуальнымі на гэтым уроку. На трэцім этапе далучаю навучэнцаў да сумеснага вызначэння крытэрыяў. Разам з навучэнцамі мы вызначаем, што нам неабходна зрабіць для дасягнення выніку і як яго ацаніць. Асноўная ідэя заключаецца ў тым, каб канкрэтна вызначыць элементы, якія дапамогуць навучэнцам і мне высветліць, у якой ступені атрымалася дасягнуць мэты ўрока. У выніку такой падрыхтоўчай работы навучэнцы вельмі часта самі мо­гуць вызначыць некаторыя крытэрыі НаШтоБуЗУ. Да крытэрыяў заўсёды вяртаемся ў працэсе ўрока і адзначаем, які крытэрый мы ўжо выканалі.

Крытэрыі НаШтоБуЗУ да новай тэмы застаюцца ў навучэнцаў і пасля ўрока. Гэта дае вучням магчымасць звярнуцца да іх і дома пры падрыхтоўцы да праверачнай работы або выкананні дамашняга задання і дапамагае ім, па-першае, суаднесці выкананае заданне з зададзенымі крытэрыямі, па-другое, вызначыць ступень паспяховасці на шляху дасягнення вызначаных крытэрыяў. Часам практыкую абмеркаванне крытэрыяў НаШтоБуЗУ на этапе рэфлексіі і падвядзення вынікаў.

Самым аптымальным, як паказала практыка, стала выкарыстанне крытэрыяў НаШтоБуЗУ пры падрыхтоўцы да праверачных і кантрольных работ і для выканання дамашняга задання. Атрымліваючы крытэрыі НаШтоБуЗУ напярэдадні праверачнай або кантрольнай работы, вучні маюць магчымасць лепш падрыхтавацца да работы, таму што маюць дакладную інфармацыю пра тое, якія тэмы будуць уключаны ў работу. Параўноўваючы вынікі праверачных і кантрольных работ да ўвядзення ў практыку крытэрыяў НаШтоБуЗУ з вынікамі работ пасля ўвядзення крытэрыяў, убачыла, што вынікі палепшыліся. Больш за тое, веды навучэнцаў сталі больш моцнымі, пра што сведчыць паўтарэнне матэрыялу праз некаторы час. На карысць увядзення практыкі прымянення крытэрыяў метаду гаворыць і псіхалагічны стан навучэнцаў перад праверачнай (кантрольнай) работай і ў час яе правядзення: навучэнцы спакойныя, таму што ведаюць, што, выкарыстоўваючы крытэрыі НаШтоБуЗУ, мелі магчымасць падрыхтавацца да работы дастаткова добра.

Тэхніка “Святлафор”

Тэхніка “Святлафор” — тэхніка самаацэнкі, прычым вельмі інфарматыўная для настаўніка. Найбольш прадукцыйным лічу прымяненне гэтай тэхнікі ў працэсе выкладання новага матэрыялу, пры паўтарэнні і падрыхтоўцы да праверачнай (кантрольнай) работы. У працэсе выкладання новага матэрыялу я прашу навучэнцаў прасігналізаваць мне аб ступені засваення матэрыялу: “зялёны” — усё зразумела; “жоўты” — ёсць цяжкасці; “чырвоны” — нічога не зразумела. Далей адбываецца аб’яднанне вучняў у групы або пары па прынцыпе “зялёны” з “жоўтым”, дзе першы павінен дапамагчы другому пераадолець цяжкасці, якія ўзніклі. Усіх “чырвоных” я збіраю разам і яшчэ раз тлумачу пройдзены матэ­рыял. Такое раздзяленне вучняў вельмі карыснае, паколькі любы “жоўты” мае свайго “настаўніка” ў асобе “зялёнага”, “зялёны” мае магчымасць замацаваць свае веды ў працэсе тлумачэння матэрыялу “жоўтаму”, а я сама працую толькі з некалькімі “чырвонымі” вучнямі, якія маюць больш сур’ёзныя праблемы.

Пры паўтарэнні або падрыхтоўцы да праверачнай (кантрольнай) работы тэхніка “Святлафор” працуе наступным чынам: спачатку я дакладна вызначаю крытэрыі НаШтоБуЗУ. Потым вучні кожны крытэрый адзначаюць пэўным колерам: “зялёны” — усё зразумела, “жоўты” — у мяне ёсць сумненні (цяжкасці), “чырвоны” — я не зразумеў матэрыял. Па сукупнасці ўсіх колераў я бачу, якія пытанні з пройдзенага матэрыялу трэба паўтарыць або яшчэ раз растлумачыць.

Выкарыстоўваю тэхніку “Святлафор” і пры арганізацыі самастойнай дзейнасці навучэнцаў: “зялёны” — я ўсё зрабіў, гатовы да дадатковага задання, “жоўты” — я яшчэ працую, “чырвоны” — патрэбна дапамога. Такі прыём дапамагае арыентавацца ў тым, заданні якога ўзроў­ню выкананы навучэнцамі, не ўмешвацца ў сама­стойную работу школьнікаў і абмяжоўвацца мінімальнымі тлумачэннямі.

Каментарыі настаўніка

Пры напісанні каментарыяў да работы навучэнцаў кіруюся парадай эксперта актыўнай ацэнкі Дануты Стэрна: “Добры каментарый павінен уключаць 4 элементы: падкрэсліванне і пахвала станоўчых бакоў вучнёўскай работы; вызначэнне таго, што павінна быць выпраўлена, над чым трэба папрацаваць дадаткова; падказкі, як гэта можна зрабіць; парады, у якім напрамку вучань павінен працаваць далей”. У мэтах мінімізацыі часавых затрат практыкую прымяненне табліцы, якая ўключае ў сябе крытэрыі НаШтоБуЗУ і каментарыі настаўніка па кожным з іх. Прычым для вылучэння 4 элементаў зваротнай сувязі пры каментаванні выкарыстоўваю ўмоўныя знакі: [++] — падкрэсліванне і пахвала станоўчых бакоў вучнёўскай работы; [–] — вызначэнне таго, што павінна быць выпраўлена, над чым трэба працаваць дадаткова; [DD] — указанні на тое, якім чынам вучань павінен выправіць работу; [­] — указанні на тое, у якім напрамку вучань павінен працаваць далей. Пры праверцы работы насупраць кожнага крытэрыя выстаўляю ўмоўны знак. Разгорнуты каментарый даю толькі там, дзе вучань зрабіў памылкі. Заўсёды прапаную вучню дадатковае міні-заданне, звязанае з дапушчанай памылкай. Выкананне дадатковага задання дазваляе замацаваць свае веды, а мне пераканацца, што вучань не проста спісаў правільны варыянт у аднакласніка, а “прапрацаваў” сваю памылку.

Пры каментаванні работ моцных вучняў памылкі не выпраўляю, а адзначаю іх чырвонай кропкай і даю рэкамендацыі, як вызначыць характар памылкі і выправіць яе.

Выхадны тэст

Узровень дасягнення пастаўленых на занятках мэт правяраю з дапамогай выхаднога кантролю, кожнае заданне якога адпавядае крытэрыям ацэньвання (НаШтоБуЗУ), распрацаваным для вывучэння новай тэмы. Вынікі выхаднога тэста служаць арыенцірам для дамашняга задання, якое навучэнцы вызначаюць па карэкцыйнай карце, распрацаванай да гэтага тэста. Поўнае засваенне матэрыялу прадугледжвае вызваленне ад дамашняга задання або выкананне творчага задання па жаданні вучня.

На заканчэнне хачу адзначыць, што прымяненне прыёмаў зваротнай сувязі на ўроках рускай мовы спрыяе:

  • развіццю большасці ўменняў, неабходных не толькі ў вучэбнай дзейнасці, але і ў рэальным жыцці;
  • павышэнню матывацыі да навучання;
  • фарміраванню ў навучэнцаў базавых кампетэнцый і навыкаў самаадукацыі, перш за ўсё камунікатыўнай, ацэначнай і вучэбна-пазнавальнай кампетэнцый;
  • забеспячэнню канструктыўных, бесканфліктных узаемаадносін паміж суб’ектамі адукацыйнага працэсу;
  • захаванню здароўя навучэнцаў праз зніжэнне псіхалагічнага напружання на ўроках;
  • павышэнню асабістай адказнасці вучняў за працэс навучання.

Ірына СТАРАВОЙТАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рэчыцкай сярэдняй школы
Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці, бакалаўр педагагічных навук
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.