Для ўлюбёных у матэматыку

- 15:06Адукацыйная прастора

Цяпер і ў навучэнцаў сярэдніх класаў Міншчыны з’явілася магчымасць прадэманстраваць свае веды па прадмеце на матэматычных баях. У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся I Абласны адкрыты міні-турнір юных матэматыкаў для навучэнцаў 5—7 класаў.

Апошнія гады Мінская вобласць праводзіць абласныя турніры сярод юных матэматыкаў, фізікаў, хімікаў для навучэнцаў 8—11 класаў. Абласная творчая група настаўнікаў матэматыкі ініцыіравала правядзенне міні-турніру юных матэматыкаў для навучэнцаў 5—7 класаў. З парадкам турніру і правіламі яго правядзення можна было азнаёміцца на сайце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі www.moiro.by.
У першым міні-турніры пажадала прыняць удзел 12 каманд. А гэта 72 навучэнцы з 11 раёнаў Мінскай вобласці (Вілейскага, Дзяржынскага, Любанскага, Маладзечанскага, Пухавіцкага, Нясвіжскага, Слуцкага, Салігорскага, Старадарожскага, Стаўбцоўскага, Чэрвеньскага), а таксама адна каманда-госця з Кобрына Брэсцкай вобласці.
Каманда-пераможца "Эрудыты" са старшынёй міні-турніру І.В. Якіменкам. Як адзначыла на адкрыцці спаборніцтва Святлана Уладзіміраўна Сітнікава, рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, правядзенне такіх мерапрыемстваў дазваляе таленавітым школьнікам праявіць сябе, прадэманстраваць веды, набыць новы вопыт, а таксама пасябраваць з такімі ж захопленымі матэматыкай школьнікамі, як і яны. Вынік такой работы — высокія дасягненні навучэнцаў Мінскай вобласці на рэспубліканскіх і міжнародных турнірах юных матэматыкаў, фізікаў.
Старшыня журы міні-турніру Іван Віктаравіч Якіменка, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, фіналіст конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2011”, старшыня педагагічнага клуба “Флагман”, член абласной творчай групы настаўнікаў матэматыкі, адзначае, што школьнікі, якія прымаюць удзел у такіх спаборніцтвах, набываюць уменні адаптавацца да зменлівых фактараў навакольнага асяроддзя, працаваць у камандзе, дамаўляцца, праяўляць эмпатыю, адстойваць свой пункт гледжання і інтарэсы ўсёй каманды.
У склад членаў журы міні-турніру ўвайшлі педагогі абласной творчай групы настаўнікаў матэматыкі Мінскай вобласці, кіраўнікі каманд-удзельніц, студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, якія раней удзельнічалі і перамагалі ў рэспубліканскай алімпіядзе і рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў.
Як адзначылі ўдзельнікі першага міні-турніру, удзельнічаць у падобных мерапрыемствах ім падабаецца таму, што гэта камандная работа, падчас якой яны адчуваюць дух спаборніцтва і маюць магчымасць рашаць цікавыя задачы.
Са слоў кіраўнікоў каманд, чым раней навучэнцы пачынаюць удзельнічаць у падобных спаборніцтвах, тым больш вопыту вядзення дыскусіі, адстойвання ўласнага пункта гледжання яны набываюць. Школьнікі ва ўзросце 10—13 гадоў праяўляюць вялікую цікавасць да камандных відаў спаборніцтваў, таму неабходна падтрымліваць і развіваць яе.
На думку кіраўніка каманды сярэдняй школы № 8 Кобрына В.М.Калінчука, правядзенне такіх мерапрыемстваў у сучаснай сістэме адукацыі неабходна для збалансаванасці прыярытэтаў. Адны прадметныя алімпіяды не ў стане кампенсаваць багацце шоу, спартыўных спаборніцтваў, рэкламы і г.д. Неабходна разнастайнасць форм работы з адоранымі і захопленымі дзецьмі. Міні-турнір юных матэматыкаў з’яўляецца яшчэ адным кірункам работы з навучэнцамі. Турнір дазваляе захапіць дзяцей якраз у самым спрыяльным узросце. Удзельнікі кобрынскай каманды засталіся вельмі задаволены і сваім удзелам, і сустрэчай, і арганізацыяй турніру, таму паехалі дадому з велізарным жаданнем удзельнічаць у наступным спаборніцтве.
Па выніках усіх баёў першае месца на першым міні-турніры заняла каманда “Эрудыты” з гімназіі № 1 Любані (кіраўнікі — настаўнікі матэматыкі гімназіі Т.І.Карповіч і Н.А.Жэчка). Дыпломамі ІІ ступені адзначаны каманды “Случ” гімназіі № 1 Слуцка (кіраўнік — настаўнік матэматыкі гімназіі Г.В.Семяновіч); “Вектар” гімназіі № 1 Старых Дарог (кіраўнікі — настаўнікі матэматыкі гімназіі І.М.Калеснік і С.М.Ігнаценка). Дыпломы ІІІ ступені атрымалі адразу пяць каманд: “Віляйчане” з Вілейскай гімназіі № 2 (кіраўнікі — настаўнікі матэматыкі гімназіі В.У.Барысевіч і Р.У.Пятрова); “Алгарытмікі” з гімназіі № 1 Стоўбцаў (кіраўнікі — настаўнікі матэматыкі гімназіі А.В.Нашчынец і С.В.Цвірко); “Канстанта” з Мар’інагорскай гімназіі (кіраўнікі — настаўнікі гімназіі А.І.Дылеўская і А.А.Парфенава); каманда сярэдняй школы № 8 Кобрына (кіраўнікі — настаўнікі матэматыкі В.Н.Калінчук і Н.В.Лазоўская), а таксама “Паралель” з Нясвіжскай гімназіі (кіраўнікі — настаўнік матэматыкі гімназіі П.М.Раманчук і студэнт ФПМІ БДУ В.У.Марчук). І чатыры каманды былі адзначаны пахвальнымі водзывамі.
Віншуем юных матэматыкаў і іх педагогаў з выдатным выступленнем!

Падрыхтавала Святлана КІРСАНАВА.