Для ўніверсітэта і для краіны

- 10:49Актуально, Апошнія запісы

У БДПУ імя Максіма Танка адкрыты Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі

Гэта першы і ўнікальны ў плане магчымасцей рэсурсны цэнтр, які будзе вырашаць цэлы шэраг адукацыйных задач. Як заўважыў на цырымоніі адкрыцця цэнтра рэктар БДПУ Аляксандр Жук, ён будзе працаваць не толькі на ўніверсітэт, а на ўсю краіну.

“Ва ўмовах сусветнай інфарматызацыі, глабалізацыі ўсё больш увагі ўдзяляецца развіццю сучасных IT-тэхналогій, у тым ліку робататэхнікі, яе адукацыйнага і развіццёвага патэнцыялу, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. — Вучоныя лічаць, што праз два дзесяцігоддзі палову людзей, занятых у прамысловасці і сферы абслугоўвання, заменяць робаты. Зразумела, што мы павінны рэагаваць на выклікі будучыні і рыхтаваць нашу моладзь да жыцця ў новых умовах, у новых тэхналагічных укладах. Неабходна рыхтаваць настаўніка новага фармату, які быў бы гатовы фарміраваць у школьнікаў уяўленне аб сучасных IT- і інжынерных спецыяльнасцях, робатабудаванні, кіраванні рознымі электроннымі прыладамі. Такую работу мы ўжо вядзём у нашым універсітэце, і стварэнне рэсурснага цэнтра дазволіць нам перанесці яе на якасна новы ўзровень”.

Рэсурсны цэнтр аснашчаны найноўшымі камп’ютарамі, адукацыйнымі робатамі, 3D-прынтарам і іншымі прыладамі. Па словах Аляксандра Жука, тут будзе весціся падрыхтоўка студэнтаў, будучых настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і іншых прыродазнаўчанавуковых дысцыплін для работы з навучэнцамі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя.

Другім напрамкам дзейнасці цэнтра будзе работа са школьнікамі. Выкладчыкі БДПУ ўжо цяпер праводзяць факультатыўныя заняткі з навучэнцамі 5—7 класаў у гімназіі № 20 Мінска і Азярцоўскай сярэдняй школе Мінскага раёна. “З адкрыццём цэнтра шэраг заняткаў можа быць перанесены сюды, — заўважыў Аляксандр Жук. — І мы гатовы працаваць не толькі са школамі, дзе ёсць педагагічныя класы, з якімі мы супрацоўнічаем, а запрашаем дзяцей з усёй краіны, напрыклад, на экскурсіі ці для заняткаў у шосты школьны дзень”.

І трэцяя задача, якую будзе вырашаць цэнтр, — павышэнне кваліфікацыі і вучэбныя курсы для настаўнікаў матэматыкі, фізікі і інфарматыкі, таксама не толькі са сталічных устаноў адукацыі, але і з усёй Беларусі. Магчымасці цэнтра дазволяць арганізаваць гэта на найвышэйшым узроўні.

Спонсарамі праекта выступілі “Прiорбанк”, а таксама кампаніі — рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій “Сістэмныя тэхналогіі” і “БайТэхСалюшн”. Як паведаміў Аляксандр Жук, іх дапамога ў стварэнні рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі склала больш як 55 тысяч долараў. І ёсць дамоўленасць, што супрацоўніцтва прадоўжыцца.

“Нашы партнёры разумеюць важнасць адукацыі і падрыхтоўкі настаўнікаў для будучыні краіны, — заўважыў Аляксандр Іванавіч. — Сёння настаўнік становіцца галоўнай фігурай у фарміраванні інтэлекту нацыі, а гэта наш найважнейшы рэсурс”.

У цырымоніі адкрыцця Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі прыняў удзел першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. Ён павіншаваў студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта з такой важнай падзеяй і выказаў спадзяванні, што магчымасці цэнтра будуць выкарыстоўвацца максімальна эфектыўна.

Госці цырымоніі адкрыцця рэсурснага цэнтра сталі сведкамі футбольнага матча паміж камандамі робатаў. Канструявалі і праграмавалі іх навучэнцы гімназіі № 20 Мінска (на базе гэтай гімназіі функцыянуюць 4 філіялы кафедраў БДПУ), а таксама навучэнцы гімназіі № 74 сталіцы і Ліцэя БДУ пад кіраўніцтвам выкладчыка фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ Аляксандра Францкевіча. Акрамя таго, быў праведзены майстар-клас па выкарыстанні набораў для робататэхнікі ў вучэбным працэсе.

“Спадзяюся, што стварэнне гэтага цэнтра дапаможа развіваць у нашай краіне адукацыйную робататэхніку, — заявіў Аляксандр Жук. — У будучыні будзем выходзіць на Міністэрства адукацыі з прапановай адкрыць ва ўніверсітэце адпаведную спецыяльнасць на першай ступені вышэйшай адукацыі. А ўжо з наступнага года мы гатовы пачаць падрыхтоўку магістраў па адукацыйнай робататэхніцы”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.