Для ўпэўненасці, для настрою, для будучыні

У сёлетніх выпускнікоў экзамены за курс навучання на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі набліжаюцца да завяршэння. Сёння дзевяцікласнікі, а іх у краіне 85 тысяч, здаюць апошні экзамен. За плячыма вучняў 9 “А” класа барысаўскай сярэдняй школы № 20 — выпрабаванні па беларускай і рускай мовах. У дзень, калі школьнікі пісалі дыктант па рускай мове, наш карэспандэнт завітаў у гэтую ўстанову адукацыі.

Адразу на ўваходзе ў школу наведвальнікаў сустракае таблічка “Захоўвайце цішыню! Іду ць экзамены” і прымушае адчуць усю адказнасць і сур’ёзнасць моманту. Чужыя тут не пройдуць: ні на працягу навучальнага года, калі іду ць заняткі, ні асабліва зараз, падчас экзаменаў, — абсталявана прапускная сістэма з турнікетамі. Ды і мне, дарэчы, давялося прадаставіць дакумент і крыху пачакаць у намесніка дырэктара, калі ў дзяцей закончыцца экзаменацыйнае выпрабаванне.

Нягледзячы на тое, што экзамен у дзевяцікласнікаў ужо не першы і што педагогі паспрабавалі стварыць для вучняў камфортную рабочую атмасферу, на тварах дзяцей, якія чародкай выбеглі з кабінета, чыталася некаторае хваляванне. Яны адразу пачалі, перабіваючы адно аднаго, штосьці абмяркоўваць. Заклапочанасць была відаць і на тварах педагогаў, якія ўваходзілі ў склад экзаменацыйнай камісіі: настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Юліі Мікалаеўны Жаўняровіч, Вольгі Мікалаеўны Сіманковай і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Жанны Генадзьеўны Прахорчанка. Гэта і зразумела, наперадзе — праверка работ. Экзамен пакажа ўзровень набытых ведаў, і вынік яго — складнік для сярэдняга бала атэстата. І для ўпэўненасці, і для настрою, і для будучыні.

9 “А” — клас, у якім школьнікі вывучалі спецыяльныя прадметы музычнай накіраванасці (хор-клас, ігра на музычным інструменце, сальфеджыа і інш.) за кошт факультатыўных заняткаў. І дасягнулі ў гэтым дастаткова высокіх вынікаў. Навучэнцы класа ўваходзяць у склад ансамбля духавых інструментаў “Брас-бэнд “Мажор”. Таццяна Шакавец і Аляксандра Кашырская займаюцца ва ўзорным ансамблі цымбалістаў “Праменьчык”. У класе вучацца дастаткова паспяховыя вучні, якія цікавяцца не толькі музыкай, але і вучобай. Ірына Галубоўская — прэтэндэнтка на атрыманне пасведчання з адзнакай. Добра дзяўчына зарэкамендавала сябе на раённай алімпіядзе па хіміі — атрымала дыплом І ступені. Яна ўдзельнічала ў складзе каманды школы ў абласным турніры юных хімікаў (на рахунку каманды — дыплом ІІІ ступені). Па гісторыі Уладзіслаў Басарскі праявіў свае лепшыя здольнасці і заваяваў дыплом І ступені на раённай алімпіядзе.

Па словах настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ю.М.Жаўняровіч, клас, у якім яна працавала, вельмі актыўны і дапытлівы. З аднаго боку, тут сабраны вучні, якія прывыклі быць на сцэне, у цэнтры ўвагі, з іншага боку, гэты клас шумны і непаседлівы, таму важна было іх настроіць на работу, падрыхтаваць псіхалагічна.

Для дзевяцікласніцы Таццяны Шакавец экзамен быў вельмі хвалюючым і напружаным. “Пастаянна даводзілася думаць, прыгадваць правілы напісання слоў і пастаноўкі знакаў прыпынку, шукаць праверачныя словы, — дзеліцца сваімі ўражаннямі дзяўчына. — Для мяне беларускую мову было лягчэй здаваць, бо там як чуеш, так і пішаш, было неяк больш упэўненасці. Дыктант мне падаўся дастаткова складаным, у ім было многа слоўнікавых слоў. Прапрацоўвала зборнік экзаменацыйных матэрыялаў, рыхтавалася па кнігах — чытала навуковую літаратуру па псіхалогіі. Пасля 9 класа хачу паступіць у Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй на філалагічны напрамак”.

Асаблівых цяжкасцей не выклікаў дыктант у Мікіты Тарасава. Хаця хлопец вельмі хваляваўся, аднак адчуваў сябе падрыхтаваным — пад дыктоўку пісаў тэксты з мамай. Мікіта займаецца ў тэатральнай студыі “Магія”, паспяхова прымае ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, любіць праграмаванне і дакладныя навукі. Плануе пайсці ў 10 фізіка-матэматычны клас, а пасля заканчэння школы паступіць у БНТУ на праграмаванне і робататэхніку.

— Для мяне экзамен таксама вельмі хвалюючы, — адзначае Юлія Мікалаеўна, — бо гэта мае першыя выпускнікі. Для напісання на выбар нам былі прапанаваны два тэксты “Ночной лес” і “Аисты”. Па сваёй мастацкай вартасці, напоўненасці арфаграмамі, пунктаграмамі гэтыя тэксты фактычна раўназначныя. Аднак перавага была аддадзена тэксту “Ночной лес” — падкупіла прыродаапісальнасць, адпаведнасць настрою, меншая колькасць абзацаў, слоў. Складаныя словы, якія вучні радзей чулі, былі выпісаны на дошцы.

Як расказала Ю.М.Жаўняровіч, падрыхтоўка да экзамену вялася як на ўроках, так і на факультатыўных і стымулюючых занятках. Па аўторках на працягу года праводзіліся факультатыўныя заняткі “Сакрэты сінтаксісу і пунктуацыі”. Спачатку вучні паўтаралі матэрыял 8 класа, акцэнтавалі ўвагу на складаных сказах. Асноўная задача, якая стаяла перад педагогам, — сістэматызаваць атрыманыя веды, каб у дзяцей узнікла сістэма разумення правапісу тых ці іншых знакаў прыпынку. Акрамя сінтаксічнай пяцімінуткі, абавязкова праводзілася арфаграфічная, на якой асаблівая ўвага ўдзялялася правілам, на якія вучні часцей за ўсё рабілі памылкі. Пры падрыхтоўцы актыўна выкарыстоўвалася папка з апорнымі табліцамі і схемамі-дапаможнікамі. У другім паўгоддзі вучні пісалі дыктанты са зборніка экзаменацыйных матэрыялаў, прычым падбіраліся самыя складаныя тэксты.

Па выніках экзамену па рускай мове 10 дзевяцікласнікаў пацвердзілі сваю гадавую адзнаку, 9 вучняў павысілі яе на адзін бал і 3 школьнікі напісалі дыктант на бал ніжэй.

Пасля апошняга экзаменацыйнага выпрабавання дзевяцікласнікі атрымаюць пасведчанні за курс базавай школы. Ім трэба зрабіць у многім лёсавызначальны выбар: паступаць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай ці прафесійна-тэхнічнай адукацыі або працягнуць навучанне ў роднай школе. На старшай ступені ўстанова прапануе навучанне па мадэлі мультыпрофілю. Па запытах дзяцей і бацькоў плануецца сфарміраваць два класы: у адным на павышаным узроўні будзе вывучацца хімія і біялогія, руская і замежныя мовы, а ў другім — адна група дзяцей будзе асвойваць фізіку і матэматыку, другая — вывучаць прадметы на базавым узроўні. Галоўнае — не памыліцца з выбарам!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.