Для Віцебскага рэгіёна. І не толькі

- 9:48Выбар прафесіі

Сёлета ў Полацкім дзяржаўным універсітэце адкрываецца новая спецыяльнасць “Сацыяльныя камунікацыі”. Дагэтуль адпаведных спецыялістаў у нашай краіне рыхтаваў толькі Белдзяржуніверсітэт.

Неабходнасць падрыхтоўкі спецыялістаў па сацыяльных камунікацыях на Віцебшчыне наспела ўжо даўно. Вобласць з’яўляецца высокаразвітым індустрыяльным рэгіёнам, прамысловасць якога прадстаўлена больш чым 260 буйнымі прадпрыемствамі розных галін. Акрамя таго, у рэгіёне налічваецца больш за 6 тысяч прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці.
“Для прасоўвання прамысловай прадукцыі на знешніх і ўнутраных рынках неабходна адпаведнае інфармацыйнае забеспячэнне, — тлумачыць загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Аляксандравіч Бортнік. — Актуальнымі задачамі развіцця сучаснай прамысловасці і іншых форм гаспадарчай дзейнасці з’яўляецца стварэнне канкурэнтаздольнай рэкламнай прадукцыі, адсочванне змяненняў патрэб у прадукцыі на знешніх і ўнутраных рынках, уменне пераарыентаваць прамысловыя і інфармацыйныя магутнасці на гэтыя патрэбы. Будучыя спецыялісты па сацыяльных камунікацыях і змогуць вырашаць згаданыя задачы, што павінна садзейнічаць актывізацыі прадпрымальніцкай актыўнасці ў рэгіёне і краіне”.
Перад выпускнікамі спецыяльнасці “Сацыяльныя камунікацыі” адкрываецца вельмі шырокі рынак працы — гэта прамысловыя, транспартныя і гандлёвыя прадпрыемствы, крэдытна-фінансавая сфера, адміністрацыйныя ўстановы, сродкі масавай інфармацыі. Яны змогуць паспяхова працаваць спецыялістамі па сувязях з грамадскасцю, спецыялістамі па рэкламе, спецыялістамі па падборы персаналу, PR-менеджарамі, маркетолагамі ў дзяржаўных і камерцыйных арганізацыях, прэс-сакратарамі.
Дарэчы, патрэбу ў падобных спецыялістах ужо пацвердзілі кіраўнікі ААТ “Нафтан”, ААТ “Інвет”, ААТ “Завод прыбораў аўтаматычнага кантролю”, філіялаў “ААБ Беларусбанк” у Полацку і Наваполацку і іншыя. Ёсць запыты на такіх спецыялістаў і ад прадпрыемстваў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.
У гэтым годзе на новую спецыяльнасць выдзелена 7 бюджэтных месцаў і 23 — на ўмовах аплаты. Каб прэтэндаваць на ўдзел у конкурсе, абітурыентам трэба прадставіць у прыёмную камісію сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па гісторыі Беларусі, беларускай (рускай) мове і грамадазнаўстве.
Тыя, хто паступіць на першы курс, атрымаюць доступ да інавацыйных адукацыйных тэхналогій. Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з’яўляецца вядучай установай вышэйшай адукацыі ў сферы падрыхтоўкі спецыялістаў фінансава-эканамічнага профілю ў Віцебскім рэгіёне і мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу для масавага выкарыстання. У распараджэнні студэнтаў — больш за 50 аўдыторый са стацыянарным мультымедыйным абсталяваннем, каля дзвюх тысяч камп’ютараў, а таксама суперкамп’ютарны кластар “СКІФ-Трыяда”. Важна і тое, што ўніверсітэт мае трывалыя сувязі з многімі прадпрыемствамі Полацка і Наваполацка, што дазваляе ажыццяўляць якасную практычную падрыхтоўку спецыялістаў. А высокапрафесійныя выкладчыкі і прафесары здольныя даць студэнтам добрую базу для выбудоўвання будучай кар’еры.

Галіна СІДАРОВІЧ.