Дні адкрытых дзвярэй у анлайн-рэжыме

- 9:30Выбар прафесіі

Беларускія ўніверсітэты з нецярпеннем чакаюць сустрэч з абітурыентамі, але пакуль гэта магчыма толькі ў рэжыме анлайн. Як і вясной, дні адкрытых дзвярэй праходзяць за маніторамі камп’ютараў. Гэта не добра і не дрэнна, а дадзенасць, з якой даводзіцца мірыцца. Першая сустрэча з універсітэтам, першае захапленне, першае ўсведамленне сябе часткай вялікага свету навукі — усё гэта, вядома, адбудзецца з абітурыентамі, але потым. Як у песні: “надо только выучиться ждать…”

Зараз універсітэты імкнуцца даць сваім будучым студэнтам максімум карыснай інфармацыі. Заўважна актывізавалася работа ў сацыяльных сетках і месен­джарах, вельмі шмат кантэнту заліваецца на ўніверсітэцкія YouTube-каналы. Запатрабаванымі аказаліся нават звычайныя тэлефоны. Калі ёсць пытанні, то адказы на іх можна атрымаць па-старому, проста набраўшы нумар прыёмнай камісіі ці адпаведнага факультэта. Хто б мог падумаць, што людзі зноў пачнуць тэлефанаваць?

Такім чынам, магчымасцей для камунікацыі мноства, у нейкім сэнсе нават больш, чым калі на дзень адкрытых ­дзвярэй трэба было прыязджаць асабіста. У розныя ўніверсітэты і гарады асабліва не наездзішся — далёка, доўга, дорага. Зараз жа, седзячы дома за камп’ютарам, можна “наведаць” любы ўніверсітэт, любы факультэт і нават кафедру, а калі праспаў, то паглядзець мерапрыемства ў запісе. Можна перагледзець усёй сям’ёй. Праўда, можна таксама адкласці на потым і… забыцца. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Вядома, універсітэты сумуюць без сваіх абітурыентаў, без звыклых (няхай шумных і часам мітуслівых) дзён адкрытых ­дзвярэй. Гэта заўсёды былі вельмі яркія сустрэчы. І як прыемна потым убачыць знаёмыя твары сярод першакурснікаў!

Сёлета традыцыйныя дні адкрытых дзвярэй, прымеркаваныя да школьных зімовых канікул, праводзіліся ў рэжыме анлайн. Дыстанцыйнае знаёмства са сваімі абітурыентамі арганізаваў і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Старшакласнікі “наведалі” факультэты і інстытуты БДПУ, даведаліся пра асаблівасці паступлення і навучання, пра насычанае навуковае, культурнае і спартыўнае жыццё ва ўніверсітэце. Акрамя таго, у рамках дзён адкрытых дзвярэй адбылася анлайн-канферэнцыя з прыёмнай камісіяй, дзе абітурыенты задалі пытанні, якія іх цікавяць, і атрымалі вычарпальныя адказы. Дарэчы, запісы ўсіх эфіраў размешчаны на YouTube-канале БДПУ. Паглядзіце — гэта было цікава. Можна нават правесці прафарыентацыйнае мерапрыемства для старшакласнікаў ці проста даць ім спасылку для прагляду.


Вядома, утульна дома заварыць гарбаты, уладкавацца ямчэй, уключыць камп’ютар і завіснуць у інтэрнэце. Мора інфармацыі (карыснай і не вельмі), бяры — не хачу. Вандруй, вучыся, даведвайся!.. І ўсё ж цікава: абітурыентам бракуе звычайных сустрэч? Ці адчуваюць яны патрэбу ў тым, каб дзень адкрытых дзвярэй правесці не за маніторам камп’ютара, а ў сапраўднай студэнцкай аўдыторыі? Ці мараць яны, калі ўсё скончыцца, адкласці гаджэты, сесці ў аўтобус ці цягнік, выдаткаваць грошы, час і адправіцца ва ўніверсітэт на рэальную сустрэчу? У інтэрнэце ж інфармацыі паболей будзе! Я пісала раней, што дні адкрытых дзвярэй ператвараюцца ў дні адкрытых (камп’ютарных) вокнаў і свет вакол відавочна набывае новыя абрысы. Усё да гэтага ішло, але каранавірус прыспешыў многія працэсы: жыццё пасля яго ўжо не будзе ранейшым.

Зрэшты, пабываць ва ўніверсітэце ўсё роўна варта — і чым раней, тым лепш. Я дагэтуль памятаю дзень адкрытых дзвярэй у БДУ і свае адчуванні, калі я выйшла з універсітэцкага дворыка. Гэта была найвышэйшая матывацыя, мэта і мара! Я ведала, што хачу вярнуцца сюды ўжо студэнткай. Магчыма, хтосьці ўмее натхняцца праз інтэрнэт — і гэта выдатна. Але трапіць пад магію ўніверсітэцкага асяроддзя — асаблівая ўдача. Гэта значыць знайсці сваё, завяршыць пошук, сканцэнтравацца на важным — здаць экзамены і паступіць. А яшчэ ведаць, што не толькі вам патрэбен універсітэт, але і вы патрэбны ўніверсітэту.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.