Дні адкрытых дзвярэй

- 10:34Навіны рэгіёнаў

правялі Гомельскі каледж — філіял БелДУТа і Гомельскі гарадскі ліцэй № 1

На экскурсію ў Гомельскі каледж — філіял Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту прыйшло каля 200 чалавек. Школьнікі разам з бацькамі прыехалі ў Гомель з розных гарадоў краіны. Пра гісторыю, сучасныя кірункі і перспектывы развіцця ім расказаў дырэктар каледжа Сяргей Парошын.

—У нашай установе 920 навучэнцаў вучыцца на дзённай форме. Мы гарантуем працаўладкаванне пасля заканчэння не толькі для бюджэтных спецыяльнасцей, але і па жаданні для навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю на платнай  ­аснове, — адзначыў  С.Парошын.

Дзецям растлумачылі нюансы ўступнай кампаніі і ўмовы прыёму, а таксама адказалі на ўсе пытанні. Гасцей правялі па каледжы і азнаёмілі з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы. Магчымыя абітурыенты паспрабавалі сябе ў ролі машыніста на трэнажорах, паглядзелі, як абслугоўваецца рухомы састаў і працуе дыспетчарская служба.

У Гомельскім гарадскім ліцэі № 1 школьнікам расказалі пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу і правілы паступлення.

— Навучанне ў ліцэі — гэта гарантаванае паступленне ва УВА, — гаворыць дырэктар установы Таццяна Чаплінская. — Прычым спектр універсітэтаў і інстытутаў, у якія паступаюць нашы выпускнікі, не абмежаваны Беларуссю. Гомельскі гарадскі лі­-

цэй № 1 ганарыцца сваім кваліфікаваным педагагічным складам. Галоўны козыр — якасць адукацыі, якую штогод дзеці пацвярджаюць на алімпіядах і цэнтралізаваным тэсціраванні. Мы ганарымся нашымі стабальнікамі: 18 выпускнікоў ліцэя набралі абсалютны максімум на ЦТ. У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды прынялі ўдзел дзесяць вучняў, пяць з іх узнагароджаны дыпломамі, трое — пахвальнымі лістамі.

Цяпер у ліцэі вучыцца 238 навучэнцаў. Ёсць тры фізіка-матэматычныя класы, два хіміка-біялагічныя і два спецыялізуюцца на паглыбленым вывучэнні матэматыкі і замежнай мовы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.