Добрае прырастае лепшым

- 13:34Якасць адукацыі

У Віцебскім дзяржаўным ўніверсітэце імя П.М.Машэрава 14 студзеня павіншавалі ўладальнікаў спецыяльнага прыза Docendo discimus: урачыстая цырымонія прымеркавана да 110-годдзя ўстановы адукацыі.

Уладальнік спецыяльнага прыза “Docendo discimus” у намінацыі “Кіраўнік года” — дэкан факультэта ма­тэматыкі і інфармацыйных тэхналогій кандыдат фізіка-матэматычных навук дацэнт Алена Залеская. Факультэт пад яе кіраўніцтвам — пераможца ў намінацыі “Факультэт года”.

Эстафета прысвечаных юбі­лею мерапрыемстваў стартавала ў ВДУ ў снежні, а афіцыйнае святкаванне вырашана перанесці на май бягучага года. Адкрываючы пашыранае пасяджэнне вучонага савета, рэктар універсітэта, доктар эканамічных навук, прафесар Валянціна Багатырова падкрэсліла, што гэты дзень незвычайны і з’яўляецца адной са знакавых старонак больш чым 110-гадовай гісторыі.

— Мінулы год быў няпросты, але давайце падводзіць вынікі, — звярнулася Валянціна Васільеўна да прысутных. — Мы навучыліся працаваць у дыстанцыйным фармаце, увасобілі ў жыццё шмат новых крэатыўных ідэй. Нашы прафесары Мікалай Цімафеевіч Вараб’ёў, Ганна Міхайлаўна Мезэнка, Валянціна Абрамаўна Маслава, Аляксандр Аляксандравіч Чыркін удастоены дзяржаўных узнагарод. У нас з’явіўся і ўжо даволі сур’ёзна заявіў пра сябе праект “Школа лідараў “Машэраўцы”, у якім за­дзейнічана больш чым 500 чалавек — гэта не проста фармальнае аб’яднанне, а эфектыўная пляцоўка для ўзаемадзеяння, наладжвання кантактаў, рэалізацыі мала­дзёжных ініцыятыў. Нам сапраўды ёсць кім і чым ганарыцца, і мы працягваем працаваць, каб тое вялікае, добрае, што мае ўніверсітэт, прырастала лепшым.

Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджаны прарэктар па навуковай рабоце ВДУ імя П.М.Машэрава доктар педагагічных навук прафесар Яўген Аршанскі і доктар філалагічных навук, прафесар Ванда Бароўка.

Прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі калектыву ўніверсітэта зачытала першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. “Прыміце шчырыя віншаванні са знамянальнай датай — 110-годдзем з дня заснавання ўстановы адукацыі, — гаворыцца ў пасланні. — Захоўваючы і прымнажа­ючы традыцыі айчыннай вышэйшай адукацыі, вы ўмацоўваеце статус адной са старэйшых беларускіх навучальных устаноў з багатай гісторыяй і сур’ёзнай навуковай базай. Сёння час ставіць перад вамі глабальныя задачы. Сістэма навучання будучых спецыялістаў павінна адпавядаць высокаму попыту на новыя кампетэнцыі і сучасныя веды. Важна, каб выпускнікі праслаўлялі свой універсітэт не толькі як прафесіяналы, але і як патрыёты”. Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць, што “майстэрства, імкненне да наватарства і асабісты прыклад выкладчыкаў універсітэта будуць садзейнічаць паспяховай рэалізацыі галоўных мэт дзяржаўнага будаўніцтва — інтэлектуальнаму развіццю нацыі і захаванню суверэнітэту нашай роднай Беларусі”. Ірына Старавойтава павіншавала юбіляраў ад імя Міністэрства адукацыі, асабіста міністра адукацыі Ігара Карпенкі і перадала ўніверсітэту сертыфікат на суму 80 тысяч рублёў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.

— Вы старэйшы ўніверсітэт, — адзначыла першы намеснік міністра адукацыі. — Вы тыя, хто выбудоўвалі і пачыналі ствараць сістэму вышэйшай адукацыі, пачынаючы з настаўніцкага інстытута. Зараз гэта маштабная, вельмі глыбокая навуковая ўстанова з наймацнейшым прафесарска-выкладчыцкім складам, студэнты якой набываюць унікальныя кампетэнцыі, якая з году ў год узрошчвае новыя спецыяльнасці, заўсёды запатрабаваныя ў розных сферах эканомікі. У вас вельмі моцны выхаваўчы патэнцыял. Вы ўмееце ўсё рабіць разам — студэнцтва і прафесарска-выкладчыцкі склад — ад ідэі да яе рэалізацыі. Мы хочам падзякаваць за вашу работу, адданасць прафесіі, краіне. Упэўнена, у далейшым вы будзеце ўдасканальваць сваю дзейнасць, укараняць інавацыі і заўсёды быць наперадзе.

Рэктар ВДУ Валянціна Багатырова ўручае спецыяльны прыз “Docendo discimus” у намінацыі “За ўклад у патрыятычнае выхаванне” пра­рэктару ўніверсітэта па выхаваўчай рабоце кандыдату педагагічных навук дацэнту Юліі Бежанар.

Супрацоўнікам універсітэта, якія дасягнулі значных поспехаў у рабоце, Ірына Старавойтава ўручыла нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Узнагароду атрымалі прарэктар па навуковай рабоце, доктар педагагічных навук, прафесар Яўгеній Аршанскі; прафесар кафедры літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар Ванда Бароўка; дацэнт кафедры гісторыі і культурнай спадчыны кандыдат гістарычных навук Таццяна Бубенька; дэкан факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый, доктар педагагічных навук, прафесар Сяргей Нікалаенка і дэкан педагагічнага факультэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Іна Шарапава. У рамках урачыстасці прайшла цырымонія ўзнагароджання спецыяльным прызам універсітэта Docendo discimus у намінацыях “Кiраўнiк года”, “Факультэт года”, “Кафедра года”, “Выкладчык года”, “Малады вучоны года”, “Праект года ВДУ”, “Дапамога людзям”, “Талент года”, “Студэнт года ВДУ”, “Спецыяліст года”, “Партнёр года ВДУ”, “За ўклад у развіццё ўніверсітэта”, “За ўклад у патрыятычнае выхаванне ВДУ”, “За ўклад у развіццё маладзёжнага навуковага руху ВДУ”, “За ўклад у развіццё валанцёрскага руху ВДУ”, “За ўклад у развіццё мастацтва і культуры ВДУ”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.