Добрае сэрца валанцёра

- 16:30Нам пішуць

Ні адна дзіцячая арганізацыя не абыходзіцца без ініцыятыўных, творчых, свабодных, працавітых, дапытлівых, энергічных і (так можна працягваць да бясконцасці) маладых людзей. Гаворка пра валанцёраў. Абыякавых сярод валанцёраў Нягневіцкай сярэдняй школы няма. Дзеці разумеюць, што валанцёрства — гэта добраахвотная, свядомая праца на карысць іншых.

У нашай школе назапашаны багаты вопыт валанцёрскага руху: дзяўчаты і хлопцы імкнуцца дапамагаць людзям, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, робяць іх жыццё святлейшым і ярчэйшым.

Узаемаадносіны са старэйшымі, умудронымі жыццёвым вопытам, будуюцца на прынцыпах узаемадапамогі і падтрымкі. Жаданне вучыць дзяцей быць шчаслівымі не толькі сваім асабістым шчасцем, але і адчуваць радасць ад зробленай справы, ад усмешак і падзякі тых, хто ў табе мае патрэбу, — вось што робіць атрад “Надзея”.

З пачуццём адказнасці валанцёры ўдзельнічаюць у акцыях “Клопат”, “Ветэран жыве побач”, “Дапамога манастыру”, бачаць вынік сваёй працы і з гонарам прымаюць словы ўдзячнасці ад былых вязняў Валянціны Аляксандраўны Турайкевіч, Лідзіі Іванаўны Сазановіч, ветэрана педагагічнай працы Анфісы Юльянаўны Шкарпета. Усё па плячы валанцёрам, усё робяць акуратна і прыгожа: прыбяруць двор, пасадзяць кветкі, праполюць грады. А ў якасці ўзнагароды атрымліваюць цікавы аповед гаспадароў, добрую параду і ласкавую ўсмешку.

Валанцёры — гаспадары сваёй роднай вёскі, таму і ставяцца да малой радзімы па-гаспадарску: узялі шэфства над помнікамі загінулых у Вялікай Айчыннай вайне салдат, сочаць за чысцінёй і парадкам, своечасова полюць і прыносяць кветкі. Гэта наш унёсак у агульную памяць, бясконцая падзяка за мірнае дзяцінства і юнацтва, за свабодную краіну.

Валанцёрскі атрад “Надзея” імкнецца падзяліць адзіноту, а часам і душэўны боль састарэлых людзей, сацыяльных хворых Нягневіцкай бальніцы сястрынскага догляду. Ужо стала традыцыяй рыхтаваць для іх канцэртную праграму “Ад шчырага сэрца”, дарыць зробленыя сваімі рукамі сувеніры і частаваць хатнім печывам.

Дзяўчынкі і хлопчыкі нашага атрада не пакідаюць без увагі Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі кляштар: дапамагаюць прыбіраць тэрыторыю, будаўнічую пляцоўку. Сяброўства з кляштарам прыўносіць у наша жыццё духоўнасць, дабрыню, вучыць бескарыслівай міласэрнасці.

Імкнёмся развіваць валанцёрскі рух у нашай школе: гэта вялікая дапамога нам і тым, з кімі працуем.

Як сонца асвятляе шлях і нясе цяпло, так і дзейнасць валанцёраў абагравае тых, хто побач, хто мае патрэбу ў клопаце і падтрымцы.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.