Добрага педагога бачна па ўлове

- 15:44Людзі адукацыі, Рознае

Беларускія настаўнікі, як вядома, — людзі творчыя і пазаўрочны час імкнуцца напоўніць адмысловымі заняткамі. Пра ўсходнія методыкі пазнання свету або падарожжы па экзатычных краінах мы гаварыць не будзем. Нашы героі — рыбакі. Так-так, тыя людзі, што праводзяць выхадны дзень з вудай на беразе рэчкі або возера. Думаеце, рыбалка — распаўсюджанае сярод настаўнікаў захапленне? Спытайце сваіх калег, калі апошні раз яны злавілі хаця б самага звычайнага карасіка? Нашы героі лавілі і карасікаў, і плотак, і лінькоў, нават кілаграмовых ляшчоў і пяцікілаграмовых шчупакоў. Навошта ім гэта? За адказам адправімся на бераг Вілейскага вадасховішча і закінем вуды разам з настаўніцай фізічнай культуры і здароўя Рабунскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Наінай Пятроўнай Лычаўка і яе калегам з Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця Вілейскага раёна Мінскай вобласці Аляксандрам Аляксеевічам Шэрым.

Рыбакі і рыбачкі

Калі мужчына ў выхадны дзень прачынаецца задоўга да світанку, скручвае вуды, бярэ насадкі, нажыўкі і, нягледзячы на надвор’е, адпраўляецца на пошукі рыбацкага шчасця — гэта яшчэ можна зразумець. А вось калі гэты рытуал паўтарае жанчына, у якой сям’я, дзеці… А чаму б і не? Няўжо нашым прыгожым і мілым паненкам у вольны час толькі і рабіць, што наводзіць чысціню ў доме, завіхацца на кухні ля пліты ці ў лепшым выпадку перапісвацца з сяброўкамі ў сацыяльных сетках? Што за стэрэатыпы? Хто іх прыдумаў? Жанчына з вудай — гэта ж настолькі міла і рамантычна, як і жанчына за рулём або жанчына з фотаапаратам.
Пра мужчын-рыбакоў варта сказаць асобна. Няпраўда, што ў іх “голыя бакі”. Мабыць, той, хто прыдумаў знакамітую прыказку, проста зайздроснік, гультай і зусім не рамантык. Рыбалка — гэта не толькі жаданне злавіць як мага больш рыбы, але і сустрэць туманныя світанкі, паназіраць за тым, як купаюцца ў вадзе сонечныя промні, як павольна гойдаецца на хвалях паплавок. Сапраўдны мужчына-рыбак перад тым, як закінуць вуды, абавязкова вырашыць дамашнія справы, зробіць усё магчымае, каб жонка і дзеці не крыўдавалі, што ён цэлы дзень правядзе не з сям’ёй, а ў кампаніі акунёў і плотак. З такім чалавекам можна смела ісці ў разведку, бо далёка не кожны з нас здольны сустракаць новы дзень не ў ложку, а на беразе вадаёма, захутаўшыся не ў цёплы плед, а прахалодны жнівеньскі туман. Не кожны можа ў дождж або спёку цэлы дзень чакаць таго моманту, калі паплавок нарэшце ўстрапянецца, некалькі разоў акунецца ў ваду, а потым пойдзе на дно ўслед за рыбай.

Ад банальных карасікаў

Захварэць на рыбалку вельмі проста. Для гэтага трэба толькі адзін раз падчапіць на кручок хаця б кілаграмовага ляшча. Моманты барацьбы з рыбай, яе выцягвання назаўсёды застануцца ў памяці. І потым ужо нішто цябе не спыніць: ні дождж, ні вецер. Ды і як можна спакойна сядзець у хаце, калі ведаеш, што ў рачным віры або на дне возера жыве рыба не вядомых табе дагэтуль памераў, калі тысячы плотак з нецярпеннем чакаюць твайго пачастунку смачнай груцай.
У Аляксандра Аляксеевіча Шэрага гэта не проста груца, а груца з пахам лаванды, настоеная ў тэрмасе. Вось такім з’яўляецца адзін з рыбалоўных сакрэтаў нашага героя. Як і кожны рыбак, настаўнік фізічнай культуры — эксперыментатар, вынаходнік, наватар, які імкнецца сумясціць несумяшчальныя, на першы погляд, рэчы. Узяць, напрыклад, банан. Калі ловяць на чарвяка, груцу, гарох, хлеб, цеста — гэта зразумела. А вось каб на беларускім вадаёме лавілі на банан, пры гэтым рыба яшчэ ахвотна бралася? Цуд, ды і толькі. Праўда, ёсць адна ўмова: рыбалка павінна быць зімовай, бо летам рыбе дастаткова корму. Наогул, сярод вілейскіх рыбакоў папулярны такі жарт, маўляў, на вадасховішчы рыба не каштавала толькі сервелату.
— Рыбалкай займаюся круглы год, фактычна перапынкаў няма. Зімой бяру скрыню, узвальваю бур на плечы — і наперад. Часам доўгі перыяд адкрытай вады пачынае надакучваць, хочацца ўжо і на зімовую рыбалку, хоць у гэты час і не зусім камфортна ў плане надвор’я. Аднак чым горшае надвор’е, тым больш азартным становішся, хочацца бегаць, шукаць рыбу на рознай глыбіні. Гэтай зімой будзем працягваць асвойваць безматыльную лоўлю “на чорціка” (нешта падобнае на мармышку, але з трайнічком). І драпежнік трапляецца, і падлешчык, і плотка, — дзеліцца Аляксандр Аляксеевіч.
Захапляецца настаўнік рыбалкай яшчэ з дзяцінства, якое прайшло на беразе калгасных сажалак, дзе вырошчваліся карасі, карпы. Хоць дзецям і забаранялі лавіць, аднак хітрыя хлапчукі ўсё ж знаходзілі магчымасць употай закінуць вуды. Як гаворыць настаўнік, усё пайшло адтуль, з тых банальных карасікаў. Сваю ролю ў захапленні рыбалкай адыграў і старэйшы брат.
— Чатыры гадзіны раніцы. Хочацца спаць, а ён: “Давай уставай, пайшлі-пайшлі”, — узгадвае настаўнік.
Нехта імкнецца на вадаём за вялікімі ляшчамі, агромністымі шчупакамі. Нашы героі адносяцца да рыбалкі не па-спажывецку, а па-філасофску. Рыбалка для іх — выдатная магчымасць адпачыць, забыць пра штодзённыя клопаты. Нядзіўна, што асноўная прылада рыбацкай працы — звычайная вуда. Вудзільна, лёска, кручок, грузік, паплавок, нават самая простая катушка і правадныя колцы выключаны.
— Лёска прывязваецца да кончыка вудзільна, як у дзяцінстве да арэшнікавай палкі. Машаш настолькі, наколькі дазваляе вудзільна. Шэсць метраў вудзільна, шэсць метраў лёска — атрымліваецца дванаццаць метраў, на большую адлегласць я не магу закінуць. У нечым гэта абмяжоўвае, але, з іншага боку, робіць рыбалку больш захапляльнай (што значыць злавіць рыбіну на сучасны фідар, а што значыць на гэтую амаль першабытную снасць). Нават шчупака намагаюся лавіць як мага больш проста: вялікі паплавок, павадок, кручок-трайнік, на які за спінку чапляю карасіка. Такім чынам удалося злавіць сёлета шчупакоў і па 2,5 кілаграма. Самы вялікі шчупак на 5 кілаграм і 600 грам трапіўся зімой на жэрліцу. Я ў прынцыпе за рэкордамі асабліва не ганюся. Для мяне галоўнае — працэс, адпачынак, — гаворыць Аляксандр Аляксеевіч Шэры.

Дыялогі пра рыбалку

Пра што гавораць мужчыны, калі збіраюцца кампаніяй? Правільна, пра аўтамабілі, рыбалку і… жанчын. Мы з Аляксандрам Аляксеевічам вырашылі сумясціць дзве апошнія тэмы і пагутарыць пра жанчын-рыбакоў, або, калі больш коратка, рыбачак.
— Сустракаемся на рыбалцы і з жанчынамі. На гэтую з’яву існуюць розныя погляды. Нехта гаворыць, што калі жанчына на вадаёме, то можна адразу вяртацца дадому, — рыба не возьмецца. Нехта, наадварот, называе такіх жанчын малайчынамі, маўляў, не адпраўляе мужа аднаго на рыбалку, а накіроўваецца ўслед за ім, як тая дзекабрыстка. Такіх жанчын я часта сустракаю, мы вітаемся, гутарым пра ўлоў. За рыбачкамі заўсёды прыемна назіраць. Ідуць, значыць, зімой па лёдзе, цягнуць за мужам гэтыя саначкі з бурам цераз плячо. Адно замілаванне, — дзеліцца Аляксандр Аляксеевіч.
А вось пра што гавораць жанчыны, калі збіраюцца ў гаманлівае кола? Пра дзяцей, калег, касметыку, мужчын… Наіна Пятроўна абавязкова заводзіць размову і пра рыбалку. Чаму абавязкова пра рыбалку, а не, скажам, пра вышыванне або рэцэпты адмысловых страў? Адказ просты. Калі літаральна за агародамі тваёй сядзібы пачынаецца не шырокае поле, а плешчуцца хвалі багатага на рыбу вадасховішча, не стаць рыбаком проста немагчыма. Выйшаў за агароды, закінуў вуду, пасядзеў гадзінку, прыйшоў дадому, насмажыў акунёў, плотак — і вячэра для сям’і гатова. І ў халадзільнік заглядваць не трэба.
— Як гэта жыць каля вады і не лавіць рыбу? Мне гэта не зразумела. У майго бацькі быў так званы сак, з якім мы ў дзяцінстве лазілі па маленькіх затоках, азярцах і “тапталі” рыбу, ставілі яшчэ бучы, плеценыя з лазы, самі плялі сеці (тады гэта дазвалялася). Вудамі лавілі на рэчцы. Калі заканчваліся чарвячкі, то часта закідвалі пусты кручок і, што цікава, на яго таксама лавілася рыба. Мы яе называлі кілтун, або па-навуковаму пячкур. Мы смяяліся, называлі іх “ачкарыкі”, бо нічога не бачаць і бяруцца на пусты кручок, — узгадвае Наіна Пятроўна.
Як і ў кожнага рыбака, у настаўніцы ёсць свае сакрэты рыбалоўнага поспеху, свая любімая снасць. Некаму падабаецца лавіць на фідар (донка з кармушкай) ляшчоў, асабліва калі на кручок трапляе экзэмпляр як мінімум на паўтара кіло. Нехта палюе са спінінгам за драпежнымі шчупакамі або судакамі. Іншыя любяць проста пасядзець з традыцыйнай вудай і, назіраючы за паплаўком, цягаць з вады акунькоў, падлешчыкаў, карасікаў, чырванапёрак і іх шматлікіх сяброў і сябровак. Менавіта да такіх людзей і адносіцца Наіна Пятроўна. Яна лавіла на розныя снасці, аднак пасля шматгадовай рыбалоўнай практыкі настаўніца прыйшла да высновы, што самы найлепшы для яе спосаб лоўлі — гэта звычайная, класічная вуда.
— Цяпер столькі можна ўсяго купіць, што нічога прыдумваць не трэба. Я стараюся сучаснымі прыстасаваннямі не карыстацца, а лавіць класічным спосабам: на дажджавога чарвячка. Праўда, у апошні час выкарыстоўваю маленькія шарыкі пенапласту. Чапляеш іх на кручок замест чарвяка, побач кармушка з прыкормкай — і, калі ласка, улоў гарантаваны, — дзеліцца настаўніца.

Дзевяць метраў акунёў

Размова з рыбакамі ніколі не абыходзіцца без дзівосных гісторый. Чамусьці прынята лічыць, што рыбакі любяць занадта ўпрыгожваць свае гісторыі. Аднак так лічаць толькі тыя, хто ніколі не лавіў рыбу, бо хіба можна спакойна расказваць пра той момант, калі цэлы дзень рыба не бралася, калі толькі і заставалася, што любавацца маляўнічымі прыбярэжнымі краявідамі, як раптоўна паплавок устрапянуўся, прычым устрапянуўся грунтоўна, і ты ўжо адчуваеш, што насадку вырашыў пакаштаваць не падлешчык або плотачка, а вялізны, можа, нават на два кілаграмы лешч. І тут паплавок пагружаецца ў ваду, падсечка — і вуда згінаецца дугой. Здаецца, праз імгненне яна зламаецца, лёска абарвецца — і бывай, рыбацкае шчасце…
Вялікая рыба, як часта здараецца ў такія хвіліны, рэзка кідаецца ўбок: у карчы або ў траву. У гэтыя хвіліны важна не спяшацца, пачакаць, але і не расслабляцца. Трымаем вуду, потым, калі першыя рыўкі слабеюць, паступова падмотваем лёску. І вось пасля напружанай барацьбы — заслужаная ўзнагарода: прыгажун лешч у падсачыку. “А-а-а-а-а! Я яго выцягнуў!” — прыкладна такія думкі мільгаюць у гэтыя хвіліны ў галаве, да якой ад сэрца з частатой прыкладна 120 удараў у хвіліну пульсуе кроў. Хіба можна гаварыць пра гэтыя моманты спакойна? Вось і атрымліваюцца аповеды рыбакоў заўсёды эмацыянальныя, амаль непраўдападобныя.
— Было гэта яшчэ ў школьныя гады, калі вадасховішча толькі стварылі. Мы з братам плылі на чоўне і выпадкова трапілі на касяк акунёў. У яго спінінг з бляшнёй, а ў мяне звычайная вуда, праўда, замест кручка — мармышка. Толькі паспявалі закідваць, акуні ледзь не самі заскоквалі да нас у човен. Потым, калі дома выклалі злоўленую рыбу, атрымалася палоска даўжынёй 9 метраў, а гэта больш за сотню акунёў. Прычым нацягалі літаральна за гадзіну, толькі паспявалі закідваць, — узгадала Наіна Пятроўна.
Калі не падманваюць сіноптыкі, то заўтра, у Дзень настаўніка, чакаецца яркае сонечнае надвор’е. Чым не выдатная нагода, каб адзначыць прафесійнае свята на прыродзе? Можна паехаць з калегамі ў лес на шашлыкі і паралельна сабраць кошык грыбоў. Можна адпачыць з сям’ёй каля дому пад яблынькай. А можна, як нашы героі, узяць самую простую рыбалоўную снасць і адправіцца на бераг вадаёма. Гавораць, у гэтыя восеньскія дні рыба яшчэ добра бярэцца, так што не ўпусціце магчымасці падчапіць на кручок акунька, а калі пашчасціць, то і кілаграмовага ляшча.

Ігар ГРЭЧКА.