Добраму кіраўніку і зладжанаму калектыву любыя задачы па сілах

- 12:26Навіны рэгіёнаў, Рознае

Перспектывы развіцця дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Магілёўшчыны абмеркавалі на прыкладзе навучальных устаноў Магілёва і Шклоўскага раёна. Менавіта гэтыя два напрамкі работы сталі асноўнай тэмай выязнога пасяджэння калегіі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Удзел у калегіі прымалі начальнікі аддзелаў, упраўленняў адукацыі рай(гар)выканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання, спецыялісты ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

У вобласці прыняты шэраг мер, накіраваных на рэалізацыю дзяржаўных Праграм развіцця як спецыяльнай, так і дашкольнай адукацыі. Сістэма работы па выкананні мерапрыемстваў Праграм накіравана на паляпшэнне якасці адукацыйных паслуг, павышэнне іх даступнасці. І гэты вынік у большасці раёнаў вобласці дасягнуты. Яркае пацвярджэнне таму — дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва.
На базе ўстановы дзейнічае філіял кафедры педагогікі дзяцінства і сям’і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. На працягу шэрага гадоў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці з’яўляецца пераможцам гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў і спаборніцтваў. А ў 2011 годзе па выніках рэспубліканскага конкурсу цэнтр быў прызнаны лепшай дашкольнай установай, за што і атрымаў “Хрустальную пралеску”.
Ва ўстановы вельмі добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Гэта немалаважны фактар эфектыўнага функцыянавання любой установы адукацыі, аднак сакрэт поспеху цэнтра не толькі ў гэтым.
Па словах загадчыцы Таццяны Швяцовай, усе ўзнагароды цэнтра — заслуга яго працоўнага калектыву:
— Асаблівасцю нашай установы з’яўляецца тое, што ў ёй працуюць педагогі, якія маюць высокі адукацыйны цэнз і кваліфікацыйны ўзровень. Цэнтр па праву назы-ваюць кузняй кадраў: 10 былых работнікаў працуюць кіраўнікамі ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна, 4 — настаўнікамі-дэфектолагамі.
Маючы высокапрафесійныя кадры, дашкольны цэнтр дзіцяці № 1 пастаянна працуе ў рэжыме развіцця. Навучальная ўстанова была пляцоўкай для рэалізацыі чатырох рэспубліканскіх інавацыйных і эксперыментальных праектаў, адзін з якіх ажыццяўляецца ў цяперашні час.
— Наш цэнтр зараз з’яўляецца ўдзельнікам эксперыментальнага рэспубліканскага праекта па тэме “Апрабацыя мадэляў арганізацыі адукацыйнага працэсу на платнай аснове ва ўмовах устаноў дашкольнай адукацыі”. У яго рамках ва ўстанове рэалізуюцца дзве мадэлі. Першая адлюстроўвае дзейнасць дзвюх платных груп на аснове частковай самаакупнасці, другая мадэль накіравана на апрабацыю зместу дашкольнай адукацыі на платнай аснове ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння. Абедзве мадэлі выклікаюць высокі попыт і станоўчыя водзывы бацькоў, — адзначыла Таццяна Юр’еўна Швяцова.
У Шклоўскім раёне ўдзельнікі выязнога пасяджэння калегіі пабывалі не толькі ва ўстановах адукацыі дашкольнага, але і спецыяльнага профілю. У прыватнасці, наведалі Шклоўскую спецыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, старэйшую навучальную ўстанову раёна, якая нядаўна адсвяткавала 60-гадовы юбілей.
Гэта сучасная ўстанова адукацыі, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для пражывання і навучання выхаванцаў. На гэтым асабліва акцэнтаваў увагу прысутных начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, бо часта бацькі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адчуваюць неспакой з нагоды паступлення дзіцяці на навучанне ва ўстанову спецыяльнай адукацыі, хоць менавіта там асаблівыя дзеткі атрымліваюць магчымасць для ўсебаковага развіцця сваіх здольнасцей і навыкаў.
Шклоўская спецыяльная школа-інтэрнат — наглядны таму прыклад. Матэрыяльна-тэхнічная база школы адпавядае апошнім патрабаванням часу. Установа мае самыя сучасныя сродкі навучання і асістыўнае вучэбнае абсталяванне. Акрамя на належным узроўні аснашчаных навучальных класаў, у школе ёсць кабінеты прасторавага арыентавання, развіцця зрокавага ўспрымання, сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, дзе ажыццяўляецца работа па фарміраванні ў навучэнцаў кампенсаторных уменняў і навыкаў, неабходных для самастойнага і незалежнага жыцця. Створана тут і безбар’ернае асяроддзе для бяспечнага і камфортнага навучання, жыццядзейнасці навучэнцаў.
Асабліва ганарацца ў школе сенсорным садам, які функцыянуе на тэрыторыі школьнага двара. Ён разбіты на тактыльны, нюхальны, смакавы сектары, што дазваляе больш эфектыўна праводзіць карэкцыйны цыкл па ўзбагачэнні сенсорнага досведу выхаванцаў, а яшчэ спрыяе развіццю асобы дзяцей, дапамагае павысіць іх самастойнасць. Актыўна развіваюць у школе і спартыўныя, творчыя здольнасці навучэнцаў. Адпаведная база для гэтага тут таксама маецца.
А вось у раённым ЦКРНіР прысутным былі прадстаўлены эфектыўныя шляхі паляпшэння матэрыяльнай базы. Шклоўскі ЦКРНіР, дарэчы, з’яўляецца другім па колькасці выхаванцаў у вобласці. На дадзены момант карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў цэнтры атрымліваюць 113 дзяцей. Год назад гэтыя дзеці прыязджалі на навучанне ў будынак Цэнтра дзіцячай творчасці “Прамень”, дзе ЦКРНіР арандаваў плошчу. Сёлета ж навучальны год для выхаванцаў цэнтра пачаўся ў новым, прыгожым будынку. Сіламі выканаўчай улады, спонсараў і саміх работнікаў цэнтра за вельмі кароткі час быў пабудаваны і цалкам абсталяваны новы будынак ЦКРНіР.
Падобным шляхам пайшлі і ў яслях-садзе № 2 Шклова, які таксама наведалі ўдзельнікі калегіі. Дашкольная ўстанова была ўведзена ў эксплуатацыю ў 90-я і прадугледжвала немалую напаўняльнасць. У пачатку 2000-х, у сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй, колькасць выхаванцаў рэзка зменшылася. Па гэтай прычыне частка будынка здавалася ў арэнду. Зараз жа абстаноўка змянілася, колькасць малых у гэтым раёне горада ўзрасла. У аддзеле адукацыі на такую тэндэнцыю адрэагавалі аператыўна. У 2012 годзе ў яслях-садзе адрамантаваны і адкрыты дзве дашкольныя групы, у 2013 — адна спецыяльная для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, а сёлета — яшчэ тры групы для дзетак малодшага дашкольнага і дашкольнага ўзросту.
Гарадзецкі дзіцячы сад — сярэдняя школа, дзе і прайшло пасяджэнне калегіі, быў здадзены ў эксплуатацыю крыху больш за 10 гадоў назад. Матэрыяльная база тут дастаткова сучасная, і педагагічны калектыў з максімальнай эфектыўнасцю яе выкарыстоўвае.
Падчас адкрыцця пасяджэння калегіі начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, гаворачы пра наведаныя ўстановы, адзначыў:
— Мы ўбачылі, як трэба працаваць, што добраму кіраўніку і зладжанаму калектыву любыя задачы па сілах. На жаль, такая тэндэнцыя прасочваецца не ўсюды.
Начальнік аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Алена Фёдараўна Сімакова спынілася на ходзе рэалізацыі ў вобласці дзяржпраграмы развіцця спецыяльнай адукацыі. Аказалася, усё не так гладка, як хацелася б. У большасці раёнаў усе мерапрыемствы праграмы выконваюцца: ахоп дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця спецыяльнай адукацыяй па вобласці склаў 99 працэнтаў, і гэтая лічба нязменная ўжо на працягу некалькіх гадоў; актыўна, шляхам арганізацыі сумеснага аздараўлення і правядзення разнапланавых конкурсаў для здаровых і асаблівых дзяцей, укараняюцца ў сістэму адукацыі вобласці інклюзіўныя працэсы. Планамерна паляпшаюцца прадметнае і развіццёвае асяроддзе ўстаноў спецыяльнай адукацыі, абнаўляецца і набываецца транспарт для падвозу дзяцей.
Аднак у шэрагу раёнаў аддзеламі адукацыі не прадугледжваецца запланаванае фінансаванне на рэалізацыю дзяржпраграмы. У іншых — недастатковая аснашчанасць кабінетаў спецыялістаў ЦКРНіР або ёсць парушэнні вядзення дакументацыі, — адзначыла Алена Фёдараўна.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў частцы выканання Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі. Як паведаміла вядучы спецыяліст аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Людміла Багноўская, з 15 паказчыкаў праграмы ў вобласці выканана 14. Прычына — у недастатковым кантролі за рэалізацыяй дзяржаўнага дакумента з боку некаторых начальнікаў раённых аддзелаў адукацыі. Недзе недастаткова ўвагі было ўдзелена павелічэнню ахопу дашкольнай адукацыяй дзяцей з сельскай мясцовасці, недзе — аснашчанасці груп сродкамі навучання і выхавання або забяспечанасці дашкольных устаноў прафесійнымі кадрамі. У сукупнасці такія факты і далі адпаведны вынік. У працэсе абмеркавання гэтага пытання паступіла прапанова аб прыцягненні нядбайных кіраўнікоў да адказнасці.
У ходзе пасяджэння ўдзельнікамі калегіі былі абмеркаваны яшчэ два пытанні. Яны тычыліся эфектыўнасці работы сістэмы дадатковай адукацыі, а таксама набалелай ужо праблемы забяспечанасці ўстаноў адукацыі вобласці кадрамі.
У сферы дадатковай адукацыі ў вобласці абстаноўка стабільная: да работы ўстаноў гэтага профілю далучана звыш 55 тысяч навучэнцаў. А вось з кадрамі не ўсё так проста, нягледзячы на шэраг прынятых мер праблемныя моманты па-ранейшаму маюцца. Ёсць і станоўчыя зрухі: на сёння ў вобласці колькасць педагагічных работнікаў крыху павялічылася, павысіўся іх кваліфікацыйны і адукацыйны ўзровень. Але разам з тым па-ранейшаму здараюцца выпадкі выкладання прадметаў неспецыялістамі, прыцягнення да арганізацыі адукацыйнага працэсу педагогаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту.
Шляхі вырашэння гэтых праблем не новыя. Кіраўнікам устаноў адукацыі трэба ўдзяліць увагу павелічэнню колькасці мэтавых дагавораў на навучанне, своечасоваму афармленню заявак на патрэбу ў кадрах, прыцягненню маладых спецыялістаў. Плануецца ў вобласці і ўкараненне новых форм у гэтым напрамку работы. Гэта адкрыццё на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі педагагічных класаў для прыцягнення лепшых дзяцей у прафесію, прадастаўленне магчымасцей для датэрміновага праходжання атэстацыі маладым педагогам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.