Добрасуседства кнігі і мастацтва

- 13:00Культура

У Першамайскім раёне сталіцы, па вуліцы Каліноўскага, 55, існуе адметнае месца культуры, дзе больш за 20 гадоў цудоўна суіснуюць кніжны свет і мастацкі, — бібліятэка № 18, у сценах якой функцыянуе мастацкая галерэя Vilnius.

Як адбываецца ўзаемадзеянне літаратуры і жывапісу, чаму вучацца ў “Школе эстэтычнага выхавання”, як дапамагаюць раскрыцца маладым талентам… — карацей, пра ўнікальнае суседства бібліятэкі і галерэі ў размове з загадчыцай бібліятэкі і дырэктарам галерэі Кацярынай ЗВЕРАВАЙ.

Кацярына ЗВЕРАВА.

— Кацярына Васільеўна, у наступным годзе ваша бібліятэка адзначыць 45-годдзе. За гэты час яна стала сацыякультурным цэнтрам не толькі мікрараёна Зялёны Луг, а і Мінска ў цэлым.

— Сапраўды, гэта так. Наша біблія­тэка выконвае як інфармацыйную функцыю, так і асветніцкую, часта адукацыйную. Нашы супрацоўнікі імкнуцца цікава арганізаваць вольны час чытача. Сёння бібліятэка — гэта не толькі месца, дзе сканцэнтраваны веды, а і месца зносін. Мы заўсёды арыентуемся на інтарэсы нашых чытачоў, на работу не ДЛЯ, а З карыстальнікам, таму нашы бібліятэкары выступаюць як кансультанты і куратары. Мы сустракаем і праводзім нашых чытачоў, дапамагаем сарыентавацца і знайсці неабходную інфармацыю або кнігу сярод шматлікіх стэлажоў і каталогаў.

— Відавочна, што за чатыры дзясяткі гадоў у вас сабраўся вялізны фонд, а таму без дапамогі бібліятэчных супрацоўнікаў чытачу не абысціся.

— Так, наша бібліятэка мае багаты фонд галіновай літаратуры і перыядычных выданняў у чытальнай зале, навукова-папулярнай літаратуры і выданняў забаўляльнага характару — на абанеменце. Усяго ў фондзе каля 53 тысяч ­адзінак, і ён увесь час папаўняецца. Усе навінкі літаратуры пастаянна адсочваюцца бібліятэкарамі і супрацоўнікамі камплектавання Цэнтралізаванай сіс­тэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Мінска. Нашы рэгулярныя кніжныя экспазіцыі знаёмяць чытача з лепшымі творамі сучасных аўтараў. А для зусім юных чытачоў у нас створаны ўтульны дзіцячы куток.

— Як узнікла ідэя на базе біблія­тэкі адкрыць галерэю, і што дае такое суседства?

— Галерэя адчыніла свае дзверы ў маі 1997 года. Ідэя яе стварэння належыць папярэдняй загадчыцы бібліятэкі Алене Іванаўне Сухадолавай. А натхніў яе на гэта мастак Аляксандр Кішчанка, якога можна назваць хросным бацькам галерэі. Пачыналася ўсё з маленькай залы, якая была доўгай і вузкай, і таму мастакі называлі яе пеналам. Аднак у 2008 годзе была адкрыта новая зала, павялічаная ўдвая і з сучасным дызайнам, што пачало прыцягваць яшчэ большую ўвагу і мастакоў, і наведвальнікаў. Мастакі, каб выставіцца ў нашай галерэі, стаяць у чарзе — план выстаў распісаны на год наперад.

За 23 гады ў галерэі адбылося больш за 250 выстаў і выставачных праектаў. Мы арыентаваны на тое, каб пазнаёміць гледача з сучасным поглядам на мастацтва, а значыць, гатовы прадаставіць выставачную пляцоўку не толькі ўжо вядомым мастакам, але і тым, хто толькі пачынае свой шлях. Такім чынам мы маладым мастакам даём магчымасць заявіць пра сябе і прадставіць сваю творчасць на суд публікі. У нас выстаўляліся такія знакамітыя творцы, як Алесь Марачкін, Уладзімір Шаркоў, Леанід Леўчанка, Марына і Мікалай Ісаенка. Знайшлі свой шлях і сталі цяпер вядомымі Янка Рамановіч, Андрэй Бондараў, Аляксандр Салтавец, Ала Няхайчык, Віктар Васюкевіч і многія іншыя аўтары.

Бібліятэка № 18 Мінска — гэта:

— сацыякультурны цэнтр Першамайскага раёна сталіцы;

— багаты фонд галіновай, мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры, а таксама перыядычных выданняў, які налічвае каля 53 адзінак;

— зладжаны дружны творчы калектыў, які пастаянна ў пошуку новых форм работы, а дзякуючы самаадданай працы супрацоўнікаў у бібліятэцы створана атмасфера цяпла і даверу, таму чытачы з задавальненнем наведваюць яе;

— галерэя Vilnius — якую любяць як мастакі, так і аматары мастацтва.

Дарэчы, дзейнасць галерэі спрыяе прыцягненню новых чытачоў. На базе галерэі праводзяцца эстэтычныя ўрокі, шматлікія мерапрыемствы для прафесіяналаў і аматараў мастацтва.

Суседства бібліятэкі і галерэі дае магчымасць расказаць значна большай колькасці людзей аб бібліятэчнай дзейнасці, бо аднаго прыцягвае кніга, а другога — карціна, але ўсе становяцца нашымі чытачамі і сябрамі. Да таго ж гэта ўнікальная магчы­масць аб’яднаць кнігу і жывапіс: выставы ілюстратараў, літаратурныя экспазіцыі звязаных з творчасцю пісьмен­нікаў і г.д. Прынамсі, адкрыццё чарговай выставы — гэта заўсёды творчая сустрэча, дзе гучаць вершы і музыка, выступаюць мастацтвазнаўцы і аматары мастацтва. І вось такім чынам бібліятэка аб’ядноўвае людзей з рознымі інта­рэсамі і дапамагае ім сустрэцца.

— У бібліятэцы функцыянуе “Школа эстэтычнага выхавання”. З якой мэтай вы стварылі яе?

— Мы распрацавалі праект “Выхаванне мастацтвам: культурна-эстэтычнае выхаванне асобы”, у межах якога праводзяцца ўрокі і экскурсіі. Распрацавалі таксама цыкл заняткаў па гісторыі мастацтва. На іх наведвальнікі маглі пазнаёміцца з гісторыяй мастацтва, сучаснымі тэндэнцыямі, і атрымаць веды аб розных тэхніках, у якіх працуюць мастакі. Але самае галоўнае, гэта не проста сухое выкладанне тэорыі, усе заняткі суправаджаюцца экскурсіяй па пастаяннай экспазіцыі галерэі, якая на сённяшні дзень складаецца больш чым з 80 работ (жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва) сучасных аўтараў.

— Бібліятэку немагчыма ўявіць без сустрэч з пісьменнікамі. З кім з беларускіх аўтараў знаёмы вашы чатачы?

— Вельмі з многімі. Але менавіта ў апошні час бібліятэку наведалі Юлія Ляшко, Яна Явіч, Надзея Ясмінска і інш. У студзені гэтага года незабыўнай для чытачоў атрымалася сустрэча з Ганнай Берсеневай. Валянціна Паліканіна стала добрым сябрам нашай біблія­тэкі. Некалькі разоў мы рабілі яе творчыя вечары, а таксама была арганізавана прэзентацыя яе кнігі для дзяцей “Ни к чему быть одному”. Да гэтай жа сустрэчы была прымеркавана выстава мастачкі Алены Карповіч “Акварэльныя сны”, на якой былі прадстаўлены ілюстрацыі да кнігі пісьменніцы.

У бібліятэцы праводзяцца літаратурныя сустрэчы і для дзяцей, і для дарослых, прысвечаныя вядомым пісьменнікам, як правіла, прымеркаваныя да юбілейных дат. Так, атрымалася вельмі цікавае мерапрыемства да юбілею Высоцкага, якое нават прыйшлося паўтарыць і на наступны год. Акрамя маляўнічай прэзентацыі, адбыўся канцэрт бардаўскага дуэта Сяргея Антонава і Вадзіма Мязецкага, якія выканалі песні Высоцкага.

— Наколькі я ведаю, ваша бібліятэка не абмяжоўваецца толькі сустрэчамі з пісьменнікамі. Вы ладзіце самыя розныя мерапрыемствы як для малодшых школьнікаў, так і для старшакласнікаў. Раскажыце пра іх.

—  Бібліятэкай распрацаваны цыкл мерапрыемстваў для дзяцей рознага ўзросту. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца квізы, падобныя на брэйн-рынг, толькі ў іх адначасова ­ўдзельнічае некалькі каманд. Дзеці адказваюць на пытанні, рашаюць галаваломкі, знаходзяць адказы на аўдыя- і відэапытанні. Такія мерапрыемствы былі распрацаваны па казках Пушкіна, па этыкеце і здаровым ладзе жыцця. Дзецям вельмі даспадобы і навуковая лабараторыя — комплекснае мерапрыемства, падчас якога хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаюць цікавыя навуковыя факты і самі ставяць хімічныя і фізічныя доследы. Квесты (па творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, па Першамайскім раёне Мінска, навагодні і бібліятэчны) таксама нязменна прыцягваюць цікавасць навучэнцаў. Акрамя таго, падабаецца юным мінчанам працаваць і з лэпбукамі — папкамі, у якіх размешчана інфармацыя на пэўную тэму. Сёння распрацаваны дзве тэмы: “Казачны свет Андэрсена” і “Мае правы ад А да Я”. Да таго ж мы распрацавалі гульні па творчасці вядомых пісьменнікаў: настолкі па “Маленькім Прынцы” Антуана дэ Сент-Экзюперы, па п’есе Горкага “На дне” і па творчасці І.С.Тургенева. І гэта далёка не ўвесь пералік мерапрыемстваў, якія мы праводзім для нашых наведвальнікаў.

— У новым навучальным годзе вы з радасцю чакаеце не толькі сталічных школьнікаў, а і аматараў мастацтва. А што для іх пад­рыхтавалі ў найбліжэйшы час? Якія экспазіцыі плануеце правесці ў галерэі Vilnius?

— У кастрычніку павінен адбыцца творчы праект “О1” Каці Флёр (алей), Леры Чарняўскай (акварэль), Дар’і Чэбатавай (графіка) і Алены Складчыкавай (акрыл, мікс-медыя). У лістападзе  — выстава жывапісу Ірыны Ягацінцавай, а ў снежні запросім аматараў вышытых карцін на выставу клуба “Сузор’е”.

— Ведаю, што кожная бібліятэка мае свой дэвіз. А які ён у вас?

— “Бібліятэка заўсёды побач!”. Нашы супрацоўнікі заўсёды ў пошуку новых форм і метадаў работы на карысць сваім чытачам.

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Кацярыны ЗВЕРАВАЙ.