Добраўпарадкаваць усёй грамадой

- 16:07Год гістарычнай памяці

Працягваем праект “Крыніцы зямлі беларускай”

На ўскраіне вёскі Моўчадзь, што ў Баранавіцкім раёне, знахо­дзіцца крыніца “Сунглоўшчына”. Назва ёй дадзена ад былой сядзібы Сунглоўшчына, размешчанай паблізу. Па словах мясцовых жыхароў, крыніца даўно прыцягвала людзей, паколькі валодала гаючымі ўласцівасцямі. Як адзначаюць спецыялісты, у вадзе ёсць іоны серабра.

Добраўпарадкоўвалі крыніцу ўсёй грамадой — мясцовыя ўлады, прыродаахоўная інспекцыя, сяльчане і праваслаўныя свяшчэннікі. Крыніца заключана ў бетоннае кольца, над якім узвялі драўляны будынак. Па ўманціраванай у кольца ваданоснай трубцы вада крыніцы паступае наверх. Асвечана крыніца была ў 2007 годзе. На асвячоным месцы ўсталяваны праваслаўны крыж на падмурку з бутавага каменю.

Крынічная тэрыторыя добраўпарадкавана, да крыніцы пракладзена пешаходная дарожка з драўлянымі поручнямі, абазначаная па краях бутавым каменем. Праз ручай перакінуты масток, абсталявана месца адпачынку.

Апякуецца над крыніцай царква Святых Пятра і Паўла ў вёсцы Моўчадзь.

Алена ХАРАШЭВІЧ.