Добрая падрыхтоўка і трывалыя веды

Каля 980 юных талентаў — такая колькасць адораных навучэнцаў з усёй вобласці сабралася на гэтым тыдні ў Магілёве. У горадзе на Дняпры, як і ў шэрагу іншых рэгіёнаў краіны, праходзіў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Сёлета ўдзельнікі спаборнічалі за званне лепшага па васямнаццаці вучэбных дысцыплінах.

Удзельнікі Абласной алімпіяды па фізіцы знаёмяцца з яе вынікамі.

Дастаткова вялікую колькасць удзельнікаў сабралі абласныя алімпіяды па фізіцы і астраноміі. Каб прадэманстраваць свае веды, у Магілёў прыехалі 73 аматары фізікі і 24 прыхільнікі астраноміі. Для іх былі падрыхтаваны разнастайныя заданні. Як высветлілася, яны былі не з лёгкіх. Тым не менш юныя інтэлектуалы паказалі нядрэнныя вынікі.

Паводле слоў старшыні журы абласной алімпіяды па фізіцы, дацэнта кафедры педагогікі і псіхалогіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдата фізіка-матэматычных навук Л.Я.Старавойтава, тэматыка заданняў не выходзіла за межы школьнай праграмы, але структура іх была іншай.

— Гэта былі задачы больш складанага зместу, чым тыя, якія даюцца на ўроках. Для іх рашэння трэба было паразважаць. Нягле­дзячы на тое, што ўсе заданні — гэта нестандартныя задачы школьнага курса фізікі, не ўсе ўдзельнікі змаглі з імі справіцца. Наогул, тэорыя сёлета далася ўдзельнікам лепш, чым практычны тур. Гэта гаворыць аб тым, што сёння на школьных уроках не заўсёды хапае эксперыментальнай практыкі. А без эксперыментаў няма творчасці, гэта аснова творчага мыслення. Лепшыя веды зараз прадэманстравалі навучэнцы ліцэяў і гімназій. Але гэта не паказчык. Бо, напрыклад, сярод адзінаццацікласнікаў выдатна праявіў сябе прадстаўнік сельскай Ціманаўскай сярэдняй школы з Клімавіцкага раёна. Адметна таксама, што ў абсалютных лідарах сёлета апынуліся дзяўчаты, — паведаміў Леанід Яўгенавіч.

Заданні на Абласной алімпіядзе па фізіцы не былі стандартнымі, але рашаць іх удзель­нікам было вельмі цікава.

— Для мяне заданні не былі вельмі складанымі. Напэўна таму, што фізікай я захапляюся даволі даўно. Цікавасць да гэтай дакладнай навукі прывілі бацькі. Тата ў мяне — фізік, мама — інфарматык. У алімпіядным руху я не пачатковец. Лічу, што падчас алімпіяды ўсё залежыць ад самога вучня. Нават складаная на першы погляд задача можа аказацца простай, калі разабрацца ў яе сутнасці. Спадзяюся, што мне ўдалося паспяхова справіцца з заданнямі. Я імкнулася выйсці ў лідары, бо з фізікай планую звязаць будучую прафесійную дзейнасць, — расказала навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Аліна Радзюкевіч.

Не менш цікавыя заданні чакалі ўдзельнікаў абласной алімпіяды па астраноміі. На тэарэтычным туры навучэнцы рашалі задачы па вельмі шырокім коле ведаў па гэтай навуцы. Заданні былі звязаны з усімі раздзеламі астраноміі: сузор’і, рух планет і іншых кас­мічных цел, будова сусвету. На практычным туры ўдзельнікам было прапанавана заданне, звязанае са сляпой картай зорнага неба. Былі задачы пра жыццё зорак, на вымярэнне рэліктавага выпраменьвання пры нараджэнні сусвету і інш.

— Заданні былі даступныя. Але для паспяховага выступлення ўдзельнікам неабходна было не баяцца свабодна думаць, умець аналізаваць, прымяняць творчы падыход. Нямала залежала і ад трываласці ведаў. У некаторых задачах ведання толькі школьнага курса астраноміі было недастаткова, — адзначыў старшыня журы Абласной алімпіяды па астраноміі настаўнік фізікі і астра­номіі сярэдняй школы № 8 Крычава А.В.Краўчанка.

У навучэнца ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксея Баярава заданні не выклікалі складанасцей. На яго думку, алімпіядныя задачы не цяжкія, а хутчэй нетыповыя.

— Я з 6 класа захапіўся астраноміяй. Гэтую цікавасць заў­важыў мой настаўнік Аляксандр Георгіевіч Сугакевіч. Дзякуючы яму, я і стаў удзельнічаць у алімпіядах. Сёлета дбайна рыхтаваўся. Рэгулярна сустракаўся са сваім педагогам, шмат займаўся самастойна. Мяркую, што з заданнямі справіўся добра. Хоць і былі ў іх нечаканасці. Напрыклад, элементы фізікі. Прычым тыя, якія па школьнай праграме мы яшчэ не праходзілі. Але ў такія моманты галоўнае — не разгубіцца. У мяне гэта атрымалася і як вынік — я першы ў рэйтынгу па колькасці набраных балаў, — падзяліўся сваёй радасцю Аляксей.

Добрая падрыхтоўка і трывалыя веды ўдзель­нікаў абласных алімпіяд па фізіцы і аст­раноміі былі ў поўнай меры адзначаны. Пераможнымі дыпломамі ўзнагародзілі 44 навучэнцаў.  

Уладальнікамі дыпломаў І ступені па аст­раноміі сталі навучэнцы ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксей Баяраў і Ганна Сцяпанчыкава. А ў веданні фізікі не было роўных вучню Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Сцяпану Бульбянкову, навучэнцам Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Валянціну Красоўскаму і Аліне Шаршнёвай, вучням сярэдняй школы № 21 Магілёва Івану Новікаву і Лізавеце Кардымон, навучэнцу Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Даніілу Радамовічу.

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды на Магілёўшчыне завяршыўся. Усяго па васямнаццаці вучэбных прадметах прызавыя дыпломы атрымалі звыш чатырохсот адораных навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.