Добрая слава далёка чуваць

Павел Віктаравіч Смулько з 2003  года  працуе ў базавай школе № 10 Наваполацка настаўнікам тэхнічнай працы. У школу ён прыйшоў адразу пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымаўшы спецыяльнасць “Настаўнік працоўнага навучання і фізічнага выхавання”. Ва ўніверсітэце з захапленнем вывучаў начартальную геаметрыю і прынцыпы работы метала- і дрэваапрацоўчых станкоў. Актыўна займаўся фізічнай культурай, наведваў секцыю дзюдо.

Можна смела сцвяр­джаць, што педагогіка — прызванне Паўла Віктаравіча. Аўтарытэт у дзяцей і іх бацькоў настаўнік заваяваў літаральна з першых дзён работы ў школе, а яго прадмет стаў адным з любімых у хлопчыкаў.

Адукаваны, таленавіты педагог, які ўвесь час удасканальвае сваё майстэрства, адразу заваяваў павагу ў калектыве. Адна з галоўных рыс гэтага педагога і чалавека — кожны дзень адкрываць нешта новае для сябе і для дзяцей. Формула яго поспеху — вучыцца ўсё жыццё самому і вучыць іншых, дарослы гэта або дзіця.

— Шчаслівы чалавек, калі для яго любімая справа становіцца асноўным шляхам жыцця, па якім можна з радасцю ісці да сваёй мэты, — адзначае дырэктар школы Ганна Чыгрына. — Наш Павел Віктаравіч якраз з ліку такіх лю­дзей. Выдатнае валоданне методыкай  выкладання прадмета, высокая педагагічная культура дазваляюць педагогу выкарыстоўваць усе магчымасці сучаснага ўрока для станаўлення асобы школьнікаў. Для яго ўрокаў характэрны навуковасц­ь, канкрэтнасць і практычная накіраванасць, высокая шчыльнасць, дынаміка, выразная арганізацыя дзейнасці навучэнцаў. Урокі Паўла Віктаравіча адрозніваюцца высокай пазнавальнай актыўнасцю, умелымі дзеяннямі ў спалучэнні навучання і выхавання, творчым прымяненнем розных метадаў навучання. Паразуменне і супрацоўніцтва — абавязковая ўмова сумеснай дзейнасці настаўніка і класа. Павел Віктаравіч — майстар сваёй справы, высокакваліфікаваны спецыяліст, працуе добрасумленна, творча, з захапленнем.

Малады, энергічны, перспектыўны, таленавіты педагог імкнецца да самаўдасканалення. Яго высокі патэнцыял выкарыстоўваецца не толькі ў школе, але і ў горадзе. Многа гадоў ён з’яўляўся кіраўніком гарадскога метадычнага аб’яднання настаўнікаў тэхнічнай працы. Зараз ахвотна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі.

Павел Віктаравіч Смулько — пераможца гарадскога конкурсу “Эфектыўны настаўнік”, узнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце па развіцці творчых здольнасцей школьнікаў, у 2016 го­дзе быў занесены на гарадскую Дош­ку гонару “Майстры педагагічнай працы”.

П.В.Смулько стварыў сваю сістэму работы з адоранымі навучэнцамі, якая арыентавана на вынік, на перамогу. Штогод выхаванцы Паўла Віктаравіча з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі гарадской алімпіяды па тэхнічнай працы, з 2009 года 13 навучэнцаў заваявалі дыпломы пераможцаў у абласным туры рэспубліканскай алімпіяды, тры з іх сталі прызёрамі  заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. У 2017 годзе ў абласным туры рэспублікан­скай алімпіяды вучні школы Барыс Маслоўскі, Ягор Герасімаў і Аляксей Пятровіч (на фотаздымку справа) заваявалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені адпаведна. У 2018 годзе ў абласным туры рэспубліканскай алімпіяды Ягор Герасімаў і Аляксей Пятровіч атрымалі дыпломы І ступені, Ілья Жыжоў (на фотаздымку злева) — ІІ ступені. Аляксей Пятровіч стаў прызёрам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды (дыплом ІІІ ступені). А работа педагога адзначана прэміяй Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта (уручаецца педагогам, якія падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах). Павел Віктаравіч з’яўляўся трэнерам абласной каманды па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд па працоўным навучанні. У 2019 годзе двое навучэнцаў — Аляксей Пятровіч і Ілья Жыжоў — атрымалі дыпломы ІІ ступені ў абласным туры рэспубліканскай алімпіяды. Ілья Жыжоў стаў прызёрам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды (дыплом ІІІ ступені).

Вось што ён расказаў:

— Мае бацькі з дзяцін­ства сваім асабістым прыкладам прывівалі мне любоў да працы. У школе ў 8 класе я зацікавіўся тэхнічнай працай. Гэты прадмет патрабаваў умення думаць, увасабляць свае задумкі ў жыццё, даводзіць справу да канца. Павел Віктаравіч заўважыў маё захапленне працай, і мы сталі займацца дадаткова. Настаўнік вучыць мяне аналізаваць, разважаць, мець сваё меркаванне. На ўроках я вучуся фармуляваць думку, афармляць яе ў праекце, а потым выконваць работу. Працоўнае навучанне складаецца з ведаў па матэматыцы, фізіцы, чарчэнні. Гэта неацэнны вопыт. Набытыя веды і ўменні спатрэбяцца ў далейшым навучанні і ў штодзённым жыцці. Мае бацькі падтрымліваюць мяне і ганарацца маімі дасягненнямі. Я ўдзячны маім бацькам і майму настаўніку Паўлу Віктаравічу.

Павел Віктаравіч — чалавек шырокага кругагляду, цікавы суразмоўнік, неардынарная асоба. Яшчэ ва ўніверсітэце ён захапіўся разьбой па дрэве. Творы майстра можна ўбачыць на шматлікіх выставах нашага горада, у асабістых калекцыях (на фотаздымку — аўтарскія работы).

Другое захапленне педагога — спорт. Настаўнік – актыўны ўдзельнік  школьных і гарадскіх спаборніцтваў. Кожны год ён становіцца пераможцам па розных відах спорту сярод работнікаў адукацыі горада. У яго скарбонцы — дыпломы па кулявой стральбе і настольным тэнісе, па дартсе і шашках, грамата лепшаму ўдзельніку гарадскіх спаборніцтваў па валейболе, граматы аддзела па адукацыі Наваполацкага гарвыканкама за перамогу ў спаборніцтвах па кулявой стральбе, дартсе і шашках.

“Сапраўдны мужчына павінен умець выконваць любую работу” — такі жыццёвы прынцып Паўла Віктаравіча. І ў штодзённым жыцці ён рэалізуе гэты прынцып. У яго выдатна ўсё не толькі ў педагагічнай дзейнасці.  У Паўла Віктаравіча добрая сям’я: жонка Кацярына — трэнер па валейболе, падрастае сын Аляксандр. Павел Віктаравіч — прыклад для свайго сына. Разам рамантуюць дамашнія прылады і рэчы, разам вынаходзяць і майструюць нешта новае.

У школе, напэўна, няма такога чалавека, хто не звяртаўся б да Паўла Віктаравіча па дапамогу. Ён заўсёды знойдзе час адрамантаваць мэблю, прымацаваць стэнды, паліцы, карціны, даць добрыя парады.

З-за дзвярэй сталярнай майстэрні прыемна пахне драўнінай. Тут настаўнік перадае свае веды і ўменні будучым майстрам. А калі скончацца заняткі, Павел Віктаравіч у цішы будзе планаваць урокі, распрацоўваць алімпіядныя заданні, думаць аб новых шэдэўрах з дрэва…

Таццяна КАЛІНІЧЭНКА,
бібліятэкар базавай школы № 10 Наваполацка.
Фота аўтара.