Добры дарадчык

Кожны педагог павінен займець у сваёй працы найвялікшую каштоўнасць — мудрасць і дабрыню. Інакш настаўніцкая ніва атрымаецца вельмі цяжкай і няўдалай… Як усім даўно вядома, дзіцячыя сэрцы – найлепшы барометр, які адразу вызначае характар настаўніка, яго настрой. У школьны клас трэба заходзіць толькі з добразычлівасцю, нават з усмешкай. Не штучнай, а шчырай. Сапраўднай! Недарэмна ж, напэўна, навукоўцы раюць: “Дрэнны настрой пакінь за парогам свайго дома! А разам з ім — усе свае хатнія праблемы, непрыемнасці”.

Ніна Пятроўна Вашчанка (злева) і бібліятэкар сельскай бібліятэкі аграгарадка Перароста Валянціна Міхайлаўна Галкіна.

Менавіта так лічыць педагог-арганізатар Пераростаўскага дзіцячага сада — базавай школы Добрушскага раёна, што на Гомельшчыне, Ніна Пятроўна Вашчанка. З 1975 года яна старанна працуе настаўніцай, а ў аграгарадку Пераросце шчыруе ўжо 40 гадоў! І займела павагу з боку вяскоўцаў і педагагічнага калектыву. У свой час яна выконвала нават абавязкі завуча, выкладала геаграфію і нямецкую мову.

І цяпер Ніна Пятроўна старанна працуе з дзеткамі. Пад кіраўніцвам вопытнага педагога дзейнічаюць гурткі “Умелыя ручкі”, “Песня — душа мая”. Шмат цікавых задумак у вопытнай настаўніцы. Гэта не толькі святочныя канцэртныя праграмы, выступленні перад вяскоўцамі ў сельскім клубе, але і шмат чаго іншага. Плённа супрацоўнічае педагог і з сельскай бібліятэкай, дзе працуе Валянціна Міхайлаўна Галкіна. Бо разам можна зрабіць нават змястоўныя праекты на гісторыка-культурнай аснове, ладзіць выставы дзіцячых вырабаў.

Як падкрэсліла ў нашай размове Н.П.Вашчанка, да кожнага дзіцяці патрэбен своеасаблівы падыход. Юную душу трэба асцярожна, з любоўю гартаць, нібыта тую цікавую кнігу. Каб знаходзіць там залацінкі. Педагог-арганізатар павінен быць добрым псіхолагам і дарадчыкам, каб своечасова заўважыць творчыя здольнасці ў школьнікаў. І аператыўна накіраваць па патрэбнай сцяжыне.

У кожнага чалавека ад нараджэння закладзены нейкія здольнасці, талент. Асноўная задача ў выхаванні сучаснага юнага пакалення — гэта не толькі развіваць прыродныя здольнасці вучняў, але і прывіваць ім любоў да роднага краю, выхоўваць сапраўдных патрыётаў роднай зямліцы. І пры гэтым арганізоўваць цікавыя мерапрыемствы, сустрэчы з вядомымі землякамі. Педагог-арганізатар павінен любіць усіх дзетак, паважаць, вызначацца цярплівасцю, ветлівасцю, з разуменнем ставіцца да сваіх выхаванцаў.

І атрымліваецца ўсё як і ў той прыродзе. Кожны кволы парастак павінен абавязкова ўзрасці, узняцца. Даць добрыя ўсходы, а потым — добры ўраджай на ніве. Інакш нельга! Без стараннай працы і сяброўскай дапамогі, без своечасовай падтрымкі талент загіне…

Ганна АТРОШЧАНКА.
Фота аўтара.