Мой суразмоўца — Максім Валер’евіч Баравік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 135 Мінска. Актыўны малады чалавек і з такой жа педагагічнай пазіцыяй, якую, дарэчы, бліскуча прадэманстраваў падчас ІІІ Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў. Наша з ім невялікая гутарка вельмі хутка ператварылася ў актуальнае інтэрв’ю.
— Максім Валер’евіч, спачатку хачу папрасіць вас расказаць пра сябе: чаму выбралі прафесію настаўніка? Чым вас прыцягнула беларуская філалогія?
— Прафесію настаўніка я абраў у апошні момант перад паступленнем ва ўніверсітэт. Ніколі да таго я нават не задумваўся, што магу стаць педагогам. Але аднойчы, падчас майго навучання ў Ліцэі БДУ, наш выкладчык намеснік дэкана філалагічнага факультэта С.А.Важнік, сказаў мне і майму сябру: “Хлопцы, ну камусьці ж трэба гэта рабіць”. Канечне, у першую чаргу ён меў на ўвазе навуковую працу, а не педагагічную дзейнасць. Аднак пасля гэтага я задумаўся, адкінуў усе эканамічныя-юрыдычныя спецыяльнасці і падаў дакументы на філалагічны факультэт. Прызнаюся, бацькі былі супраць майго рашэння, але я ўсё ж настаяў на сваім.
Чаму менавіта беларуская філалогія? Усё проста: мой класны кіраўнік, якой, на жаль, сёлета не стала, была таксама настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Менавіта яна прывіла мне яшчэ са школы любоў да Беларушчыны, да ўсяго роднага і крэўнага. Адпаведна, пра штосьці іншае я і не думаў. Таму можна сказаць, што я абіраў сваю прафесію свядома і абдумана, а не ў выніку, скажам, недахопу балаў ЦТ.
— Ці памятаеце вы свой першы ўрок? Што атрымалася, а што не? Як наогул сябе адчувалі?
— У школу я пайшоў працаваць, будучы яшчэ студэнтам 3 курса філфака БДУ. Канечне, было страшнавата. Да таго моманту з дзецьмі я ніколі не працаваў, таму не ведаў, як яны мяне будуць успрымаць, як я буду трымаць іх увагу. Да таго ж дадавалі хвалявання і “страшылкі” пра школу: пра злосную адміністрацыю, нахабных бацькоў і нявыхаваных дзяцей. Аднак, шчыра прызнаюся, не такі ўжо і страшны той чорт… Першыя заняткі наўрад ці ўзгадаю. Памятаю, што гэта быў урок у 6 класе па лічэбніку. Напэўна, не атрымалася больш, чым атрымалася. Бо ўсё ж, нават цудоўна валодаючы тэарэтычнымі ведамі, настаўнік павінен мець практыку. Я трэці год працую, напрыклад, у 8-х класах, але кожны год у мяне нешта дадаецца, мяняецца, абнаўляецца. Думаю, каб сістэматызаваць сваю методыку і вызначыць уласныя трывалыя падыходы ў навучанні, трэба не адзін год працаваць у школе. Ды і пры гэтым трэба кожны раз нешта ўдасканальваць.
— На ваш погляд, наколькі важная дысцыпліна ў класе? І тут жа хачу спытаць пра наладжванне адносін са сваімі вучнямі. Як правіла, дзеці далёка не адразу маладога настаўніка ўспрымаюць менавіта як настаўніка і ставяцца да яго па-панібрацку. Ці хутка вам удалося зарэкамендаваць сябе менавіта настаўнікам?
— Дысцыпліна — адзін з ключавых момантаў у навучанні. Відавочна, што ў цішыні і спакоі, калі настаўнік не раздражнёны і не ўзнерваваны, атмасфера ўрока становіцца больш працоўнай і плённай. Да таго ж і вучні ў такім выпадку атрымліваюць магчымасць больш якасна засвоіць матэрыял. Прызнаюся, што спачатку, канечне, з гэтым былі пэўныя праблемы. Прыходзілася часам і павышаць голас, і пакідаць вучняў пасля ўрокаў, і даваць дадаткова заданні, каб не было калі пашаптацца аднаму з адным. Аднак цяпер усё усталявалася. Усякае бывае, але гэта рабочыя моманты.
Што тычыцца панібрацтва з маладым настаўнікам, то такога ў маёй практыцы не было. Зразумела, што маладому педагогу прасцей знайсці з дзецьмі агульную мову, аднак такога адкрытага сяброўства ў мяне з вучнямі не назіраецца. Трэба навучыць дзяцей не пераходзіць тую мяжу, дзе заканчваецца настаўнік і пачынаецца сябар. Але разам з тым я не сказаў бы, што я наўмысна аддаляюся ад дзяцей. Проста за час працы ў школе я зразумеў: дзеці павінны адчуваць, што ты іх любіш, што ты бачыш у іх асобу, што яны табе неабыякавыя. Тады і яны будуць імкнуцца да цябе з усёй душой. Я часта паўтараю: трэба баяцца не пакарання ад настаўніка, а таго, што ты можаш яго падставіць ці пакрыўдзіць, што прымусіць гэтага настаўніка зірнуць на цябе па-іншаму, змяніць сваё стаўленне, як бы добра ён да цябе ні ставіўся раней.
— Яшчэ адна праблема, з якой сутыкаюцца ўсе маладыя настаўнікі, — гэта школьная дакументацыя. Існуе меркаванне, што менавіта яна адштурхоўвае ад прафесіі ў першы ж год працы. Як вы пераадольвалі гэтую праблему?
— Дакументацыя — гэта наша бяда. Яе сапраўды замнога. І часам нават незразумела, навошта гэта патрэбна. Нас ва ўніверсітэце не вучылі вядзенню школьнай дакументацыі, таму былі з гэтым пэўныя цяжкасці. Шчыра прызнаюся, на працягу першага месяца працы ў школе журналы я запаўняў алоўкам. А пасля набіў руку, і цяпер гэта ўжо здаецца звычайным механічным дзеяннем. Бывае, памыляешся недзе, не так запішаш дату ці не тую адзнаку вучню паставіш, але, на мой погляд, трэба дбаць не пра чысціню школьных журналаў, а пра якасць вучнёўскіх ведаў. Іншая справа, што ад гэтага ў пэўнай ступені залежыць заробак настаўніка.
— Часта метадысты наракаюць, што маладыя настаўнікі не могуць правільна пабудаваць урок і асабліва — прытрымлівацца адведзеных часавых межаў. З якімі цяжкасцямі давялося вам сутыкнуцца ў самым пачатку педагагічнай дзейнасці?
— Малады настаўнік на тое і малады настаўнік, каб памыляцца. Яму трэба яшчэ многаму навучыцца. Універсітэцкая практыка — гэта крыху іншае. Яшчэ раз паўтаруся: галоўнае для настаўніка — практычныя навыкі. Зразумела, што не можа кожны ўрок быць ідэальным і дакладна вывераным. Акрамя таго, трэба ўлічваць і здольнасці таго ці іншага класа. Таму, безумоўна, зрэдку можаш і не паспець зрабіць на ўроку ўсё, што запланаваў. Але і не гэта самае страшнае. Галоўнае — каб было дзе атрымаць патрэбную дапамогу.
Многае залежыць і ад метадыстаў, завучаў. Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала, бо дырэктар маёй школы В.В.Крупень таксама з’яўляецца настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, таму ў многім пад уздзеяннем яе вопыту фарміравалася і мая методыка. Яна часта наведвала (ды і зараз наведвае) мае ўрокі, а пасля падрабязна тлумачыла, што было не так і як гэта лепш выправіць. Сёння заўваг ужо амаль няма. Да таго ж варта ўмець спытацца, не саромецца і не баяцца. У нашай школе працуюць вопытныя настаўнікі рускай мовы, якія таксама мне заўжды дапамагалі, падказвалі, выпраўлялі. Увогуле, настаўнік — гэта чалавек, які пастаянна вучыцца і самаўдасканальваецца. Інакш у школе няма чаго рабіць. І вельмі важна, каб было каму цябе падтрымаць, а не з’есці ў першыя ж месяцы, пасля чаго, зразумела, малады спецыяліст са школы абавязкова ўцячэ.
— Максім Валер’евіч, хоць у вас пакуль невялікі стаж працы, але тым не менш: якіх методык і тэхналогій прытрымліваецеся?
— Пры падрыхтоўцы да ўрокаў пачаў дастаткова скрупулёзна падбіраць матэрыял да ўрокаў. З падручнікамі стараюся працаваць як мага меней, бо, шчыра прызнацца, практыкаванні ў іх аднастайныя, часта непрадуманыя. Калі раней урок выглядаў больш стандартна, то зараз намагаюся часцей выкарыстоўваць інтэрактыўныя метады, работу ў групах, парах, метады праблемнага навучання. Адным словам, як у вядомым выказванні: добры настаўнік той, у якога больш працуюць вучні, чым сам настаўнік. Гульнявыя тэхналогіі ў чыстым выглядзе не выкарыстоўваю, бо, як мне здаецца, знешняе афармленне ўрока часта адцягвае ўвагу вучняў ад той інфармацыі, якую яны павінны засвоіць. Часцей спалучаю гульню з іншымі прыёмамі і метадамі. Імкнуся як мага больш распрацоўваць нагляднага матэрыялу, складаю табліцы, алгарытмы, крыжаванкі, ствараю прэзентацыі, камп’ютарныя тэсты і г.д. Актыўна карыстаюся прыёмамі самаацэнкі і калектыўнага ацэньвання. Фактычна імкнуся да таго, каб вучні самі шукалі і знаходзілі. Хаця, прызнацца, гэта не заўсёды атрымліваецца.
— А якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны ўрок па беларускай мове і літаратуры?
— Сучасны ўрок павінен быць у першую чаргу інфарматыўным. Наш свет вельмі хуткі, веды ў ім пастаянна абнаўляюцца. Таму лічу, што, каб паспяваць за бегам часу, трэба ўсё рабіць інтэнсіўна і актыўна, абапіраючыся пры гэтым на той досвед, які назапасіўся ўжо на працягу гадоў. Апроч таго, урок павінен быць цікавым. У ХХІ ст. мы маем вялікую колькасць магчымасцей, каб сапраўды зацікавіць вучняў, прыцягнуць іх увагу да прадмета, даць ім як мага больш. А яшчэ ўрокі беларускай мовы і літаратуры павінны мець моцны выхаваўчы эфект, бо менавіта гэтыя вучэбныя прадметы ў большай ступені фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, адчуванне сваёй самаідэнтычнасці, закладваюць пачуццё патрыятызму.
— І ў канцы хацелася б папрасіць вас паразважаць на тэму настаўніцкага прызвання і сучасных патрабаванняў да гэтай няпростай прафесіі. Максім Валер’евіч, на ваш погляд, якім павінен быць сучасны настаўнік, каб адпавядаць і часу, і вучнёўскім запытам?
— Сучасны настаўнік павінен быць прафесіяналам сваёй справы. Гэта чалавек, які ведае не толькі свой прадмет, але і валодае пэўнай жыццёвай мудрасцю. Настаўнік павінен быць гатовым да любых змен, актыўна ўспрымаць новыя павевы, тэндэнцыі, імкнуцца не адстаць ад жыцця, не затрымацца ў мінулым, а заўжды быць на крок наперад. Яго задача — быць цікавым вучням. Тады ім стане цікавы і ваш прадмет. Я лічу, што настаўнікамі не становяцца, а ўсё ж нараджаюцца. Трэба мець адпаведныя педагагічныя здольнасці і рысы характару ад нараджэння. Ды і без энтузіязму ў нашай справе таксама не абысціся. А самае галоўнае — трэба любіць не толькі тое, чаму ты вучыш, а яшчэ і тых, каго ты вучыш.
— Вялікі дзякуй за шчырую размову і поспехаў на абраным вамі шляху.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.