Добры пас школьнікам

- 22:26Адукацыйная прастора

Гомельская сярэдняя школа № 69 стала першай школай — удзельніцай праекта “Школьны валейбол”. Еўрапейская валейбольная канфедэрацыя дапаможа беларускім дзецям палюбіць гэтую спартыўную гульню. Дагавор аб рэалізацыі праекта “Школьны валейбол” падпісаны з нацыянальнай федэрацыяй.

Культываваць від спорту плануецца ў школьных спартзалах і на адкрытых пляцоўках па ўсёй краіне. Захапляць школьнікаў валейболам будуць і на ўроках фізічнай культуры і здароўя. Пад рэалізацыю праекта Еўрапейская канфедэрацыя валейбола выдзеліла спартыўны інвентар. Кожная школа, якая трапіла ў праект, атрымае валейбольную сетку і мячы, расказала дырэктар Гомельскага абласнога аддзялення Беларускай федэрацыі валейбола Людміла Загорцава.

— Вельмі многае залежыць ад асобы настаўніка, які вядзе ўрокі фізкультуры, — адзначыла яна. — У гомельскай школе № 69 такі захоплены чалавек ёсць. Гэта Артур Знахарэнка. Яго выхаванцы сёння выступаюць за нацыянальную зборную. Пасля даставім інвентар у Карму і Жыткавічы. Усяго да праекта далучацца пяць школ Гомельшчыны.

Разавымі візітамі ва ўстановы адукацыі федэрацыя не абмяжуецца. Да праекта плануецца далучыць прафесійных валейбалістаў, якія будуць даваць вучням майстар-класы. У канцы года, калі палепшыцца эпідэмічная сітуацыя, куратары плануюць арганізаваць свята валейбола, на якім дзеці пакажуць, чаму ўжо навучыліся.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.