Добры педагог і яркая асоба

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Сучасныя рэаліі патрабуюць ад настаўніка быць ужо не проста педагогам, але і выхавальнікам, псіхолагам, творцам. І што асабліва важна — быць яркай і прыцягальнай асобай. Асобай, у якой адчуваецца сіла волі і душа. Асобай, якая можа павесці за сабой вучняў, прывіць ім правільныя жыццёвыя арыенціры. У гэтым пераканана настаўніца хіміі Краснапольскай раённай гімназіі Наталля Траянава. Больш за тое, Наталля Рэмаальдаўна стараецца прытрымлівацца гэтых прынцыпаў у сваёй педагагічнай дзейнасці.

Міністр адукацыі І.В.Карпенка ўручае Н.Р.Траянавай Грамату Міністэрства адукацыі.

Дарэчы, у педагогіку Н.Р.Траянава ў свой час прыйшла цалкам свядома. Мэтанакіравана яна выбірала і настаўніцкі профіль.

— На педагагічны шлях я стала па прыкладзе школьных настаўнікаў. І з профілем вызначылася гэтак жа. Першапачаткова хімія падалася мне незразумелай навукай. Але, дзякуючы маёй настаўніцы Наталлі Яўгенаўне Афанасьевай, урокі хіміі ператварыліся ў цікавыя і займальныя адкрыцці, — паведаміла Наталля Рэмаальдаўна.

Менавіта такім чынам на працягу ўжо 25 гадоў Н.Р.Траянава будуе і свае ўласныя ўрокі. Увесь гэты час Наталля Рэмаальдаўна адкрывае таямніцы хіміі навучэнцам Краснапольскай раённай гімназіі.

— У нашу гімназію я некалі прыйшла маладым спецыялістам, які толькі атрымаў настаўніцкі дыплом. Але хутка ўлілася ў калектыў і зразумела, што тут я на сваім месцы, — расказала Н.Р.Траянава.

Пачынаючы работу з вучнямі, Наталля Рэмаальдаўна імкнецца паказаць дзецям, што ў хіміі няма канчатковых ісцін, што ў будучыні яны могуць удзельнічаць у вырашэнні пастаўленых перад навукай праблем. На яе думку, усяленне ў вучняў такой упэўненасці спрыяе павышэнню іх матывацыі да самастойнага вывучэння хімічнай навукі.

— Мая задача — паказаць дзецям, што наша Зямля і ўсе працэсы, якія адбываюцца на ёй, неадрыўныя ад хіміі. Спрабую даказаць сваім вучням, што хімія і наша рэчаіснасць непарыўна звязаны. Вучу дзяцей прымяняць атрыманыя веды ў жыцці. Што канкрэтна для гэтага раблю? Праводжу эфектыўныя і цікавыя доследы, спрабую заінтрыгаваць хімічнымі рэакцыямі, сухую мову формул ператвараю ў галаваломкі. Усё гэта сапраўды захапляе дзяцей. Яны пачынаюць ставіцца да хіміі не як да складанага вучэбнага прадмета, а як да ўрокаў, звязаных з рэальным жыццём. У дзяцей узнікае мноства пытанняў па тэме, якая вывучаецца, і яны самі з энтузіязмам пачынаюць шукаць на іх адказы, — адзначыла Н.Р.Траянава.

У аснову сваёй педагагічнай практыкі Наталля Рэмаальдаўна ставіць тэхналагічны падыход у спалучэнні з традыцыйным навучаннем, яны ўключаюць этапы ўспрымання, асэнсавання, запамінання, прымянення ведаў. У працэсе падрыхтоўкі і правядзення заняткаў настаўніца ў асноўным кіруецца класічнымі прынцыпамі дыдактыкі. Яна заўсёды старанна прадумвае змест і арганізацыйныя формы кожнага ўрока, шырока выкарыстоўвае элементы пошукавай дзейнасці, праблемныя сітуацыі, якія садзейнічаюць актывізацыі мыслення вучняў, развіццю іх камунікатыўных уменняў і творчага ўяўлення.

Па меркаванні Н.Р.Траянавай, важным фактарам паспяховага навучання з’яўляецца арганізацыя паўтарэння вывучанага матэрыялу. Таму гэтаму этапу педагог удзяляе павышаную ўвагу як на ўроках, так і на факультатыўных занятках.

— Правільна арганізаванае паўтарэнне спрыяе інтэлектуальнаму развіццю кожнага вучня, дасягненню ім глыбокіх ведаў. Раней пройдзеныя тэмы павінны служыць падмуркам, на які абапіраецца вывучэнне новага матэрыялу. Наогул, за гады работы я зразумела, што не ў колькасці ведаў заключаецца адукацыя, а ў поўным разуменні і ўмелым выкарыстанні ўсяго таго, што ведаеш, чаму вучыш. Настаўніку неабходна пастаянна імкнуцца выйсці за рамкі прадмета і паглядзець нават на самую “хімічную” праблему пад вуглом агульнай культуры. Думаю, што нельга “сыходзіць з галавой” у шчолачы і кіслоты. Хімія павінна дапамагчы дзецям у рэальным жыцці. У сучасных умовах важна таксама прывіваць навучэнцам уменне планаваць, кантраляваць, ацэньваць сваю дзейнасць, арыентавацца ў патоку навуковай інфармацыі. Усе гэтыя навыкі — неабходная ўмова для самавызначэння і самарэалізацыі вучня ў будучыні, — пераканана Наталля Рэмаальдаўна.

Яшчэ адным значным фактарам паспяховага навучання, а таксама асобаснага развіцця вучняў Н.Р.Траянава лічыць псіхалагічны камфорт і спрыяльную атмасферу ў класе.

— Кожнае дзіця — індывідуальнасць, таму праяўляю цікавасць да яго асобы, пазнаю яго ўнутраны свет, каб наладзіць кантакт. Стараюся рабіць усё магчымае для падтрымання высокай самаацэнкі вучня. Вучу канцэнтраваць свае ўменні ў патрэбны момант часу. У гэтых умовах дзіця адчувае, што цікавае настаўніку як асоба, як індывідуальнасць. Я ў курсе праблем ва ўзаемаадносінах вучняў, да мяне звяртаюцца па дапамогу, просяць парады. Нашы зносіны з навучэнцамі не абмежаваны сценамі гімназіі. Калі не атрымліваецца задача, паўсталі пытанні, дзеці з лёгкасцю звяртаюцца да мяне на перапынках ці пасля ўрокаў. Такое ўзаемадзеянне адбіваецца не толькі на вучэбнай дзейнасці, але і на асобасных якасцях. Вучні становяцца больш адкрытымі, упэўненымі ў сабе, самастойнымі і арганізаванымі. І гэта дае свае вынікі, — падкрэсліла Наталля Рэмаальдаўна.

І сапраўды, вынікі ёсць. У класах Н.Р.Траянавай даволі высокая паспяховасць. Яе вучні з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне.

Адметна, што кіраўніцтва гімназіі характарызуе Наталлю Рэмаальдаўну як педагога-наватара. Яна на самай справе вялікую ўвагу ўдзяляе прафесійнаму самаразвіццю. А яшчэ актыўна дзеліцца сваім вопытам і эфектыўнымі напрацоўкамі з калегамі. Н.Р.Траянава сабрала, а таксама класіфікавала вялікі тэарэтычны і практычны матэрыял па падрыхтоўцы да цэнтралiзаванага тэсцiравання, які распаўсюджваецца сярод педагогаў раёна і вобласці. Яна актыўна ўдзельнічала ў рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў, як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі” і “Укараненне мадэлі міждысцыплінарнай інтэграцыі пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчага і сацыяльна-гуманітарнага цыклаў”.

Плённая дзейнасць Наталлі Рэмаальдаўны неаднойчы была адзначана. У яе працоўнай скарбонцы — шматлікія дыпломы і граматы мясцовых выканаўчых улад. А на сёлетняй абласной жнівеньскай канферэнцыі Н.Р.Траянава была ўзнагароджана граматай Міністэрства адукацыі.

У найбліжэйшых планах Наталлі Рэмаальдаўны — працягваць прафесійнае развіццё. Яна ўпэўнена: каб вучыць моладзь ХХІ стагоддзя, настаўніку трэба быць з падрастаючым пакаленнем на адной хвалі — валодаць інтэрнэт-рэсурсамі і іншымі сучаснымі тэхналогіямі, укараняць у працэс навучання перадавыя адукацыйныя тэндэнцыі.

— Але не менш важнае і асобаснае развіццё. Бо ніякія высокія тэхналогіі не заменяць жывога слова настаўніка, нашай любові да сваіх вучняў і сваёй справы, — заўважыла Н.Р.Траянава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.