Добры прафесійны старт

У Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы 30 красавіка ўручылі дыпломы выпускнікам вучэбнай групы С-42 архітэктурна-будаўнічага і вучэбнай групы М-21 тэхніка-тэхналагічнага аддзяленняў (спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” і “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”).

Надзейныя пуцёўкі ў працоўнае жыццё атрымалі 35 маладых спецыялістаў. Дырэктар каледжа Аляксандр Ласякін асобна адзначыў рэкордна высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў. Напрыклад, палачанка Дар’я Генеральчык і віцяблянка Марына Маслоўская, якія вучыліся на архітэктурна-будаўнічым аддзяленні, — уладальніцы дыпломаў з адзнакай. Звыш паловы іх таварышаў па групе абаранілі дыпломныя праекты на выдатна: у чацвярых у дыпломах красуюцца “дзявяткі”, яшчэ ў дзесяцярых — “васьмёркі”. Адпаведна, з размеркаваннем пытанняў не ўзнікла, работадаўцы рады вітаць у сваіх калектывах маладыя і кваліфікаваныя кадры. Больш за тое, юнакі і дзяўчаты мелі магчымасць выбраць першае рабочае месца з 3—4 прапанаваных ім варыянтаў. Маладыя прафесіяналы з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй размеркаваны на паспяховыя прадпрыемствы, арганізацыі з прывабным сацыяльным пакетам (у тым ліку забеспячэнне месцам у інтэрнаце для іншагародніх) і заработнай платай, што нават па першым часе ў асобных выпадках стартуе ад 500—700 рублёў. Сярод наймальнікаў — Віцебскі завод трактарных запчастак і ААТ “Будаўнічы трэст № 9 Віцебска”, ДРСУ №144 філіял КУП “Віцебскаблдарбуд”, інстытут “Віцебск­грамадзянпраект”, Мінскі метрапалітэн.

— Кожны з нашых навучэнцаў — часцінка жывой гісторыі каледжа, — падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч. — Разам мы робім гэтую гісторыю слаўнай. Так і сёлетнія выпускнікі многа працавалі над змяненнем аблічча каледжа, право­дзілі рамонты, добраўпарадкавалі тэрыторыю — і адначасова практыкаваліся ў прафесійным майстэрстве. Фактычна маладыя людзі пакінулі пасля сябе зачын на 20—30 гадоў для тых, хто будзе тут вучыцца потым. Мы бачылі, як старанна, адказна і творча яны ставіліся да вучобы, практык. Цяперашняя няпростая эпідэміялагічная сітуацыя не пашкодзіла ім у вызначаны тэрмін якасна падрыхтавацца, абараніць дыпломныя праекты і дастойна вытрымаць экзамены перад дзяржаўнай кваліфікацыйнай камісіяй. Мы выпусцілі дзве моцныя групы, якія паставілі высокую планку сваім пераемнікам. Разам з тым я цвёрда ўпэўнены: наступнае пакаленне яе абавязкова пераадолее. Ключавым фактарам тут з’яўляецца ўзровень кваліфікацыі і прафесійнага майстэрства нашых педагогаў. Трэба ска­заць, што ён таксама пастаянна расце. Пэўны час назад мы прынялі на работу ў каледж вельмі, як я лічу, перспектыўных і таленавітых выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання. Літаральна на вачах яны “прыбаўляюць” у прафесіяналізме, вучацца ў вопытных калег, шукаюць і ўкараняюць новыя падыходы ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Маладое педагагічнае пакаленне больш мабільнае, выдатна арыентуецца ў ІТ-прасторы і адаптуе яе рэсурсы для навучання і выхавання, лёгка знаходзіць агульную мову з навучэнцамі, уласным прыкладам матывуе іх на набыццё ведаў, прафесійны рост. Важным складнікам сёлетняга поспеху — а такі выпуск, безумоўна, поспех і нагода для гонару — з’явілася адкрыццё ў мінулым годзе рэсурснага цэнтра “Будаўнічыя тэхналогіі” на базе каледжа. Нашы выпускнікі знаёмы з самымі перадавымі тэхналогіямі, умеюць працаваць на абсталяванні, якое адпавядае самым сучасным сусветным стандартам і ўзорам. Гэта дае свой станоўчы эфект.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжам.