Добры старт

- 10:57Адукацыйная прастора

Удзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Грамадазнаўства” і “Фізічная культура і здароўе” прымала ў гэтым годзе Гродзенская вобласць.

Ліда

Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліяратыўнага будаўніцтва стаў месцам правядзення алімпіяды па прадмеце “Грамадазнаўства”. А таксама месцам  пражывання 33 адзінаццацікласнікаў, якія прайшлі некалькі складаных этапаў на шляху да важнейшага іспыту апошняга года свайго школьнага жыцця.

Як і заўсёды, удзельнікі прайшлі два туры. Першы тур прадугледжваў выкананне адкрытых заданняў, у тым ліку практычнага складніка. Другі тур праходзіў у выглядзе тэсціравання. Навучэнцы мелі магчымасць на заканчэнне алімпіяды паўдзельнічаць у аналізе алімпіядных заданняў, атрымаць адказы на пытанні.

Старшыня журы алімпіяды па прадмеце “Грамадазнаўства” дырэктар Віцебскага філіяла ўстановы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” Аляксандр Дзя­дзінкін уручае дыплом Настассі Гудовіч.

Алімпіяда была арганізавана як звычайна. І ў той жа час мела некаторыя асаблівасці — высокі ўзровень бяспечных умоў яе правядзення. Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк, вялікая ўвага была ўдзелена бытавым умовам: усе ўдзельнікі пражывалі ў асобных пакоях, кожны дзень праводзілася тэрмаметрыя. Харчаваліся каманды па сваіх графіках. А сама алімпіяда праходзіла ў шасці аўдыторыях, дзе знаходзілася па 5—6 чалавек.

Для ўдзельнікаў алімпіяды па грамадазнаўстве з Гродзенскай вобласці пацвердзіўся прынцып “Дома і сцены дапамагаюць”. Два з трох дыпломаў І ступені засталіся ў вобласці. Імі ўзнагароджаны навучэнка сярэдняй школы № 15 Ліды Яна Кушнер і навучэнка Гродзенскай гарадской гімназіі Дарына Юдзіцкая. Яшчэ адзін дыплом вышэйшай ступені атрымала навучэнка Гомельскай Ірынінскай гімназіі Настасся Гудовіч. Дарэчы, Настасся набрала самую вялікую колькасць балаў (253) і як лепшая па гэтым прадмеце была адзначана спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

 Усяго былі адзначаны 15 удзельнікаў алімпіяды. Дыпломамі ІІ ступені — чатыры чалавекі, ІІІ ступені — восем чалавек. Вызначыліся навучэнцы з Ліды — на іх рахунку тры дыпломы трох ступеней. Навучэнец сярэдняй школы № 14 Ігар Нізаўцоў заваяваў дыплом ІІ ступені, навучэнка сярэдняй школы № 15 Дар’я Багрым — дып­лом ІІІ ступені. Падрыхтавалі лідскіх школьнікаў настаўніцы Кацярына Гушчынская і Наталля Кеўра. Два дыпломы заваявалі навучэнкі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Настасся Калеева (ІІ ступені) і Ганна Гольдзін (ІІІ ступені). Два дыпломы ІІІ ступені заваявалі навучэнкі Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Марыя Шарамецьева і Аляксандра Навіцкая.

Гродна

Алімпіяда па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” аб’яднала 43 удзельнікаў. Праходзіла алімпіяда па гэтым прадмеце на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі (тэарэтычны тур) і на базе гімназіі № 1 імя Яўхіма Карскага, дзе адбыліся другі і трэці туры алімпіяды.

У першым туры навучэнцы 11 класаў на працягу дзвюх гадзін выконвалі тэставыя заданні на веданне сучаснага спорту і гісторыі яго развіцця. Другі і трэці туры практычныя. Другі — тэсціраванне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці, у трэцім трэба было прадэманстраваць уменні ў гульнявых відах спорту: баскетболе, валейболе, гандболе, футболе.

І ў ГрАІРА, і ў гімназіі былі створаны ўсе ўмовы, каб удзельнікі алімпіяды добра падрыхтаваліся да яе, добра выступілі і мелі бяспечныя ўмовы пражывання.

— Вельмі вялікая ўвага была ўдзелена санітарна-супрацьэпідэмічным мерам у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя. Удзельнікі і педагогі, якія іх суправа­джалі, члены журы жылі ў пакоях па адным чалавеку. Ежу дастаўлялі выключна ў аднаразовым посудзе непасрэдна ў пакоі альбо ў спецыяльна выдзеленыя для кожнай каманды абе­дзенныя залы, — расказала начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская. — Рассадж­ванне навучэнцаў на тэарэтычным туры было арганізавана так, каб у кожнай аўдыторыі было не больш за 6—8 чалавек, сядзелі яны праз дзве парты ў шахматным парадку.

Па выніках заключнага этапу алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны 19 вучняў: дзесяць юнакоў і дзевяць дзяўчат, чатыры навучэнцы адзначаны пахвальнымі водзывамі.

— Усе ўдзельнікі прадэманстравалі высокія, роўныя вынікі ва ўсіх трох турах, — расказвае старшыня журы старшы выкладчык кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Марына Парахоўская. — Парадавалі як тэарэтычныя веды, так і спартыўныя вынікі, якія сведчаць аб высокім фізічным патэнцыяле і добрай падрыхтоўцы ўдзельнікаў алімпіяды. Так, навучэнец сярэдняй школы № 2 Дуброўны Віцебскай вобласці Раман Магіленка скокнуў у даўжыню з месца на 3 метры і 3 сантыметры. Па выніках алімпіяды Раман адзначаны пахвальным водзывам.

Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны навучэнка Чурлёнскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вілейскага раёна Мінскай вобласці Настасся Кібалка і навучэнка сярэдняй школы № 3 Жабінкі Брэсцкай вобласці Дар’я Балакер, навучэнец Даброўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці Яўген Мазаеў і навучэнец гімназіі № 1 Іўя Гродзенскай вобласці Антоній Седзянеўскі. Дарэчы, усе яны прымалі ўдзел і ў мінулагодняй алімпіядзе і палепшылі ў гэтым годзе свае вынікі. Так, Антоній у мінулым годзе заваяваў дыплом ІІ ступені. Настасся Кібалка пацвер­дзіла высокі мінулагодні вынік: у 2019 годзе яна таксама атрымала дыплом І ступені. У гэтым годзе пераможцы прадэманстравалі выдатныя асабістыя дасягненні, такія важныя для выпускніка школы пры вызначэнні далейшага прафесійнага лёсу, і маюць ужо ў заліку 100-бальны вынік цэнтралізаванага тэсціравання.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Вадзіма ГЛОЦІКА і прадастаўлена ўпраўленнем адукацыі Лідскага райвыканкама.