Добры вынік дае сістэмная падрыхтоўка

- 11:51Адукацыйная прастора

Магілёўскія юнакі і дзяўчаты, якія ўмеюць працаваць рукамі, на мінулым тыдні атрымалі магчымасць на справе прадэманстраваць усе свае таленты. У вобласці адбыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У яго рамках прайшлі спаборніцтвы і па працоўным навучанні.

Удзел у абласной алімпіядзе па працоўным навучанні прынялі 28 дзяўчынак і 28 хлопчыкаў, якія ўжо сталі пераможцамі і прызёрамі раённых і гарадскіх этапаў. Дарэчы, большасць з навучэнцаў прадстаўлялі раённыя і сельскія школы, што з’яўляецца вельмі добрай тэндэнцыяй. Для атрымання запаветнага пераможнага дыплома ўсім дзецям трэба было прайсці тры этапы конкурсных заданняў.
Па словах старшыні журы алімпіяды ў дзяўчынак настаўніцы працоўнага навучання сярэдняй школы № 33 Магілёва Наталлі Круталевіч, у заданнях, вядома, прысутнічалі новаўвядзенні, але ў асноўным яны засталіся традыцыйнымі і не выходзілі за рамкі ведаў школьнай праграмы.
— Тэарэтычны тур праходзіў у форме тэста. Дзяўчынкам прапаноўвалася адказаць на дваццаць пяць пытанняў, якія ахоплівалі такія раздзелы прадмета, як “Асновы апрацоўкі тэкстыльных матэрыялаў”, “Асновы апрацоўкі харчовых прадуктаў”, “Дамаводства”, “Асновы этыкету”, а таксама рашыць пяць адпаведных задач. У сукупнасці, за тэарэтычны тур удзельніцы мелі магчымасць атрымаць трыццаць балаў. Максімальнага выніку, на жаль, у нас у гэтым годзе не было, але ёсць дзяўчынкі, якія наблізіліся да яго, — расказала Наталля Мікалаеўна.
Тэарэтычны тур у хлопцаў праходзіў аналагічна. Правільныя адказы неабходна было даць па такіх тэмах, як “Тэхналогія апрацоўкі металаў і драўніны”, “Дэталі машын”, “Тэхнічнае чарчэнне”. Распрацоўваў тэставыя пытанні для хлопчыкаў непасрэдна сам старшыня журы настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 39 Магілёва Аляксей Пархоменка.
— Заданні, распрацаваныя мной для тэарэтычнага тура, мелі пэўную складанасць. Для іх рашэння неабходна было не толькі валодаць значным запасам ведаў, але і праявіць логіку, кемлівасць. Улічваючы гэта, мне вельмі прыемна канстатаваць, што ў нас ёсць хлопцы, якія атрымалі на дадзеным этапе максімальныя 30 балаў, — адзначыў Аляксей Аляксеевіч.
Што тычыцца практычнага этапу, то хлапчукі выраблялі на ім сувенірны макет, прысвечаны 70-годдзю маладзёжных арганізацый. А дзяўчынкі працавалі над вырабам “Мяшочка для падарунка, дэкарыраванага вышыўкай з аплікацыяй”.
— Практычны этап для ўдзельнікаў заўсёды больш складаны, паколькі ён уяўляе сабой комплексную работу. А менавіта — напісанне інструкцыйнай карты і непасрэдна сама работа над вырабам. Да таго ж, сёлета не было падзелу на малодшую і старэйшую групы. Усе дзеці, з 7 па 11 клас, працавалі разам над адным заданнем. Тым не менш ім удалося годна з ім справіцца. Самыя высокія вынікі прадэманстравалі прадстаўніцы Дрыбінскага, Глускага, Магілёўскага, Чавускага раёнаў, — заўважыла старшыня журы Наталля Круталевіч.
— А вось у хлопчыкаў самыя распаўсюджаныя памылкі на практычным туры раней звычайна здараліся пры запаўненні інструкцыйнай карты вырабу. Сёлетнія ж удзельнікі дапусцілі мінімум такіх памылак, што сведчыць пра эфектыўнасць падрыхтоўкі да алімпіяд, — дадае Аляксей Пархоменка.
Падрыхтоўка па прадмеце “Працоўнае навучанне” ў вобласці сапраўды сістэмная і зладжаная. Акрамя непасрэдна падрыхтоўкі адораных дзяцей педагогамі, гэта і наведванне таленавітымі дзецьмі вочнай школы юных, якая дзейнічае на базе Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, і завочнай школы падрыхтоўкі, і адпачынак у профільным лагеры “Алімпіец”, дзе, акрамя аздараўлення, перспектыўныя навучэнцы шліфуюць свае веды і ўменні пад кіраўніцтвам лепшых педагогаў вобласці. Такі сістэмны падыход дае чаканыя вынікі. Магілёўская вобласць на працягу ўжо трох гадоў з’яўляецца лідарам алімпіяднага руху па працоўным навучанні сярод іншых рэгіёнаў рэспублікі.
На паўтарэнне папярэдніх дасягненняў старшыні журы абласной алімпіяды разлічваюць і ў гэтым годзе. Тым больш што таленавітых школьнікаў, здольных здзівіць сваёй працай, у рэгіёне хапае. Пераканацца ў тым, наколькі таленавітыя магілёўскія навучэнцы, можна было падчас творчага этапу алімпіяды. Удзельнікі парадавалі журы і разнастайнасцю работ, і разнапланавасцю тэхнік іх выканання, і, што самае галоўнае, — якасцю і арыгінальнасцю вырабаў.
Па сумарнай колькасці набраных балаў пераможцамі сярод дзяўчынак сталі вучаніца Бельскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Вераніка Пынціна і вучаніца сярэдняй школы № 1 Кіраўска Юлія Багданава. А дыпломы І ступені сярод хлопчыкаў заваявалі навучэнец Перакольскай сярэдняй школы Клічаўскага раёна Ілья Завадскі і вучань сярэдняй школы № 39 Магілёва Кірыл Чыж.
Перамога — справа прыемная, а калі яна ўжо не першая — прыемна ўдвая. Так кажа адзін з пераможцаў Ілья Завадскі. А параўноўваць яму — неаднаразоваму пераможцу раённых, абласных і прызёру рэспубліканскіх этапаў алімпіяд — ёсць з чым.
— Як толькі ў нас пачалося працоўнае навучанне, я і стаў прападаць у майстэрні. Маё захапленне прадметам заўважыў наш настаўнік Віктар Уладзіміравіч Чэрап, ён і прапанаваў паспрабаваць сябе ў алімпіядзе. Дзякуючы яго дапамозе і свайму асабістаму імкненню, зараз у маёй скарбонцы ўжо не адзін пераможны і прызавы дыплом. Вядома, хочацца нарэшце ста ць першым і на рэспубліканскім узроўні. Але нават калі сёлета гэтая мара і ажыццявіцца — звязваць будучую прафесію з любімым прадметам я не планую. Прычына банальная — я хачу атрымаць вышэйшую адукацыю, а льготы пры паступленні пераможцам алімпіяды па працоўным навучанні прадастаўляюць толькі на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але я ўпэўнены, што набытыя за час удзелу ў алімпіядах навыкі і веды значна дапамогуць мне ў вучобе, ды і ў жыцці яны заўсёды спатрэбяцца, — падзяліўся Ілья.
З тым, што працоўнае навучанне заўсёды спатрэбіцца ў жыцці, цалкам згодны і ўладальніцы дыплома ІІІ ступені навучэнкі Глускай раённай гімназіі Карына Свечнікава і Наталля Дзяшчэня. Карына ўжо некалькі гадоў у алімпіядным руху, а вось для Наталлі гэта першы падобны вопыт. У сувязі з тым, што не сталі пераможцамі, дзяўчынкі не сумуюць.
— Вялікую падтрымку нам аказвае наша настаўніца Аксана Міхайлаўна Грыгор’ева. Таму палепшым падрыхтоўку і будзем спрабаваць свае сілы ў наступным годзе, — з аптымізмам запэўніваюць дзяўчынкі.
Такі аптымістычны настрой, памножаны на трывалыя веды і навыкі, у бліжэйшы час вельмі спатрэбіцца пераможцам абласной алімпіяды як па працоўным навучанні, так і па іншых прадметах, бо зусім хутка іх чакае галоўны, заключны этап рэспубліканскіх алімпіяд.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і Аляксея ПАРХОМЕНКІ.