Добрых спраў зачынцы

- 14:54Родная земля

“Талачынцы — не злачынцы, добрых спраў яны зачынцы”, — пісаў жартаўліва ў сваёй “Одзе Талачыну” Пімен Панчанка. Калі ­гаварыць сур’ёзна, то жы­хары Талачына, сапраўды любяць зачынаць добрыя справы. Але не толькі зачы­наць. Добрыя справы яны любяць і завяршаць. Нездарма адна з версій паходжання назвы райцэнтра звязана са словам “талака” (агульная справа). Агульныя справы на карысць роднай зямлі жыхары гэтага краю пачынаюць і завяршаюць ужо многія стагоддзі. Таму і славіцца Талачыншчына помнікамі гісторыі, архітэктуры. Таму і рэалізуюцца актыўна (і, галоўнае, эфектыўна) ва ўстановах адукацыі раёна краязнаўчыя праекты.

Захапляцца вынікам

Пачаць справу нескладана. Куды складаней цалкам рэалізаваць задуманае, не збочыць з выбранага шляху, не апусціць рукі, калі ўзнікаюць цяжкасці. І як прыемна ўсведамляць, што пачатае завершана! Як прыемна атрымліваць асалоду ад вынікаў агульнай справы — талакі! Менавіта такое пачуццё апаноўвала ў далёкім 1001 годзе будаўнікоў першай царквы ў старажытным Друцку (ранейшым цэнтры знакамітага княства, а цяпер аграгарадка на тэрыторыі Талачынскага раёна), калі яны скончылі работу над узвядзеннем над звілістай Друццю велічнага храма. Прыкладна такое ж пачуццё задавальнення ад здзяйснення справы апаноўвала і будаўнікоў сучаснага храма, узведзенага ўсё там жа, над звілістай Друццю, роўна праз тысячагоддзе з моманту першай летапіснай згадкі Друцка — у 2001 годзе.

Г.Р.Шылала знаёміць з з гісторыяй піянерскага руху Талачыншчыны.

А якая гордасць апаноўвала настаўнікаў і вучняў сярэдняй школы № 2 Талачына, калі яны падчас краязнаўчай талакі адкрывалі таямніцы гісторыі старажытнага паселішча, лёс уладальнікаў княства, прадстаўнікоў вядомага роду Друцкіх і яго шматлікіх адгалінаванняў! Трэба было бачыць, з якім захапленнем яны расказвалі пра родны край, запрашалі здзейсніць цікавае завочнае падарожжа па адметных куточках Талачынскага раёна (у тым ліку на Друцкае гарадзішча), стоячы каля арыгінальнай карты-пано ў кабінеце гісторыі! А якім шчасцем было для педагогаў Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі ўсвядоміць, што сумесны праект па стварэнні края­знаўчых настольных гульняў удалося паспяхова рэалізаваць, зацікавіць рэальнымі гульнямі юных аматараў віртуальнага свету! І падобныя клічныя сказы ў дачыненні да агульных спраў, што здзяйсняюць настаўнікі і вучні Талачынскага раёна з мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны роднага краю, можна пісаць амаль бясконца. Спынімся на некаторых праектах і адначасова здзейснім падарожжа па адметных мясцінах Талачыншчыны.

А.С.Чмурак.

У чым “фішка”?

Настольныя гульні былі выбраны педагогамі Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі ў якасці прыярытэтнага напрамку папулярызацыі сярод навучэнцаў гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны роднага краю невыпадкова. На думку дырэктара ўстановы Галіны Рыгораўны Шылала, такія гульні заўсёды цікавыя дзецям, паколькі суправаджаюцца эмоцыямі, вучаць гульцоў зносінам, уменню годна прайграваць і стрымана радавацца перамозе. Краязнаўчыя настольныя гульні не надакучваюць, таму што ў іх аснове — адкрыццё таямніц роднага краю, у такой гульні заўсёды ёсць сакрэт, бо ніхто з гульцоў не ведае, як будуць разгортвацца па­дзеі, колькі кропачак выпа­дзе на грані гульнявога кубіка, хто стане пераможцам. Каб першым прыйсці да фінішу, трэба не толькі ведаць адказы на пытанні, якія ­ўтрымліваюць гульнявыя карткі, але і валодаць шанцаваннем.

В.С.Бобышава.

Краязнаўчая гульня “Даведайся па апісанні”, гульні-пазлы “Помнікі Талачынскага раёна”, “Што лішняе?”, “Назаві правільна”, Viber-квест “Мой любімы горад”, якія распрацавалі педагогі Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і мола­дзі, могуць прымяняцца на занятках аб’яднанняў па інтарэсах краязнаўчай накірава­насці ва ўстановах дадатковай адукацыі, у пазакласнай дзейнасці з навучэнцамі класнымі кіраўнікамі, педагогамі-арганізатарамі. Каб зацікавіць сучасных дзяцей, рэальная гульня павінна быць такой жа яркай, стракатай, як і віртуальная. У гульні павінны быць ­узроўні, якія гульцу неабходна пераадольваць, павінен быць момант нечаканасці. Усё гэта і ўтрымлівае гульня “Ведай свой край”. Як паве­даміла адна з яе ­распрацоўшчыкаў — намеснік дырэктара па ­вучэбна-метадычнай рабоце Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Аксана Сяргееўна Чмурак, формай правя­дзення гульні з’яўляецца віртуальнае падарожжа па родным краі, якое мо­гуць аднача­сова здзяй­сняць ад 2 да 4 чалавек або каманд, узрост удзельнікаў якіх — ад 10 гадоў. Узрост балельшчыкаў не абмежаваны.

Р.К.Франуза каля арыгінальнай талачынскай скульптуры.

— Сутнасць гульні простая. Размясціце гульня­вое поле на стале і пастаўце фішкі на старт. Раскла­дзіце карткі па пяці раздзелах, пытанні павінны быць схаваны ад гульцоў. Каб вызначыц ­чарговасць хо­ду кожнага гульца, удзельнікі кідаюць кубік. Першым ходзіць той, каму выпала самая большая ­колькасць ачкоў, і гэтак далей па чарзе. Калі, зрабіўшы ход, гулец аказваецца на каляровым кружочку, то ён выбірае картку з пытаннем з раздзела, якому адпавядае пэўны колер: жоўты — “Славутасці роднага краю”, сіні — “Знакамітыя людзі Талачыншчыны”, чырвоны — “Гістарычныя факты”, зялёны — “Прырода”, фіялетавы — “Старажытны Друцк”. Пасля правільнага адказу можна прасоўваць фішку на адзін крок наперад. Калі адказ ня­правільны — гульнявая фішка застаецца на месцы. Гульнявое поле суправа­джаецца дадатковымі складанасцямі. Калі фішка трапляе на пэўны колер, то яна можа вяртацца на адзін крок назад або прайсці дадаткова на адзін крок наперад. Перамагае той, хто прыйдзе да фінішу першым. На некаторыя карткі нанесены QR-коды, па іх можна атрымаць доступ да інфармацыі пазнавальна-развіццёвага характару па тэме пытання, — расказвае Аксана Сяргееўна.

Паспрабуем згуляць? Для гэтага можна звязацца з супрацоўні­камі Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (у эпоху інтэрнэту знайсці іх кантакты нескладана), якія ахвотна падзеляцца з калегамі вопытам распрацоўкі гульнявога поля, картак і г.д. Паглядзіце на фотаздымкі картак і гульнявога поля. Усё можна адаптаваць пад любы раён. Але вернемся на Талачыншчыну. Вось некаторыя пытанні з картак, распрацаваных талачынскімі педагогамі, у катэгорыі “Славутасці роднага краю”. У вёсцы Галошава захаваўся цагляны сядзібны дом, гаспадарчыя пабудовы і частка старога парку. Што гэта за сядзіба? Хто быў яе ўладальнікам? (Сядзіба Цюн­дзявіцкіх.) Які ландшафтна-гідралагічны заказнік знаходзіцца на тэрыторыі Талачынскага раёна? (“Скрыпулёва”.) Каму прысвечаны мемарыяльны знак “Баявая машына дэсанта”, які ўсталяваны каля памятнага знака, адкрытага 3 ліпеня 2012 года пры ўездзе ў Талачын з боку Мінска? (Воінам-інтэрнацыяналістам.) У якой вёсцы з 1901 года працаваў млын на паравым рухавіку, а ў цяперашні час пабудаваны вятрак? (Абольцы.) У 1985 годзе заснаваны Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей, адкрыты для наведвальнікаў 31 жніўня 2001 года. Як называюцца пяць аглядавых залаў? (“Старажытная гісторыя”, “Гістарычная”, “Этнаграфічная”, “Выставачная”, “Прырода і чалавек”.) Калі падчас гульні фішка трапляе на кружочак фіялетавага колеру, то гульцы адказваюць на пытанні, змешчаныя ў картках раздзела “Старажытны Друцк”. Да якога году адносіцца першае летапіснае ўпамінанне пра Друцк? (1001 год.) Якія князі былі першымі ўладальнікамі Талачына? (Князі Друцкія.) Якая мудрая князёўна з’яўляецца заснавальніцай магутнай еўрапейскай велікакняжацкай і каралеўскай дынастыі Ягелонаў? (Соф’я Друцкая-Гальшанская.)

Макет старажытнага Друцка ў Талачынскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Як бачым, стварыць падобную гульню не складана. Тым больш калі за справу бярэцца не ­адзін чалавек, а калектыў. Гэта і пацвярджае работа над праектам па стварэнні серыі краязнаўчых настольных гульняў педагогаў Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. І яшчэ. Важным этапам з’яўляецца канчатковае афарм­ленне работы, яе ўпакоўка. У дызайне скрыні для захоўвання гульнявога поля талачынскія педагогі выкарысталі фотаздымак вучаніцы сярэдняй школы № 2 Талачына Дар’і Кудраўцавай “Беларусь — мая калыска”, які, дарэчы, быў адзначаны дыпломам І ступені абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу фотаздымкаў “Зямля пад белымі крыламі” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Талачынскае лато

Не менш захапляльным, чым “Ведай свой край”, з’яўляецца лато “Наша Талачыншчына”. У прынцыпе, лато можа быць не толькі талачынскае, але і аршанскае, барысаўскае, круглянскае, крупскае. Галоўнае, каб педагогі з гэтых раёнаў праявілі зацікаўленасць у стварэнні падобнага прадукту. Па словах аднаго з аўтараў краязнаўчага лато загадчыка аддзела экалогіі, турызму і края­знаўства Веранікі Сяргееўны Бобышавай, гульня складаецца з 15 вялікіх картак з каляровымі малюнкамі і адказамі і 90 маленькіх картак з пытаннямі. На асобных картках знаходзяцца QR-коды, якія дапамагаюць больш яскрава ўявіць аб’екты, пра якія ідзе гаворка падчас гульні.

— У пачатку гульні выбіраецца вядучы, які раскладвае карткі-пытанні тэкстам уніз, змешвае іх і фарміруе “банк пытанняў”, раздае гульцам вялікія карткі з адказамі. У ролі вядучага можа выступаць настаўнік. Колькасць картак у кожнага гульца агаворваецца перад пачаткам гульні. У ходзе гульні вядучы бярэ з “банка” картку і зачытвае ўголас пытанне. Калі нехта з гульцоў дае правільны адказ і знахо­дзіць на сваёй картцы адпаведную карцінку, нумар якой павінен супадаць з нумарам карткі-пытання, то вядучы аддае гульцу картку-адказ, а той гулец накрывае ёй карцінку з адказам. Калі ніхто не адказаў на пытанне, вядучы знаходзіць на карт­ках гульцоў адказ па нумары карткі, зачытвае яго ўголас, а картку з пытаннем вяртае ў “банк пытанняў”. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль ­адзін з гульцоў не закрые свае карткі цалкам. Пры абмежаванні часу пераможцам можа лічыцца той, хто закрые пытанні па гарызанталі або па вертыкалі, — тлумачыць Вераніка Сяргееўна.

Падчас гульні ў талачынскае лато можна даведацца шмат цікавых фактаў. Напрыклад, Талачынская Свята-Пакроўская царква адносіцца да помнікаў архітэктуры віленскага барока і пабудавана магнатамі Сангушкамі ў 1769 годзе. Праз тэрыторыю Талачынскага раёна ў 1772 годзе прайшла мяжа першага падзелу Рэчы Паспалітай. Каб пазначыць гэтую мяжу, быў выкапаны шматкіламетровы глыбокі роў па лініі мяжы, яго рэшткі захаваліся ў некалькіх месцах раёна. Парк у вёсцы Рацава быў закладзены ў ХІХ стагоддзі графам Замойскім-Тышкевічам і лічыцца адным з лепшых на Віцебшчыне, тут расце больш за 25 відаў дрэў, многім з якіх больш за 100 гадоў. Народны мастак БССР і СССР, педагог, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Андрэевіч Савіцкі нарадзіўся ў вёсцы Звянячы Талачынскага раёна, яго творчая спадчына складае каля 200 работ. 1433 год — дата першай узгадкі пра Талачын у гістарычных дакументах. Непадалёк райцэнтра знаходзіцца Друцкае гарадзішча — помнік, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Падчас раскопак на месцы княжацкага двара археолагі знайшлі шматлікія ўпрыгажэнні, на месцы былога горада выяўлены часткі зброі, даспехаў, рамесніцкіх вырабаў і нават шахматы.

Ю.У.Павадыроў.

Ёсць ідэя!

Падрабязна з гэтымі аб’ектамі можна азнаёміцца і ў сярэдняй школе № 2 Талачына, у кабінеце гісторыі, каля вялікага арыгінальнага пано, на якім намаляваны адметныя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны раёна. Па словах настаўніка гісторыі Юрыя Уладзі­міравіча Павадырова, над арыгінальнай картай працавалі многія настаўнікі, гэта была сапраўдная талака. Разам з дырэктарам школы Тамарай Станіславаўнай Сушковай педагогі і навучэнцы распрацоўвалі канцэпцыю афармлення кабінета гісторыі з ухілам на мясцовы матэрыял. Пачалі з Друцка, а дакладней, з афармлення варот Друцкага гарадзішча. Актыўную дапамогу тут аказалі настаўнікі працоўнага навучання Аляксандр Сцяпанавіч Пешчур і Марына Віктараўна Смаляк. Потым вырашылі адлюстраваць і іншыя знакавыя для раёна гістарычныя аб’екты. Да гэтай справы далучыўся настаўнік гісторыі кіраўнік школьнага края­знаўчага гуртка Раман Ігаравіч Рык разам са сваімі выхаванцамі.

На сцяне кабінета знаходзяцца выявы Кацярынінскага верставога слупа каля вёскі Ганчароўкі (аб’ект XVIII ст.), галоўнага храма Свята-Пакроўскага жаночага манастыра (таксама аб’ект XVIII ст.), вадзянога млына ХІХ ст. каля вёскі Хахлоў­кі, талачынскага касцёла Святога Антонія Падуанскага (ХІХ ст.), каменнага крыжа на беразе возера Глыбокага каля вёскі Галошава (аб’ект ХІ—ХІІ стст.), капліцы-пахавальні Хамянтоўскіх (ХІХ ст.), сядзібы Цюндзявіцкіх (ХІХ ст.), вадзянога млына (ХІХ ст.), каменя з выявай герба Талачына і датай першай яго ўзгадкі. Работа над афармленнем кабінета вялася з верасня па снежань мінулага года. Часцінку сваёй працы сюды ўклалі практычна ўсе настаўнікі, а таксама вучні старшых класаў. Атрымалася выдатна, тым больш калі ўлічыць, што з гэтай картай-пано будзе знаёміцца не адно пакаленне юных талачынцаў. Яны дакладна будуць ведаць як мінімум 10 аб’ектаў, якімі славіцца іх родны край. Будуць ведаць і найбольш значныя даты гісторыі роднага краю, якія пазначаны на стэндах кабінета.

Работа па афармленні кабінета вялася ў рамках рэспублікан­скага праекта “Укараненне сацыяльна-кіраўнічага механізма ў працэсе мадэлявання адукацыйнай прасторы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”, дзе вялікая ўвага адве­дзена выхаваўчай рабоце, у прыватнасці, такім яе напрамкам, як ідэалагічнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.

Багатая спадчына

Як паведаміла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Талачынскага райвыканкама Рыма Кімаўна Франуза, практычна ў кожнай школе раёна сумеснымі намаганнямі настаўнікаў, вучняў, бацькоў вядзецца краязнаўчая работа. Калі ўзяць за прыклад удзел устаноў адукацыі Талачыншчыны ў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, конкурсах “Спадчына Беларусі” і “Зямля пад белымі крыламі”, то варта адзначыць відэаролік пра малую радзіму, створаны навучэнцамі і педагогамі Аболецкага дзіцячага сада — базавай школы, які заняў 2-е месца на раённым этапе конкурсу “Спадчына Беларусі”.

Дар’я Кудраўцава.

— Прызавое месца заняло і даследаванне гісторыі вёскі Жураўлі, якое правялі вучні Забалацкай сярэдняй школы Дзіяна Кітаёва і Мілан Нікалаеў. А вось прадстаўнікі сярэдняй школы № 2 Талачына Ігнат Жураўлёў і Улад Латушкін падзяліліся вынікамі даследавання мінулага вёскі Папоўкі, — дадае Вераніка Сяргееўна Бобышава. — Работа таксама ў ліку прызёраў, а пераможцам стала даследаванне вучняў гэтай жа ўстановы адукацыі Аляксандры Шчаўрук і Марыны Герасіменка пра значэнне сімвалаў у беларускай традыцыйнай вышыўцы. У конкурсе “Зямля пад белымі крыламі”, як ужо адзначалася, перамогу заваявала Дар’я Кудраўцава з сярэдняй школы № 2 Талачына з работай “Беларусь, мая калыска” (тая самая, што выкарыстана пры афармленні гульні “Ведай свой край”). Дар’я атрымала дыпломы ІІ ступені за фотаработы “Сябры і сяброўкі”, “Золата восені”. Сярод прызёраў фотаконкурсу і Юлія Трыбендзіс з ся­рэдняй школы № 1 Талачына, Юлія Ка­ральчук са Славенскай ся­рэдняй школы імя П.А.Галецкага.

Для нас асаблівую ­цікавасць уяўляе работа Веранікі Ракавай з сярэдняй школы № 1 Талачына, прадстаўленая на конкурс “Спадчына Беларусі”. Сваё даследаванне дзяўчына прысвяціла старажытнаму Друцку. Чаму асаблівую цікавасць? Таму што зараз мы ­здзейснім у Друцк завочнае падарожжа! Як адзначае Вераніка, недалёка ад Талачына знаходзіцца гістарычны помнік — Друцкае гарадзішча, якое справядліва называюць жамчужынай Талачынскага краю. Гэта адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў, а яшчэ — сапраўдны музей пад адкрытым небам. Калісьці Друцк з’яўляўся адным з цэнтраў полацкай зямлі, пад яго сценамі стаяў Уладзімір Манамах і яго сын Мсціслаў. Прыходзіў сюды з дружынай і герой “Слова пра паход Ігаравы” Ноўгарад-Северскі князь Ігар Святаслававіч, але так і не змог заваяваць дручан. На Куліковым полі палегла беларуская дружына князя Глеба Друцкага, адбіваючы першы, самы цяжкі, удар палкоў Мамая. Воіны-дручане адважна біліся пад Грунвальдам, рэкрутамі пераадольвалі Альпы ў паходзе Суворава, увекавечылі свой подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Л.А.Мацюшэўская і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара Т.М.Вараб’ёва ў школьным музеі.

Найбольш поўна пра гісторыю Друцка мясцовыя настаўнікі і вучні даведваюцца падчас экскурсіі ў Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей. У археалагічнай зале цэнтральнае месца займае аповед пра Друцкае гара­дзішча. Па словах галоўнага захавальніка фондаў Вольгі Аляксандраўны Красоўскай, Друцк узнік на сістэме валок. І гэта невыпадкова, паколькі па тэрыторыі раёна прахо­дзіць водапа­дзел паміж басейнамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Гарадзішча Друцка ўнікальнае. Гэта помнік археалогіі, дзе захаваліся ўсе часткі горада ранняга Сярэдневякоўя (дзядзінец, вакольны горад, пасад і курганныя могільнікі). У пачатку існавання Друцка яго забудова не была актыўнай, а росквіт Друцкага княства прыходзіцца на першую палову ХІІІ стагоддзя. Менавіта ў Друцку быў напісаны ўнікальны помнік ­усходнеславянскай ­пісьменнасці XIV стагоддзя — Друцкае Евангелле. На жаль, сёння на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца толькі фотакопіі яго старонак. Куды больш літасцівы лёс быў да самога гара­дзішча. Нават праз стагоддзі яно выглядае велічна. З высокага насыпу на пойму звілістай Друці адкрываюцца маляўнічыя далягляды. Прыязджайце ў Друцк лепш за ўсё летам. Ад духмяных траў, якія растуць на гарадзішчы, ад сцюдзёнай вады крыніцы, што струменіць
з-пад магутных валоў, ад прыгожага далягляду ў вас дакладна ўзнікне пачуццё замілавання гэтым краем. Цалкам верагодна, што гэта бу­дзе любоў з першага падарожжа, у гэтыя мясціны вам захочацца вярнуцца зноў.

Коханаўская талака

Наведванне Друцкага гарадзі­шча з’яўляецца абавязковым пунк­там падарожжаў па родным краі для навучэнцаў Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Надзеі Уладзіміраўны Млявай кожны год здзяйсняюць катэгарыйныя пешыя і веласіпедныя паходы. Яшчэ адным абавязковым пунктам такіх падарожжаў з’яўляецца навядзенне чысціні на тэрыторыі помнікаў гісторыі і прыроды. Наогул, прыбраць смецце на роднай зямлі за сабой і за іншымі — прыкмета выхаванасці чалавека і асабліва прыкмета сапраўднага турыста. А яшчэ навядзенне чысціні каля помнікаў гісторыі, архітэктуры, прыроды можна назваць класічным прыкладам талакі. Кожны год у ёй задзейнічаны дзясяткі настаўнікаў і сотні вучняў Талачынскага раёна.

Н.У.Млявая з турысцкім рыштункам.

Не менш класічным прыкладам агульнай справы, у якой задзейнічаны настаўнікі, вучні, бацькі, з’яўляецца стварэнне школьнага музея. Яскравы прыклад — музей Коханаўскай сярэдняй школы. Як паведаміла яго кіраўнік настаўніца гісторыі Ларыса Аркадзьеўна Мацюшэўская, музей быў заснаваны ў 1968 годзе да 100-годдзя школы. Стваральнікам музея з’яўляецца былы дырэктар школы настаўнік гісторыі Аляксандр Міхайлавіч Шарай. Цяпер яго справу працягвае сённяшні кіраўнік установы Міхаіл Міхайлавіч Татарановіч. У 80-я гады музей быў закрыты, а з 2002 года зноў пачаў сваю работу. Асабліва актыўная музейная талака вялася ў 50—60-х гадах мінулага стагоддзя, калі “чырвоныя следапыты” пад кіраўніцтвам Аляксандра Міхайлавіча збіралі матэрыялы для будучай экспазіцыі. Вялася работа па ўстанаўленні імёнаў воінаў, якія загінулі пры вызваленні Коханава. Вялася перапіска з Падольскім ваенным архівам, што дазволіла ўстанавіць адрасы сваякоў. Была ўстаноўлена сувязь і з жывымі ўдзельнікамі баёў.

— На аснове матэрыялаў кнігі “Памяць. Талачынскі раён” і сайта АБД “Мемарыял” у 2013—2014 гадах на базе школьнага музея ў рамках абласной пошукава-даследчай экспедыцыі “Не было безыменных салдат…”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, была праведзена вялікая работа па ўстанаўленні звестак аб ураджэнцах Коханаўскага сельсавета, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усяго ў базу даных са зменамі і дапаўненнямі былі ўнесены імёны 684 нашых землякоў, устаноўлена 21 імя тых, хто не пазначаны ў кнізе “Памяць”. Асабліва мы ганарымся звесткамі, сабранымі пра нашых знакамітых выпускнікоў Герояў Савецкага Саюза Ілью Паўлавіча Кожара, Фёдара Яфрэмавіча Макавецкага, Яўгена Міхайлавіча Целеша, Героя Беларусі народнага мастака БССР і СССР Міхаіла Андрэевіча Савіцкага, гісторыка драматурга Алеся Лявонцьевіча Петрашкевіча. Наш пасёлак і яго ваколіцы багаты на ваеннае мінулае. Настаўнікі і вучні даглядаюць воінскія пахаванні ў Коханаве, Марцюхове, Сіманаве, Галошаве, магілы салдат, месца знішчэння вязняў яўрэйскага гета. У музеі захоўваюцца матэрыялы па гісторыі пасёлка, прадпрыем­стваў, калгаса, школы, матэрыялы пра выпускнікоў і настаўнікаў (фотаздымкі, лісты, успаміны). Таксама ў музеі можна азнаёміцца з прадметамі побыту нашых продкаў. Прадстаўленыя ў музеі матэрыялы з’яўляюцца вынікамі сумеснай пошукавай работы настаўнікаў, вучняў, жыхароў пасёлка і навакольных вёсак, — гаворыць Ларыса Аркадзьеўна.

Сведчанне любові

Добрыя справы на карысць роднага краю жыхары Талачынскага раёна пачынаюць кожны год. І абавязкова гэтыя справы завяршаюць. Праўду пісаў паэт, што талачынцы — добрых спраў зачынцы. Здзяйсняць добрыя канкрэтныя справы — гэта і ёсць сведчанне нашай любові да роднай зямлі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.