Добрыя эканамісты патрэбны заўсёды

- 11:13Выбар прафесіі

Тое, што сёння ў краіне лішак спецыялістаў з эканамічнай адукацыяй, не можа быць перашкодай для маладых людзей, якія бачаць сябе менавіта ў гэтай прафесіі і імкнуцца стаць прафесіяналамі. Выдатныя спецыялісты заўсёды запатрабаваны ў любой сферы дзейнасці.

У Гомельскай вобласці вядучая роля пры падрыхтоўцы спецыялістаў эканамічнага профілю належыць эканамічнаму факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Сёння на факультэце налічваецца больш за 600 студэнтаў і вядзецца падрыхтоўка па 6 спецыяльнасцях першай ступені навучання.

Падрыхтоўка з апярэджаннем часу

Гісторыя эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта пачалася ў 1969 годзе, калі ў межах механіка-матэматычнага факультэта была выдзелена спецыяльнасць “Эканоміка працы”. Тады гэта быў адзіны факультэт ва ўсёй Беларусі, які вёў падрыхтоўку спецыялістаў па эканоміцы працы і інжынераў-эканамістаў. Ужо праз 7 гадоў колькасць студэнтаў дасягнула 870 на дзённым і 800 на завочным аддзяленні. Увогуле за час існавання факультэта выпушчана больш за 8,5 тысячы высокакваліфікаваных спецыялістаў эканамічнага профілю.

Каб заставацца запатрабаваным у сучасных эканамічных умовах, кожнай установе вышэйшай адукацыі, кожнаму факультэту, кожнай кафедры трэба развівацца з улікам таго, што дыктуе час. Гэта значыць, сачыць за рынкам працы і ўмець хутка падстройвацца пад яго, уцягваць як мага больш студэнтаў у навуковую работу, падмацоўваць тэорыю практыкай, цесна ўзаемадзейнічаць з вытворчасцю, рознымі фінансавымі інстытутамі. Іншымі словамі, каб на выхадзе мець добрага спецыяліста, неабходна ўсебаковая падрыхтоўка. Больш за тое, неабходна падрыхтоўка з апярэджаннем часу: тэхналагічны прагрэс настолькі імклівы, што іншы раз, выпускаючы студэнта са сцен універсітэта дыпламаваным спецыялістам, мы разумеем, што веды, атрыманыя ім на першых курсах, перасталі быць актуальнымі. І гэта зноў прыводзіць нас да таго, наколькі важна ўцягванне студэнтаў у навуку і вытворчасць.

На эканамічным факультэце ГДУ імя Францыска Скарыны сёння рыхтуюць па такіх спецыяльнасцях, як “Сусветная эканоміка”, “Фінансы і крэдыт”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, “Камерцыйная дзейнасць”, “Дзяржаўнае кіраванне” і “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”. Апошняя спецыяльнасць падзяляецца па напрамках, што дазваляе асобна рыхтаваць спецыялістаў для працы ў банках, у бюджэтных арганізацыях, а таксама ў камерцыйных і некамерцыйных арганізацыях.

Пры жаданні можна працягнуць навучанне ў магістратуры і аспірантуры па спецыяльнасцях “Эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай”, “Фінансы, грашовае абарачэнне і крэдыт”, “Бухгалтарскі ўлік, статыстыка”, “Эканамічная тэорыя”, “Матэматычныя і інструментальныя метады эканомікі”.

— З упэўненасцю магу сказаць, што на нашым факультэце створаны ўсе ўмовы для атрымання ведаў і прафесійных кампетэнцый, — гаворыць дэкан эканамічнага факультэта Андрэй Кастэнка. — Камп’ютарныя класы абсталяваны сучаснымі тэхнічнымі і праграмнымі сродкамі, пры правядзенні заняткаў выкарыстоўваецца мультымедыйнае суправаджэнне. Што да практычных навыкаў, то мы актыўна ўзаемадзейнічаем з прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі, банкамі і органамі дзяржаўнага кіравання. Яны становяцца базамі, якія забяспечваюць праходжанне практыкі студэнтамі, а многія ў далейшым прадстаўляюць маладым спецыялістам першыя месцы працы. Сярод такіх партнёраў ёсць і сусветна вядомыя арганізацыі.

Як прыклад — актыўнае супрацоўніцтва факультэта з кампаніяй EY ў Беларусі, якая ўваходзіць у склад Ernst & Young Global Limited — гэта міжнародны лідар у галіне аўдыту, падаткаабкладання, кансультацыйнага суправаджэння здзелак і кансультавання па пытаннях вядзення бізнесу. Не менш паспяховае ўзаемадзеянне наладжана з кампаніяй КПМГ у Беларусі, якая прадастаўляе паслугі ў сферы аўдыту, падаткаабкладання, а таксама кансультацыйныя і адукацыйныя паслугі нацыянальным і міжнародным прадпрыемствам і арганізацыям.

Спецыялісты ў сферы сусветнай эканомікі

Адной з найбольш папулярных спецыяльнасцей эканамічнага факультэта можна назваць спецыяльнасць “Сусветная эканоміка”. Чаму яна прываблівае многіх юнакоў і дзяўчат?

Па-першае, студэнт мае магчымасць не толькі атрымаць прафесію эканаміста, але і авалодаць на прафесійным узроўні некалькімі замежнымі мовамі. Зразумела, што эканаміст з веданнем англійскай, нямецкай ці іншай замежнай мовы атрымлівае значна больш шансаў знайсці добрую высокааплатную работу, ды і перспектывы значна ўзрастаюць.

Па-другое, менавіта гэтая спецыяльнасць дазволіць паглыбіцца ў свет такіх спецдысцыплін, як “Міжнародныя эканамічныя адносіны”, “Міжнародны гандаль”, “Міжнародныя валютныя сістэмы”, “Кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасцю”, “Міжнародныя фінансы”, “Канкурэнтныя стратэгіі на сусветных рынках”, “Міжнародныя эканамічныя арганізацыі” і аб’яднанні і інш.

Вывучэнне сусветнай эканомікі адкрывае перад будучым спецыялістам не толькі тэарэтычныя аспекты эканамічнай дзейнасці ў іншых краінах, але і дазваляе знаёміцца з замежным вопытам работы ў знешнеэканамічнай сферы: вучэбная і вытворчая практыкі лепшых студэнтаў кафедры эканамічнай тэорыі і сусветнай эканомікі праходзяць у Чэхіі, Польшчы, Кітаі, Іспаніі, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі і іншых краінах.

Зразумела, што ў студэнтаў, якія паспяховыя ў вучобе, займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, удзельнічаюць у розных інтэлектуальных спаборніцтвах, шансы заўсёды вышэйшыя.

Напрыклад, студэнткі 4 курса спецыяльнасці “Сусветная эканоміка” нядаўна вярнуліся са стажыроўкі ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, куды іх запрасілі пасля паспяховага выступлення на Міжнароднай адкрытай алімпіядзе па сусветнай эканоміцы, арганізаванай Белдзяржуніверсітэтам. Стажыроўка ў міністэрстве дазволіла дзяўчатам праявіць свае здольнасці і прадэманстраваць узровень фундаментальнай універсітэцкай падрыхтоўкі. Як прызналіся самі будучыя эканамісты, тут яна спатрэбілася як ніколі раней.

Той, хто хоча дасягнуць прафесійнага поспеху, павінен з першага курса задумвацца пра будучыню і пераадольваць прыступку за прыступкай, выбудоўваючы сваё прафесійнае заўтра. Сёння на кафедры такім прыкладам стала студэнтка 4 курса Алена Бычкова. Дзякуючы выдатнаму валоданню англійскай мовай, Алена аказалася ў ліку пераможцаў Міжнароднай адкрытай алімпіяды па сусветнай эканоміцы, а ўзнагародай для дзяўчыны стала праходжанне пераддыпломнай практыкі ў цэнтральным апараце Банка развіцця Рэспублікі Беларусь у Мінску. Студэнтка падчас практыкі азнаёмілася з дзейнасцю розных упраўленняў і аддзелаў банка, у тым ліку і ўпраўлення міжнароднага бізнесу, супрацоўнікі якога павінны свабодна валодаць англійскай мовай.

— Наша задача — падрыхтаваць высокакваліфікаваных, канкурэнтаздольных на рынку працы эканамістаў у сферы сусветнай эканомікі, — разважае загадчык кафедры прафесар Барыс Сарвіраў. — Каб паспяхова спраўляцца з гэтым, неабходна вырашаць шмат пытанняў — як адукацыйных, так і арганізацыйных, матэрыяльна-тэхнічных. Сёння ў адукацыйнай сферы як ніколі важна выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій. Калі размова ідзе пра ўніверсітэт, то на адной прыступцы з гэтым ставім яшчэ вынікі навукова-даследчых распрацовак, якія даюць нам магчымасць развівацца, і пастаяннае абнаўленне вучэбных курсаў, што дазваляе ісці ў нагу з часам. Зразумела, ніводную з гэтых і іншых задач было б немагчыма вырашыць без прафесарска-выкладчыцкага складу — кваліфікаваных і зацікаўленых навукоўцаў.

Варта адзначыць, што на кафедры эканамічнай тэорыі і сусветнай эканомікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта працуюць 2 дактары эканамічных навук і 6 кандыдатаў навук. 2 выкладчыкі пачалі працэдуру абароны кандыдацкіх дысертацый.

Эканамісты для ІТ-кампаній

Зараз на факультэце з’явілася новая спецыяльнасць — “Эканамічная інфарматыка”. Такім чынам, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны пачынае рыхтаваць спецыялістаў у ІТ-сферы, арыентаваных на актуальныя кірункі эканомікі.

Студэнтаў будуць вучыць вядзенню электроннага бізнесу, тэхналогіям праектавання, тэсціравання, распрацоўцы карпаратыўных інфармацыйных сістэм, працэсаў сістэмнага, эканамічнага і бізнес-аналізу, укараненню і суправаджэнню праграмнага забеспячэння. Акрамя таго, у праграму курса ўключана і вывучэнне тэхналогіі блокчэйн, аперацый з крыптавалютамі. Будучыя спецыялісты атрымаюць навыкі абгрунтавання інвестыцыйных праектаў і бізнес-планаў.

У рэктараце тлумачаць, што адкрыццё спецыяльнасці “Эканамічная інфарматыка” выклікана нарастаючай патрэбай у спецыялістах, здольных звязваць патрабаванні эканомікі і менеджменту прадпрыемстваў з магчымасцямі інфармацыйных сістэм і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для павышэння эфектыўнасці эканомікі і бізнесу. Такіх спецыялістаў чакаюць як кампаніі малога і сярэдняга бізнесу, пераважна рэзідэнты Гомельскага тэхнапарка, так і буйныя распрацоўшчыкі праграмных сістэм. Дарэчы, ужо зараз зацікаўленасць у выпускніках згаданай спецыяльнасці выказалі каля 30 кампаній, у тым ліку Exadel, IBA-Gomel, EPAM Sistems.

Неаднаразова падкрэслівалася, што добры спецыяліст — той, хто атрымаў навыкі на практыцы. Гэта стане прыярытэтным у падрыхтоўцы студэнтаў, якія будуць вывучаць эканамічную інфарматыку. Ужо з першага курса яны будуць праходзіць практыку на базе IT-кампаній.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва факультэта.