Добрымі намерамі, або Пра дамашнія заданні першакласнікаў

- 12:10Адукацыйная прастора

Спачатку — дакументы. У главе 7 “Патрабаванняў да арганізацыі адукацыйнага працэсу” Санітарных норм і правіл чытаем: “Дамашнія заданні навучэнцам 1 класа не павінны задавацца на працягу ўсяго навучальнага года”. Здавалася б, усё дакладна і адназначна, пра што тут яшчэ гаварыць?

А цяпер зададзім аналагічны запыт: Ok, Google — і адразу ж атрымліваем 3 810 000 спасылак! Перш за ўсё гэта разнастайныя бацькоўскія форумы, на якіх абмяркоўваецца аб’ём і змест дамашніх заданняў у першым класе (ад некаторых гісторый проста збянтэжанасць бярэ тыпу ўрокаў, зададзеных ужо 3 верасня, або неабходнасці падрыхтаваць рэферат на 10 старонак).

Таксама шырока прадстаўлены пазіцыі педагогаў, якія можна абагульнена падаць у выглядзе адказу В.В.Узоравай, добра вядомага аўтара розных вучэбных дапаможнікаў для пачатковай школы: “Асабіста маё меркаванне — дамашнія заданні патрэбны з першага класа. Паверце вопыту настаўнікаў са шматгадовым стажам. Калі вы не прывучыце дзіця да выканання дамашніх заданняў у першым класе, то намучыцеся ў другім”.

Акрамя таго, даволі многа сайтаў з характэрнымі назвамі: “Гатовыя дамашнія заданні ў першым класе”, “Як дапамагчы рабіць у першым класе дамашнія заданні”, “Як рыхтаваць дамашнія заданні ў першым класе”, “Пра дамашнія заданні першакласнікаў” і г.д.

Могуць запярэчыць: “Дык гэта ўсё расійскія сайты, а не нашы!” Толькі, па-першае, у Расіі дамашнія заданні ў першым класе таксама забаронены, а па-другое, можа, у нас і ёсць настаўнікі пачатковых класаў, якія абыходзяцца без дамашніх заданняў, але асабіста мне яны не сустракаліся. Дакладней, прабачце, менавіта дамашніх заданняў ніхто не задае, таму што гэта называецца ў каго як: і самастойнай работай, і замацаваннем вывучанага, і паўтарэннем пройдзенага, проста на стэндзе ці ў чаце настаўнікі змяшчаюць інфармацыю пра тое, што рабілі на ўроку… Толькі ўсе выдатна разумеюць не толькі сутнасць, але і прычыну такіх эўфемізмаў, і менавіта пра гэта хацелася б паразважаць.

Перш за ўсё хочацца звярнуць увагу, што вельмі часта ў гэтым пытанні настаўнікі апелююць да меркавання бацькоў, якія просяць, каб дзецям задавалі ўрокі дадому (дарэчы, нічога не бянтэжыць: просяць бацькі, а выконваць будуць дзеці?). Больш за тое, вядомы выпадкі, калі бацькі пішуць распіскі пра тое, што гэта менавіта іх жаданне, маўляў, настаўнік тут ні пры чым… Цікава, а калі бацькі захочуць, каб дзецям дазволілі пераходзіць дарогу на чырвонае святло, калі яны спяшаюцца, або браць булачкі ў магазіне, калі яны прагаладаліся, гэта будзе таксама можна (калі, канечне, скласці пісьмовую заяву і сабраць подпісы)? Няўжо бацькі не разумеюць, што такой просьбай яны падбіваюць настаўніка на службовае злачынства? Больш за тое, вымушанымі саўдзельнікамі становяцца і дзеці, бо нездарма мы так старанна маскіруем сам тэрмін, каб яны раптам незнарок не прагаварыліся. А так любому правяральшчыку першакласнікі шчыра адкажуць, што дамашніх заданняў ім не задаюць!

І ўсё ж такі вельмі хочацца зразумець, дзеля чаго такія ахвяры, чаму мы масава займаемся падманам, калі ўсё ж называць рэчы сваімі імёнамі?

Асноўныя доказы наступныя: “Дамашняе заданне прывучае дзіця да адказнасці і самастойнасці, гэта яго работа”, “Для таго каб выпрацаваўся навык, патрэбна трэніроўка, урока для гэтага мала”, “Прывыкнуць нічога не рабіць, і не прымусіш потым”. Набольш дэмакратычныя настаўнікі прапагандуюць далікатны рэжым: займацца па 10—15 мінут на дзень, прапісваць усяго па некалькі радкоў, прычым не дома, а ў групе прадоўжанага дня пад кіраўніцтвам выхавальніка, або ўвогуле рэкамендуюць выконваць заданні добраахвотна, па жаданні. Здаецца, усё правільна, усё добра, якія могуць быць пярэчанні? Але, можа, паспрабуем прааналізаваць кожны з аргументаў…

Пачнём з самастойнасці. Ключавым у гэтым паняцці з’яўляецца корань “сам”. Пры гэтым кожны разумее, што наўрад ці шасцігодка па сваёй ініцыятыве сядзе за ўрокі (хіба што ў першыя дні, пакуль прымервае на сябе ролю школьніка). І таму гэтая функцыя дастаецца бацькам: нагадаць дзіцяці, што ўжо пара; сачыць, каб яно не адцягвалася; пасядзець побач, таму што інакш будзе: “Мама, у мяне нічога не атрымліваецца!”; праверыць, каб не было памылак, і г.д. Усё гэта цудоўна, толькі якое дачыненне гэта мае да самастойнасці? Так нашы вучні штодзень прывыкаюць зусім да іншага: пакуль не скажаш — рабіць не трэба (крыху нагадвае дрэсіраваных сабачак, тыя таксама чакаюць каманду). І да таго ж узнікае заканамернае пытанне: а чаму бацькам прыходзіцца з дзецьмі сядзець не толькі ў першым класе, але і ў другім, трэцім, а часам і ў чацвёртым? Можа, справа не столькі ў звычцы, колькі ва ўзросце: ну рана яшчэ гэтага патрабаваць!

Сапраўды, уменне пераходзіць у навык толькі ў выніку працяглай адпрацоўкі. Неяк прачытала: каб навучыцца пісаць усяго адну літару “на аўтамаце”, яе трэба прапісаць не менш за 300 разоў! Тады атрымліваецца, што дамашняе заданне павінна задавацца не радкамі, а старонкамі, і штодзень, а не пару разоў на тыдзень (аднойчы давялося пачуць ад адной вопытнай настаўніцы, што яна дазваляе рабіць заданне не кожны дзень: напрыклад, калі ў дзіцяці дзень нараджэння, можна прапусціць — каментарыі залішнія!). А інакш усё дарэмна! Толькі вось калі гавораць пра неабавязковасць і гэта азначае, што не ўсе дзеці будуць рабіць заданні, то як жа мяркуецца сфарміраваць навык у гэтых “добраахвотнікаў”? Або яны першапачаткова асуджаны на адставанне? (Прадбачу рэакцыю: “Як-як? Як-небудзь! А ўвогуле ўсе ж разумеюць, што за “рэкамендацыямі” на самай справе стаіць слова “трэба”…)

І, нарэшце, любімая казырная карта пад дэвізам “Як дбаеш, так і маеш!”. Але ў сувязі з гэтым успамінаецца дыялог:

— Скажыце, а вы маленькае дзіця за руку праз дарогу пераводзіце?

— Ну канечне!

— А вы не баіцеся, што яно прывыкне і потым вам яго ўсё жыццё прыйдзецца за ручку вадзіць?

Абсурд? Канечне! Таму што тут усё відавочна, таму што ўсе разумеюць: сёння — не значыць заўсёды! Дзіця расце, сталее, развіваецца — і тое, што было цяжкім, становіцца лёгка дасягальным, проста для гэтага патрэбен час.

А цяпер давайце разгледзім сітуацыю з іншага боку. Чаму ж дамашнія заданні забараняецца задаваць?

Перш за ўсё такія патрабаванні абумоўлены фізіялагічнымі прычынамі: у дзяцей у гэтым узросце дробная маторыка яшчэ недастаткова развітая, празмерныя нагрузкі выклікаюць стамляльнасць, зніжэнне імунітэту, нервова-псіхічныя парушэнні, прычым усё гэта можа мець і далёкія наступствы. Пакуль дзіця маленькае — мы спружыну сціскаем, але не трэба здзіўляцца, калі яна потым стрэліць у выглядзе неўрозу, агрэсіі, зніжэння матывацыі… А часам гэта адбываецца і адразу. Калі я набірала эксперыментальны клас, бацькі Ягора растлумачылі свой выбар тым, што іх старэйшая дачка вучылася ў адной з перадавых настаўніц і аднойчы ўвечары, калі была ў першым класе, яна ўзяла чамадан і стала складваць свае рэчы. Аказалася, што дзяўчынка вырашыла адправіцца на Паўночны полюс, таму што там няма школы і ўрокі не задаюць… Бацька і маці — кандыдаты навук, але яны сказалі: “Лепш наш сын будзе менш ведаць і горш вучыцца, чым пачне збіраць чамаданы…”

Згушчаю фарбы? Ну якія такія нагрузкі ў першым класе, там жа зусім нямнога задаюць? Што ж, давайце паглядзім.

Пісьмо. Самы нелюбімы прадмет у першакласнікаў. Таму што цяжка, таму што пальчыкі не слухаюцца, таму што рука хутка стамляецца. Але калі ў класе ёсць выратавальны званок і на ўроку абавязкова праводзяцца фізкультхвілінкі, то дома два радкі могуць ператварыцца ў шматгадзінную пакуту. Калі дзіця напіша так, як яно пакуль можа, то наўрад ці гэта будзе добра і вучня (а заадно і маму) за гэта пахваляць. І таму дома дзіця спісвае старонкі чарнавікоў, пакуль не пачне атрымлівацца. Прычым зноў парадокс: у некаторых дзяцей, больш дарослых і больш развітых, і звычайна дзяўчынак, гэта атрымліваецца лёгка і хутка, але тады навошта ім трэніравацца? А вось тыя дзеці, якім і так цяжка, нярэдка становяцца заложнікамі бацькоўскіх і настаўніцкіх (чаго граху таіць!) амбіцый: “Ах, які прыгожы сшытачак!”

Не ўтаю, у маёй практыцы таксама былі бацькі, якія прасілі дамашняе заданне, а я ім на гэта спачатку прапаноўвала правесці невялікі эксперымент. Такім чынам, на працягу двух тыдняў кожны з бацькоў павінен быў штодзень каліграфічным почыркам пісаць некалькі радкоў кручкоў і палачак, а потым на сходзе мы прааналізавалі вынікі. І для многіх стала нечаканасцю, што гэта аказваецца зусім не проста! А далей трэба было адказаць на серыю пытанняў: “У каго лепш развіта дробная маторыка — у вас ці ў вашага дзіцяці?”, “У каго лепш сфарміраваны воля і працавітасць?”, “Хто больш адказны?” і г.д. А далей я аб’яўляла, што гатова даваць дамашнія заданні дзецям толькі пры ўмове аналагічнага выканання іх бацькамі, але дзіўна, жадаючых больш не знаходзілася…

Аналагічна з матэматыкай. Нам зноў здаецца, што ў вусным лічэнні няма нічога асаблівага, што дзіця проста лянуецца або прыкідваецца. Ну як такія элементарныя рэчы нельга запомніць! Што ж, давайце зноў правядзём эксперымент. “Эні, бэні, рыкі, такі, турба, урба, сіньці, бракі…” — вядомая лічылачка, ці не так? Але на самай справе гэта скажоныя назвы лічбаў па-цыганску. А цяпер хутка і без запінкі: “Назавіце суседзяў ліку “такі”, “Чаму роўная сума “бэні” і “рыкі”, “Бракі” — гэта “эні” і які яшчэ лік?” Што, атрымалася? Могуць запярэчыць: “А навошта нам гэта трэба, забіваць галаву нейкай тарабаршчынай?”Добра, няхай будуць не цыганскія, а кітайскія лічбы (дарэчы, вельмі перспектыўны напрамак, ужо нават з’явіліся банкаматы з інструкцыямі на кітайскай мове). Бяром першыя дзесяць лікаў і вучым паралельна разам з вучнем іх паслядоўнасць і склад, рашаем прыклады на складанне і адніманне. І вось толькі калі ў дарослага пачне ад зубоў адскокваць: уначы разбудзі — раскажа “і, ар, сань, сы, у, ліў, цы, ба, цзэў, шы”, тады і з’яўляецца маральнае права патрабаваць таго ж ад дзіцяці! Проста мы ўжо забылі, як гэта вучыцца новаму, і параўноўваем тое, што даўно ўмеем, з тым, хто не ўмее.

Тое ж можна зрабіць і з чытаннем: дзіця няхай запамінае літары, а мы — іерогліфы…

А калі сур’ёзна, то звычайна дадому настаўнік дае тэкст, які дзіця павінна навучыцца чытаць (канечне, невялікі, хто спрачаецца). Толькі потым на ўроку наш вучань “чытае” на памяць, нават не зазіраючы ў кнігу! Пры тым, калі гэты ж тэкст запісаць, памяняўшы паслядоўнасць слоў у сказе, і прапанаваць прачытаць, то вучань зноў будзе спатыкацца і памыляцца. Атрымліваецца, што мы трэніравалі памяць, а не чытанне!

Да таго ж давайце будзем рэалістамі: звычайна дамашнія заданні выконваюцца па вечарах, калі бацькі прыйшлі з работы (калі гавораць пра групы прадоўжанага дня, што ўсе ўрокі робяцца там, то пытанне “А што, у вас усе дзеці ходзяць у групу?” неяк сарамліва абмінаецца…). Дык вось стомленыя бацькі, са сваімі праблемамі і клопатамі, вяртаюцца дадому і хочуць адпачыць, а тут дзіця са сваімі ўрокамі… А далей — як у анекдоце: “Ну што, сынок, многа задалі сёння?” “Крычаць табе і крычаць…” І гэта тая праўда жыцця, якую настаўнікі таксама прывыклі не заўважаць, калі “пад распіску” выпускалі джына з бутэлькі. Прычым, “крычаць” — гэта ў лепшым выпадку, а ў горшым… Вось калі з’явяцца ў нас омбудсмены, тады і зможам даведацца, якога роду насілле і жорсткае абыходжанне з дзецьмі хаваецца за дамашняй работай.

Толькі зноў пытанне: наколькі ў такіх выпадках яна з’яўляецца эфектыўнай і прадукцыйнай, ці нас цана не цікавіць, галоўнае — вынік? Ці можна тады сцвярджаць, што выбар прафесіі сапраўды абумоўлены любоўю да дзяцей?

Або, можа, нічога страшнага, усе праз гэта праходзяць: “Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці”, “Корань вучэння горкі, затое плод салодкі”, “Без цярпення няма вучэння”… Толькі давайце не забываць, што гаворка ідзе пра першакласнікаў, якія толькі пачалі гэты няпросты занятак. І адбіць жаданне вельмі лёгка, толькі ў далейшым дзеці будуць вучыцца з прымусу, таму што павінны, а не таму што хочуць.

Але і гэта, на мой погляд, не самае трывожнае ў гэтай сітуацыі.

Калі мы гаворым аб прававой дзяржаве, то тут магчымы толькі два варыянты: законы трэба або выконваць, або мяняць. А зараз атрымліваецца, што мы іх парушаем, прычым уцягваем у гэта дзяцей. Калі мы сапраўды ўпэўнены, што дамашнія заданні неабходны, што якасць навучання, якая патрабуецца, без іх немагчыма, то давайце звяртацца ў Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя, каб узаконіць змяненне гэтага пункта. Упэўнена, што калі мы зможам знайсці сур’ёзныя аргументы, то яны будуць пачуты (ва ўсякім разе паспрабаваць можна).

А зараз — dura lex, sed lex (“закон суровы, але яго трэба выконваць”). І таму не дзеці, а мы набіраемся цярплівасці і разумеем, што не трэба спяшацца, што з часам усе навучацца і пісаць, і чытаць, і лічыць… І гэтую ж думку стараемся данесці да бацькоў. А яшчэ пажадана сумесна абмеркаваць, чаму бацькі не шкадуюць сваіх уласных дзяцей, імкнучыся да дамашніх заданняў раней зацверджанага тэрміну. І, хутчэй за ўсё, на паверхні апынуцца ганарыстасць і славалюбства, маўляў, каб маё дзіця было не горшае за іншых. Толькі пры гэтым старанна не заўважаем, што менавіта яму і становіцца горш ад гэтай гонкі…

Калі бацькі хочуць займацца з дзецьмі, то няхай умацоўваюць руку разнастайнымі практыкаваннямі, прыдумваюць задачкі пра ўсё, што бачаць навокал, чытаюць дзецям добрыя кніжкі на ноч… А калі ўжо некаму зусім сіл не хапае, няхай самі бяруць пропісі і самі пішуць, але без настаўніка, які ў гэтыя гульні адмаўляецца гуляць.

Таму што нельга, няправільна, несумленна, каб першая настаўніца прывучала дзяцей да таго, што законы — гэта проста так, несур’ёзна, што іх можна абыходзціь, галоўнае, каб пра гэта ніхто не даведаўся.

Хаця гэта з’яўляецца няправільным, толькі калі мы сапраўды хочам жыць лепш, а можа, не жылі добра — няма чаго і пачынаць?

Святлана ГІН.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.