Добрыя справы ад “Спектра”

- 11:41Навіны рэгіёнаў

Свята да Дня ведаў арганізавалі для выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу навучэнцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна. Па выніках удзелу ў дабрачыннай акцыі “Збяром дзяцей у школу” яны перадалі 32 наборы школьных прылад і арганізавалі святочныя забавы.

На вуліцы Ваўковіча ў Гродне пабудаваны чатыры дамы, дзе пражываюць прыёмныя сем’і. Менавіта ў двары аднаго з іх і адбылося свята.

— Сваю задачу мы бачым не толькі ў развіцці творчых здольнасцей выхаванцаў, арганізацыі іх вольнага часу. Выхаванне дзяцей і моладзі — найважнейшая задача, таму заўсёды падтрымліваем нашых выхаванцаў у іх жаданні ўдзельнічаць у дабрачынных акцыях і разглядаем іх як выхаванне  дабрыні і спагады, — гаворыць намеснік дырэктара цэнтра “Спектр” Алена Дулеўская.

А ініцыятарам акцыі стала дзевяцігадовая Вікторыя Ляпешка, навучэнка гімназіі № 10 Гродна. Яе жаданне зрабіць падарункі дзецям падтрымалі бацькі, а таксама супрацоўнікі “Спектра”. На свята разам з Вікторыяй, якая, дарэчы, наведвае два гурткі цэнтра, прыйшлі мама Таццяна Ула­дзіміраўна і тата Аляксандр Міхайлавіч.

— Нас вельмі кранула жаданне Вікторыі, і мы з задавальненнем яе падтрымалі, а таксама далучылі да збору канцылярскіх прылад сваіх сяброў і знаёмых. Адгукнулася шмат лю­дзей, — расказвае Таццяна Ула­дзіміраўна. — А зараз у нашай дачкі ёсць планы працягнуць такую дабрачынную дзей­насць, і мы будзем разам з ёй удзель­нічаць.

Акрамя падарункаў, дзеці атрымалі і салодкія пачастункі, якія прыгатавала сям’я Ляпешка. А Вікторыя выступіла на свяце ў ролі Фіксіка і разам з усімі весялілася, танцавала і спявала.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.