Добрыя справы заўсёды побач

Займацца любімай справай заўсёды важна, але пажадана, каб адначасова настаўнік атрымліваў не проста маральнае задавальненне. Прычым гаворка не толькі аб узроўні зарплаты. Ва ўсе часы не меншае значэнне таксама мелі яшчэ дзве акалічнасці — добрыя ўмовы працы і дадатковыя сацыяльныя гарантыі ў рамках калектыўных дагавораў.

— У нашым раёне традыцыйна ўдзялялася значная ўвага рамонтам школ і падтрыманню парадку на прышкольных тэрыторыях, аднак тэма тэхнічнага аснашчэння вучэбных кабінетаў, напэўна, застанецца актуальнай ва ўсе часы, — гаворыць старшыня Магілёўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Леанідаўна Дзядкова. — Цяпер ужо недастаткова папяровага нагляднага матэрыялу, а настаўніка, які прыйдзе на ўрок толькі з канспектам, могуць проста не зразумець. Каб утрымаць увагу дзяцей, неабходна карыстацца сучаснай тэхнікай. Да таго ж без яе немагчыма забяспечыць належную якасць даследчых работ, разлічваць на належны ўзровень падрыхтоўкі да конкурсаў ці прадметных алімпіяд.
Сёння мультымедыйнае абсталяванне ёсць практычна ва ўсіх школах раёна. Між тым наяўнасць дастатковай колькасці тэхнічных сродкаў навучання — гэта не толькі значная палёгка настаўніку. Безумоўна, абысціся без спецыялізаваных кабінетаў інфарматыкі, хіміі, фізікі, замежных моў немагчыма. Аднак, дзякуючы камп’ютарам і мультымедыя, выкладанне большасці прадметаў можна весці ў адным памяшканні. У выніку за пэўным класам замацоўваецца пэўны кабінет. І ў такім разе дзеці пачынаюць ставіцца да такога кабінета больш ашчадна.
— У нас ужо з’явілася практыка, калі райвыканкам дорыць школе за тое ці іншае дасягненне ўсё неабходнае абсталяванне для аснашчэння вучэбных кабінетаў, — зазначае Ларыса Леанідаўна. — Праблему дапамагаюць вырашаць мэтавыя бюджэтныя сродкі і сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці, падтрымка шэфаў і папячыцельскіх саветаў, замежных арганізацый. Прычым я пераканана, што забеспячэнне сучаснай тэхнікай застаецца агульнай задачай раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікоў навучальных устаноў і прафсаюза, і вельмі прыемна, што ў гэтым плане ў нас наладжана шчыльнае ўзаемадзеянне. А плюс да таго мы ставім за мэту не толькі абсталяваць памяшканні для навучання, але і зрабіць іх па-сапраўднаму адметнымі. Вось чаму па выніках года праводзяцца конкурсы на лепшы кабінет і заахвочваюцца іх пераможцы.

***

Жыццё ёсць жыццё, і ў ім можа быць рознае. Час ад часу ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі, скажам, з размеркаваннем прэмій, прадастаўленнем водпускаў тэхперсаналу не ў летні час ці са складанымі асабістымі адносінамі ў калектыве. Таму даводзіцца сустракацца з людзьмі, размаўляць, тлумачыць, раіць. І гэта дае вынік: ніводнае з узнятых пытанняў не пераўтварылася ў сур’ёзную праблему.
— Вельмі добра, што ў такіх выпадках усе кіраўнікі навучальных устаноў прыслухоўваюцца да меркавання прафсаюзаў, — заўважае Ларыса Дзядкова. — У нас даволі спецыфічнае становішча, побач знаходзіцца буйны горад, таму, каб утрымаць кадры, неабходна слухаць людзей і імкнуцца ісці ім насустрач. Гэта ўдаецца. Прыклады, калі маладыя спецыялісты сыходзяць пасля адпрацоўкі па размеркаванні, ёсць. Аднак у асноўным працоўныя калектывы стабільныя, бо кіраўнікі ўстаноў адукацыі добра разумеюць: калі стварыць умовы — ніхто нікуды са школы не пойдзе. І тут мае значэнне любая дэталь, важна не толькі размеркаваць нагрузку, але і вызначыць расклад, у якім няма вялікіх перапынкаў паміж заняткамі.Цяпер заробкі па адукацыі ў вёсках, як правіла, пераўзыходзяць узровень аплаты працы ў АПК. Разам з тым праца настаўнікаў заўсёды была асаблівай. І патрабаванні да іх таксама.
— Я адпрацавала ў школе 20 гадоў, у тым ліку 7 — дырэктарам, таму калі ішла ў прафсаюз, думала толькі аб адным: чым змагу дапамагчы настаўніку? — гаворыць Ларыса Леанідаўна. — Яго праца цяжкая, на жаль, у настаўніка далёка не заўсёды складваюцца добрыя стасункі з бацькамі вучняў, па-ранейшаму адначаецца вялікая загружанасць шматлікімі папяровымі справамі, а здараецца, што ўзнікае і непаразуменне з кантралюючымі органамі: у прыватнасці, некалі вылучаліся прэтэнзіі наконт недастатковай загружанасці школьных спартыўных аб’ектаў улетку, таму даводзілася тлумачыць, што ў гэты час вясковыя дзеці маюць дастатковую фізічную нагрузку падчас працы на асабістых падворках. Вось чаму я пераканана: пытанні гарантый і сацыяльнай падтрымкі работнікаў сферы адукацыі павінны знаходзіцца на першым плане.
Атрымліваецца далёка не ўсё. Тым не менш за апошні час забяспечана падтрымка райвыканкама наконт устанаўлення даплат у памеры 10—50 працэнтаў работнікам, якія заняты на ўмовах кантрактаў. У якасці аднаго з прыярытэтаў прафсаюз вызначыў дапамогу настаўнікам пры падрыхтоўцы да атэстацыі, бо гэта адзін з напрамкаў павелічэння аплаты працы. Вырашылася пытанне з арганізацыяй за пэўную плату харчавання настаўнікаў у школьных сталовых. Прыйшліся дарэчы і іншыя меры, у тым ліку прадастаўленне пуцёвак у прафсаюзныя здраўніцы з 25-працэнтнай зніжкай.
— Паміж раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму і раённай арганізацыяй прафсаюза заключана пагадненне, якое з’яўляецца асновай для ўсіх калектыўных дагавораў, — адзначае Ларыса Дзядкова. — У калектыўных дагаворах прадугледжана падтрымка з нагоды радасных і сумных падзей, з нагоды юбілеяў, Дня настаўніка, Дня маці, Дня пажылога чалавека і іншых свят, дапамога настаўнікам, якія выходзяць на заслужаны адпачынак, ці настаўнікам, дзеці якіх з’яўляюцца выпускнікамі школы. Вельмі цікавы напрамак — выплата дапамог работнікам, якія на працягу года не бралі лісток непрацаздольнасці. Таксама на ўзроўні арганізацый шляхам прадастаўлення матэрыяльнай дапамогі знімаецца праблема кампенсацыі выдаткаў на праезд да месца працы і дадому нашым настаўнікам, якія пастаянна пражываюць у Магілёве.
Асобны напрамак работы прафсаюза — удзел у арганізацыі шматлікіх конкурсаў з матэрыяльным заахвочваннем пераможцаў. Гаворка, напрыклад, аб конкурсах на лепшую прафсаюзную работу і работу па ахове працы ва ўстановах адукацыі, конкурсах “Настаўнік-ветэран: урок для маладога настаўніка” і “Лепшая маці на свеце”, творчым фестывалі педагогаў “Калядная зорка” і дабрачынным Велікодным кірмашы. Гэты пералік можна працягваць. А яшчэ сёлета райкам прафсаюза далучыўся да ініцыіраванай старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім акцыі “З радасцю ў школу!”. У рамках акцыі былі выдаткаваны грошы настаўнікам і тэхнічным работнікам, якія апынуліся ў складаным матэрыяльным становішчы.
— Любы конкурс — гэта не проста магчымасць прадэманстраваць дасягненні, але і знаёмства з цікавымі напрацоўкамі калег, — заўважае Ларыса Леанідаўна. — Вось чаму гэтая справа важная ўд вая. Пры гэтым мы перакананы, што ва ўдзельнікаў мерапрыемстваў павінен быць стымул, і такім стымулам з’яўляюцца як граматы, так і грашовыя прэміі.

***


Гісторыя сведчыць, што Дашкаўская царкоўна-прыходская школа была створана ў 1883 годзе, а неўзабаве, у 1885-м, яна працягнула работу пад эгідай тагачаснага Міністэрства асветы. Атрымліваецца, што сёлета свецкая школа ў Дашкаўцы адзначае свой 130-гадовы юбілей. Аднак адметна не толькі гэта.
— Вось ужо два дзесяцігоддзі на падставе спецыяльнай ліцэнзіі ў нас праводзіцца навучанне школьнікаў 10—11 класаў на трактарыстаў-машыністаў, для гэтага ёсць уласная тэхніка, прычым сёлета ўдалося купіць трактар МТЗ-82, — расказвае дырэктар Дашкаўскай сярэдняй школы Сяргей Ягоравіч Лугавы. — Попыт на такую паслугу ёсць. І ў навучанні зацікаўлены не толькі дзеці, якія могуць застацца працаваць на мясцовых прадпрыемствах АПК. Уменне кіраваць трактарам неабходна таксама выпускнікам, якія паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю.І ўсё ж галоўным чынам Дашкаўская школа вядома дзякуючы краязнаўчай рабоце. Кожнаму, хто трапіць сюды, абавязкова пакажуць грунтоўны летапіс навучальнай установы і прапануюць здзейсніць экскурсію па музеі. Старажытныя цвікі, падковы, іголкі, ядры для пушак часоў вайны 1812 года, абразы і іншыя царкоўныя прадметы, сялянскі куфар і грамафон з дома тутэйшага пана Жукоўскага, асабістыя рэчы і нататнікі партызан, вялікі раздзел, прысвечаны землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Школьны музей нічым не саступае раённым. І нездарма яго наведваюць госці з усёй Беларусі, Расіі, Польшчы, іншых краін.
— Краязнаўства дапамагае любіць сваю краіну, сваю малую радзіму, сваю школу, — працягвае Сяргей Ягоравіч. — Я перакананы, што школа для дзяцей — сапраўды другі дом, у якім павінна быць утульна. Вось чаму нельга скідваць з рахункаў ні правядзенне яе рамонту, ні тэхнічнае аснашчэнне, ні эстэтычнае афармленне кабінетаў. А яшчэ школа — гэта настаўнік, да якога павінны цягнуцца дзеці.
Сярод такіх настаўнікаў — Таццяна Валянцінаўна Хальчыцкая. 17 гадоў назад яна, жыхарка Магілёва, прыйшла ў Дашкаўскую сярэднюю школу па размеркаванні і засталася тут. Таццяна Валянцінаўна выкладае рускую мову і літаратуру, з’яўляецца старшынёй прафкама.
— Сама я ніколі не жыла ў вёсцы, нават бабулі і дзядулі гарадскія, аднак прыехала ў Дашкаўку, папрацавала і зразумела, што школа падабаецца. А тым больш падабаюцца наш калектыў і дзеці, — зазначае Таццяна Валянцінаўна. — Калі шчыра, мне не так важна, выдатнік вучань або не. Галоўнае, каб ён умеў самастойна разважаць, паважаў сябе і навакольных. У наш час, калі ў інтэрнэце ці на тэлебачанні так шмат гвалту, выхоўваць добрыя чалавечыя якасці дапамагае менавіта класіка, адно, што неабходна абавязкова праецыраваць сюжэты літаратурных твораў на рэаліі нашых дзён. Гэта зацікаўлівае дзяцей. А плюс да ўсяго для прыцягнення іх увагі трэба шукаць адметныя факты з біяграфіі пісьменнікаў, а таксама выкарыстоўваць сучасную тэхніку — слухаць на ўроках музычныя кампазіцыі, глядзець творы жывапісу, якія адносяцца да той або іншай эпохі.
Сёння ёсць інтэрнэт, ёсць аўдыякнігі. Аднак, адзначае Таццяна Хальчыцкая, чытанне ў традыцыйным папяровым варыянце лепш развівае памяць, дапамагае навучыцца пісаць і гаварыць без памылак, што спатрэбіцца заўсёды — незалежна ад таго, кім потым стане выпускнік.
— Калі сярод пераможцаў абласных алімпіяд па рускай мове аказваюцца выхаванцы настаўнікаў з вясковай школы — гэта значны паказчык, — падкрэслівае Ларыса Дзядкова. — Таму мы імкнёмся абагульняць і распаўсюджваць вопыт Таццяны Хальчыцкай, іншых педагогаў, для чаго ладзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства, канферэнцыі, круглыя сталы. І зразумела, што ў дадзеным выпадку ні ў якім разе нельга забывацца аб значнай ролі метадычных аб’яднанняў, кіраўнікі якіх, дарэчы, атрымліваюць даплаты праз калектыўныя дагаворы.

Сяргей ГРЫБ.
Фота аўтара.