Добрыя тэндэнцыі і спрыяльныя прагнозы

“У апошнія гады ў сістэме адукацыі нашага раёна з’явілася выдатная тэндэнцыя: нашы вучні займаюць прызавыя месцы на абласных этапах рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах і прэтэндуюць на дыпломы самага высокага ўзроўню”, — расказала начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Слаўгарадскага райвыканкама Магілёўскай вобласці Наталля Міхайлаўна Голік.

— Адзначу, што сетка ўстаноў адукацыі раёна прадстаўлена 10 установамі агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 3 ВПК, а таксама 8 установамі дашкольнай адукацыі, — працягвае Наталля Міхайлаўна. — У 2019/2020 навучальным годзе Яна Гарэлікава са Свенскай сярэдняй школы заваявала дыплом І ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і паспяхова паступіла ў БДУ. Яна ж год назад была дыпламантам тэлевізійнага конкурсу “Жывая класіка”. У 2020 годзе школьнікі раёна ў абласным конкурсе навукова-даследчых работ атрымалі два дыпломы (у 2019 годзе — чатыры). На рэспубліканскі этап выйшла работа па грамадазнаўстве навучэнкі Гіжэнскай сярэдняй школы Паліны Пчаловай. Сёлета Паліна таксама атрымала дыплом ІІІ ступені на алімпіядзе па беларускай мове. Дзяўчына плануе стаць педагогам.

—Ці адкрываюцца ў раёне новыя ўстановы адукацыі? Якая сітуацыя з маладымі спецыялістамі?

— У 2020 годзе ў раёне аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі не праводзілася. У лістападзе ў Слаўгарадзе ў новым маладзёжным мікрараёне адкрыліся яслі-сад № 2 праектнай магутнасцю 75 месцаў. Гэта сучасная, прасторная ўстанова з безбар’ерным асяроддзем. Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне дазваляе рабіць спрыяльны прагноз на далейшае функцыянаванне дзіцячага сада. У цэлым ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей ад 1 да 6 гадоў складае 95,5%. Дзяцей, якія знаходзяцца на чарзе для атрымання месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, сёння няма.

У сістэме адукацыі працуюць 698 чалавек, у тым ліку 394 педагогі, з іх маладых спецыялістаў — 2,7%. У апошнія гады да нас прыбывае 10—13 маладых педагогаў у год. Каля 95% застаюцца пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну. Моладзі ў нас удзяляецца шмат увагі. Акрамя метадычнай дапамогі з боку кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, педагогаў-настаўнікаў, адчувальная падтрымка дзяржавы ў выглядзе пэўнага сацыяльнага пакета: ільготныя крэдыты, службовае жыллё, так званыя пад’ёмныя. Са спецыялістамі заключаюцца пяцігадовыя кантракты, ва ўстановах, размешчаных у зонах з правам на адсяленне, да кантрактаў робяцца грашовыя выплаты. Маладыя педагогі прымаюць актыўны ўдзел у штогадовым раённым і абласным фестывалі “Прызванне — педагог”, у абласных конкурсах метадычных распрацовак урокаў, пазакласных мерапрыемстваў, у праектнай дзейнасці, семінарах і вучэбных курсах.

— Як у вас арганізавана профільнае навучанне? Куды паступаюць выпускнікі школ?

— У трох установах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць класы аграрнай накіраванасці. Летась быў выпуск навучэнцаў аграрных класаў і 40% дзяцей паступілі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па гэтым напрамку. Увогуле, геаграфія паступлення выпускнікоў разнастайная: гэта ўстановы вышэйшай адукацыі педагагічнай, аграрнай, медыцынскай, тэхнічнай, ваеннай накіраванасці. Выпускнікі атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці. У нас наладжана супрацоўніцтва з многімі навучальнымі ўстановамі краіны. Слаўгарадскі раён пераважна аграрны, таму нашы выпускнікі — жаданыя госці ў Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі. З цікавасцю школьнікі наведваюць Віцебскую дзяржаўную ветэрынарную акадэмію. Традыцыйна ва ўстановах адукацыі праводзяцца праф­арыентацыйныя сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацый і ўстаноў раёна і вобласці. Год назад мы прымалі ў раёне прафарыентацыйныя агітбрыгады навучальных устаноў вобласці, але ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй шэраг устаноў (Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, МДУ імя А.А.Куляшова, Ваенная акадэмія) прапанавалі правядзенне дзён адкрытых дзвярэй у рэжыме анлайн, паступаюць прапановы знаёміцца з навучальнымі ўстановамі ў прамым эфіры Instagram, што таксама выклікае зацікаўленасць у вучняў.

— У якіх цікавых праектах і ініцыятывах прымаюць удзел установы адукацыі раёна?

—У Васькавіцкай сярэдняй школе і Ржаўскай базавай школе — дзіцячым садзе рэалізоўваецца экалагічная ініцыятыва “Зялёная эканоміка саду для будучыні вёскі” ў рамках праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, што фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Задача школьных рэсурсных цэнтраў — дапамагчы пачынаючаму садоўніку-агародніку сарыентавацца ў важных аграрных пытаннях. З гэтай мэтай на прышкольных зямельных участках закладзены гадавальнікі пладова-ягадных раслін, падрыхтаваны спецыялісты для работы з грамадскасцю, набыты мотакультыватары з навясным абсталяваннем, цяпліцы з сістэмай кропельнага паліву, цеплавыя пушкі і ранцавыя апырсквальнікі. У канцы 2020 года ў рэсурсных цэнтрах азам сучаснага садоўніцтва былі навучаны першыя слухачы. Яны атрымалі саджанцы і дапамогу спецыялістаў па доглядзе іх. У рамках гэтага ж праекта сярэдняя школа № 1 Слаўгарада набыла электраабсталяванне для школьных майстэрняў (стужачную пілу, электралобзік, лазерны гравёр, свідравальны і дрэваапрацоўчы станкі і спадарожнае абсталяванне). Задача — навучыць дзяцей выкарыстоўваць адходы дрэваапрацоўчай вытворчасці ў мэтах захавання прыродных экалагічных сістэм.

Свенская сярэдняя школа са студзеня па красавік 2021 года прымае ўдзел у экалагічнай ініцыятыве “Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі як рэсурс экалагічнай адукацыі”, у рамках якой дзейнічае маладзёжны клуб “Крыніца”. Яслі-сад  № 3 Слаўгарада з’яўляецца ўдзельнікам міжнароднага праекта “Удасканаленне аказання ранняй комплекснай дапамогі ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Ва ўстанову пастаўлена гульнявое абсталяванне для стварэння гульнятэк.

Слаўгарадскім РЦДТ рэалізуецца мясцовая ініцыятыва “Тэатральная студыя “Эдэльвейс” праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцей занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці”, які фінансуецца ЕС і рэалізуецца райвыканкамам у партнёрстве з Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый. Тэатральная студыя — гэта школа, якая спалучае ў сабе навучанне, дэманстрацыю і стварае дадатковыя магчымасці для занятасці і самазанятасці насельніцтва. Таксама гэта інклюзіўная студыя, якая служыц­ь прыкладам сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Серыя вучэбных мерапрыемстваў накіравана на развіццё прадпрымальніцтва ў сферы паслуг.

Надзея ЦЕРАХАВА.