Дом экалагічнай асветы запрашае

У канцы мінулага тыдня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” адбылося адкрыццё Дома экалагічнай асветы. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Прановіч, прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Таня Радачай.

Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства, міністр адукацыі Ігар Карпенка падкрэсліў важнасць экалагічнай асветы: “Займаючыся экалогіяй, аховай навакольнага асяроддзя, захаваннем прыродных багаццяў роднай Беларусі, нашы дзеці растуць у любові да сваёй зямлі, да сваёй малой радзімы”.

Кіраўнік ведамства адзначыў, што Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” заўсёды на перадавой у рэалізацыі новых праектаў, ідэй і інавацый. І тут заўсёды перш за ўсё зыхо­дзяць з інтарэсаў выхаванцаў, што дае магчымасць далучаць іх да сацыяльна значных ініцыятыў.

З дапамогай такога аб’екта, як Дом экалагічнай асветы, магчымасці экалагічнага выхавання ў “Зубраняці” пашырацца яшчэ больш. У доме на базе экалагічнай лабараторыі створаны дадатковыя ўмовы для развіцця навукова-даследчых кампетэнцый выхаванцаў, фарміравання цікавасці да пабудовы экалагічнага і энергаэфектыўнага жылля для сябе ў будучыні.

У аснове стварэння будынка закладзена ідэя будаўніцтва дэманстрацыйнага дома па сістэме “Экалагічна разумны дом”. Унікальная асаблівасць такой сістэмы — спалучэнне ўсіх уяўленняў аб стварэнні экалагічнага жылля. Дом знаходзіцца ў сасновым лесе на беразе Нарачы — самага вялікага возера ў Беларусі — пабудаваны з экалагічна чыстых матэрыялаў, энергаэфектыўны, з абсталяваннем для эколага-біялагічных даследаванняў.

На першым паверсе размешчана экалагічная лабараторыя для правядзення практычных і лабараторных заняткаў. На мансардным паверсе прадугле­джана правядзенне тэарэтычных заняткаў (лекцыі, сустрэчы, абмеркаванні). У наяўнасці ёсць назіральная пляцоўка з лесвіцай-спускам да вады, побач з якой устаноўлены пантоны для вывучэння дзецьмі якасці вады ў возеры, правядзення лабараторных работ і даследчых назіранняў за вадой і паветрам.

Сістэма “Разумны дом” уключае такія функцыі, як аўтаматычнае рэгуляванне сістэмы ацяплення і вентыляцыі па тэмпературы паветра звонку; дзяжурны рэжым ацяплення; дыстанцыйнае кіраванне сістэмай ацяплення і вентыляцыі; незалежнае кіраванне рэжымамі вентыляцыі верхняга і ніжняга паверхаў; кіраванне паветраабменам у памяшканнях у залежнасці ад колькасці чалавек на аснове паказанняў датчыка СО2 альбо вільготнасці паветра, датчыкаў руху.

Ігар Карпенка перакананы, што Дом экалагічнай асветы стане добрай асновай рэсурснага цэнтра для выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі нашай краіны і будзе садзейнічаць у распаўсюджванні ведаў аб сучасных педагагічных тэхналогіях у галіне фарміравання экалагічнай культуры школьнікаў.

“Дом, пабудаваны з экалагічна чыстых матэрыялаў, аснашчаны неабходным абсталяваннем — гэта прыклад, доказ таго, што мары могуць спраўджвацца. Для іх ажыццяўлення неабходна прыкласці нямала намаганняў, знайсці і задзейнічаць аднадумцаў — і вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Калі ёсць мэта, на дасягненне якой працуе каманда, яна ўвасабляецца ў жыццё”, — канстатаваў міністр адукацыі.

Пасля, адказваючы на пытанні журналістаў, Ігар Карпенка адзначыў, што падобныя тэхналогіі ў нас ужо ўкаранёны ў адукацыйны працэс. “Сёння гэта звязана і з развіццём профільнай адукацыі, і з тым, што адпачынак дзяцей у канікулярны перыяд таксама павінен быць насычаным і мець пэўныя профілі і напрамкі. У нас ёсць лагеры розных кірункаў: ваенна-патрыятычныя, спартыўныя, творчыя, экалагічныя, адукацыйныя, дзе пэўныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні”, — расказаў міністр адукацыі. 

Паводле яго слоў, Дом экалагічнай асветы ў першую чаргу будзе выконваць функцыі ўстановы адукацыі: “Дзеці будуць праводзіць лакальныя навуковыя даследаванні: браць пробы вады і паветра, рабіць пэўныя замеры, каб глыбей пранікаць у тэматыку захавання экалогіі і прыродакарыстання. Таксама ён будзе выконваць дэманстрацыйную функцыю разумнага дома, што дасць магчымасць у далейшым моладзі ўладкоўваць і свой дом па прынцыпе разумнага. Цяпер жа ў іх ёсць магчымасць паглядзець, якім можа быць дом будучыні”, — дадаў Ігар Карпенка.

Далей кіраўнік профільнага ведамства спыніўся на пытаннях падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Міністр паведаміў, што за парты 1 верасня сядуць 1 млн 85 тысяч школьнікаў. “З іх 118 тысяч першакласнікаў. Гэта прыкладна на 3 тысячы больш, чым у мінулым годзе”, — адзначыў ён.

“Ужо прыкладна 50% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі атрымалі сертыфікаты гатоўнасці да новага навучальнага года. Працэс ідзе. Дзесьці праходзяць планавыя рамонты, дзесьці закупляецца неабходнае абсталяванне, мэбля. Сёлета мы плануем адкрыць 7 новых школ, 2 з якіх — у Мінску. Акрамя гэтага, цяпер фактычна завяршаем аснашчэнне нашых школ неабходным вучэбным абсталяваннем, забеспячэнне метадычнымі рэкамендацыямі, падручнікамі. Вы ведаеце, што сёлета 11-класнікі бу­дуць займацца па абноўленай праграме і падручніках. Тым самым мы завяршаем цыкл абнаўлення вучэбных праграм і падручнікаў у агульнай сярэдняй адукацыі”, — зазначыў міністр.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.