Дом маладога настаўніка

- 12:20Навіны рэгіёнаў

Маладыя спецыялісты аграгарадка Снова, што ў Нясвіжскім раёне, атрымалі надзвычай шчодры падарунак у пачатку новага навучальнага года: ім дапамаглі вырашыць жыллёвае пытанне. Пяцёра настаўнікаў адсвяткавалі наваселле ў новым камфартабельным доме — доме маладога настаўніка.

Такі прыемны сюрпрыз педагогам, якія працуюць у Сноўскай сярэдняй школе, зрабіў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Агракамбінат “Сноў”. Агракамбінат даўно ўзяў школу пад сваё шэфства, установы звязвае даўняе сяброўства і супрацоўніцтва. Дарэчы, не толькі Сноўская школа атрымлівае дапамогу, СВК “Агракамбінат “Сноў” падтрымлівае ўсе навучальныя ўстановы на тэрыторыі сельсавета. Маладым настаўнікам Снова дапамагалі з жыллём і раней, прапанаваўшы ім жыць у гасцініцы агракамбіната. Нядрэнны варыянт, і ўсё ж гасцініца не вельмі прыдатная для пастаяннага пражывання. Таму было вырашана знайсці такое месца, дзе настаўнікам можна было б адчуць сябе як дома. Так з’явіўся дом маладога настаўніка. Ён размясціўся ў будынку былога інтэрната, некалькі гадоў збудаванне пуставала. За 4 месяцы тут быў праведзены капітальны рамонт, на які спатрэбілася больш за мільярд рублёў. Цяпер жа на двух паверхах дома размешчаны 6 утульных пакояў. На кожным паверсе ёсць кухня, санвузел, ванная, на цокальным паверсе — памяшканне для сушкі бялізны. Кожны пакой, у тым ліку памяшканні агульнага карыстання, абсталяваны мэбляй і бытавой тэхнікай. У пакоях ужо нават ёсць шторы, пакрывалы, дываны, пасцельная бялізна. Адным словам, усё для работы і адпачынку — прыязджай і жыві. Што і зрабілі маладыя спецыялісты. Трое з іх ужо адпрацавалі год у Сноўскай сярэдняй школе, двое — навабранцы гэтага года.
Гаспадыняй аднаго з пакояў стала Вольга Марчык. Вольга Анатольеўна прыехала ў Сноў па размеркаванні, скончыўшы Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Год працавала ў Сноўскай сярэдняй школе настаўніцай фізічнай культуры, жыла на кватэры. Вольга Анатольеўна прызнаецца, што і цяпер ёй не верыцца ў рэальнасць таго, што адбываецца: “Я здзіўлена бязмежна. Нам казалі, што маладым настаўнікам прадаставяць годнае жыллё, але, сказаць шчыра, я да апошняга сумнявалася і не магла паверыць. А дарэмна. Цяпер не магу нарадавацца наваселлю. У доме прыгожа, утульна, атмасфера цудоўная, сяброўская, маладзёжная. Кожны вечар з калегамі збіраемся папіць гарбаты і абмеркаваць навіны”.
Радуюцца за маладых настаўнікаў іх старэйшыя калегі. “Мы вельмі задаволены, што для нашых маладых спецыялістаў ствараюцца такія бытавыя ўмовы. Гэта неабходна, каб спакойна рыхтавацца да ўрокаў, а потым якасна працаваць, — гаворыць Галіна Васільеўна Радаман, дырэктар Сноўскай сярэдняй школы. — Гэта інвестыцыі ў будучыню, бо моладзь — наша змена, наша заўтра. Думаю, што такія ўмовы дапамогуць нам прыцягнуць і ўтрымаць маладых спецыялістаў”.
Асаблівая ўвага рабоце з маладымі спецыялістамі ўдзяляецца не толькі ў Снове, але і ва ўсім Нясвіжскім рэгіёне. Сёлета педагагічныя калектывы раёна папоўніліся 45 спецыялістамі. А за апошнія 4 гады сюды прыехалі 163 маладыя настаўнікі, і 84% з іх вырашылі застацца працаваць ва ўстановах адукацыі Нясвіжчыны. Калі і надалей для настаўнікаў будуць стварацца добрыя ўмовы, як гэта робіцца ў Снове, то, відавочна, гэты працэнт будзе расці.

Дар’я РЭВА.