Дом утульнасці і цеплыні

У адным са спальных раёнаў Магілёва па завулку Кар’ерным увагу прыцягвае ўтульны, добраўпарадкаваны куток. Тут знаходзіцца дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1. На працягу шэрага гадоў гэтая дашкольная ўстанова з’яўляецца адной з лепшых у горадзе, прызнавалася яна і лепшай у рэспубліцы.

Розных дасягненняў, рэалізацыі інавацыйных ідэй на рахунку цэнтра нямала. Да такіх вынікаў установу прывяла загадчыца — Таццяна Швяцова. Таццяна Юр’еўна змагла аб’яднаць калектыў у адзіную каманду, якая працуе ў бесперапынным рэжыме развіцця. Тут пастаянна вывучаюць усё новае, перадавое, што з’яўляецца ў адукацыі, і імкнуцца ўкараніць у сябе. Супрацоўнікі цэнтра называюць каталізатарам усіх інавацыйных змяненняў загадчыцу, а яна сама адзначае, што без калектыву аднадумцаў наўрад ці ўдалося б чаго-небудзь дасягнуць.
1— У нашым цэнтры няма выпадковых супрацоўнікаў. Усе педагогі — прафесіяналы. Выхаванню дзяцей яны аддаюць душу, кожны дзень ўкладваючы ў малых усё сваё цяпло і клопат, — кажа Таццяна Юр’еўна. — Мы не імкнёмся да перамог, проста стараемся якасна выконваць любую штодзённую работу. І выходзіць, што менавіта гэтае імкненне дае самыя высокія вынікі.
Невялікая экскурсія па цэнтры ўражвае. Усё, што неабходна дзіцяці для інтэнсіўнага і паўнавартаснага развіцця, тут ёсць у поўным аб’ёме. Маляўнічы, утульны інтэр’ер памяшканняў стварае дамашнюю атмасферу. Прафесійныя выхавальнікі паспяваюць удзяліць увагу кожнаму малышу. Словам, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 уяўляе сабой сапраўдную краіну дзяцінства, што наглядна пацвярджаюць радасныя тварыкі малых. Таццяна Швяцова падрабязна расказала, чым жыве сёння іх маленькая краіна.

У прыярытэце — дзеці

— Дзеці, развіццё іх здольнасцей — галоўны напрамак дзейнасці цэнтра. У нас створана цэласная сістэма, якая ўключае ў сябе арганізацыйныя, змястоўныя і тэхналагічныя кампаненты, выпрацаваныя ў ходзе рэалізацыі адпаведнага рэспубліканскага інавацыйнага праекта. У практыцы выхавальнікаў прыярытэтнымі сталі індывідуальныя і падгрупавыя формы работы, работа малымі групамі, што дазваляе рэалізаваць дыферэнцыяцыю навучання, улічваючы магчымасці здольных і адораных дзяцей, — гаворыць Таццяна Юр’еўна.
2Выхавальнікі цэнтра ўдасканальваюць традыцыйныя метады навучання і актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі. Першымі ў рэспубліцы тут сталі прымяняць методыку даследчага навучання дашкольнікаў Савянкова, першымі ў вобласці ўкаранілі метад праектаў і тэхналогію інтэлектуальна-творчага развіцця Васкабовіча.
Такі падыход дазваляе забяспечваць развіццё як агульных, так і спецыяльных здольнасцей дзетак. Як вынік — выхаванцы цэнтра зараз паспяхова вучацца ў гімназіях горада, наведваюць школу мастацтваў, розныя вакальныя і харэаграфічныя студыі, спартыўныя секцыі, займаюць прызавыя месцы ў рэспубліканскіх конкурсах і спаборніцтвах.

Бяспека — на першым месцы

Асаблівае значэнне ў цэнтры надаюць фарміраванню асноў бяспекі жыццядзейнасці ў малых. Ва ўстанове сёння для гэтага створаны ўсе ўмовы: устаноўлена відэаназіранне, сістэма “Маланка”, трывожная кнопка, утрымліваюцца ў спраўным стане сістэмы і сродкі супрацьпажарнай абароны, планы эвакуацыі.
— Мы паставілі перад сабой пытанні: як навучыць дзяцей правілам бяспекі і разам з тым захаваць шчасце бесклапотнага дзяцінства, як сфарміраваць пазітыўнае ўспрыманне навакольнага свету, каб малышы не ўяўлялі яго крыніцай небяспекі? Каб знайсці найбольш эфектыўныя формы работы, вырашана было звярнуцца па дапамогу да супрацоўнікаў гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях. Так, былі праведзены вучэбныя семінары для выхавальнікаў, створана пэўная вучэбная праграма па раздзеле “Бяспека жыццядзейнасці”, аформлены спецыяльныя куткі і пакой бяспекі, — расказала Таццяна Швяцова.
4Заняткі рознай тэматыкі педагогі цэнтра праводзяць праз гульні, практыкаванні, чытанне мастацкай літаратуры, прагляд відэаролікаў і мультфільмаў, арганізацыю свят і забаў.
— Выхавальнікі не даюць гатовыя веды і не абмяжоўваюць дзяцей у пошуку практычных і гульнявых дзеянняў. Яны сумесна выбіраюць аптымальную мадэль паводзін у экстрэмальнай сітуацыі, што дазваляе малым лепш засвоіць інфармацыю, — тлумачыць Таццяна Юр’еўна.
Пытанні, звязаныя з бяспекай дзяцей, немагчыма вырашыць без удзелу бацькоў. Наогул, у дашкольнай установе існуе цэлае кола пытанняў, выйсце з якіх досыць складана знайсці без плённага супрацоўніцтва з бацькамі. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 гэта разумеюць, таму такую работу тут лічаць адной з самых важных.
З бацькамі кожнага малыша асабіста знаёмы не толькі выхавальнікі, але і загадчыца. Акрамя візітаў на бацькоўскія сходы, іх актыўна прыцягваюць да ўдзелу ў мерапрыемствах цэнтра, вырашэння наяўных праблем. Усё гэта прыносіць адпаведны вынік. У прыватнасці, дзякуючы наведванню бацькамі трэнінгавых заняткаў па асновах бяспекі, дзеткі сталі навучацца правілам бяспечных паводзін і ў дзіцячым садзе, і дома, што грунтоўна ўмацавала іх веды.
Усебаковая ўвага пытанням бяспекі дзяцей дазволіла дашкольнаму цэнтру стаць пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”.

Развіваючы фандрайзінг

Кіраўніку сучаснай навучальнай установы неабходна кіраваць не толькі адукацыйным працэсам, але і тэхналогіяй прыцягнення дадатковых фінансавых сродкаў і рэсурсаў. Дашкольныя ўстановы сёння маюць два шляхі фінансавання: дзяржаўны бюджэт і пазабюджэтная дзейнасць. Аднак, як правіла, працэс фандрайзінгу ў іх працякае стыхійна. Прычына — адсутнасць эфектыўнай стратэгіі па прыцягненні дадатковага фінансавання. Гэтай праблемай зараз актыўна займаюцца ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1. Ва ўстанове дзейнічае рэспубліканскі эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэляў арганізацыі адукацыйнага працэсу на платнай аснове ва ўмовах устаноў дашкольнай адукацыі”.
Па словах загадчыцы цэнтра, у рамках праекта рэалізоўваюцца дзве мадэлі. Першая заключаецца ў дзейнасці дзвюх платных груп на аснове частковай самаакупнасці. Прыярытэтны напрамак іх работы — пазнавальнае развіццё дзяцей з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій. Цэны на наведванне платных груп дастаткова даступныя. Кошт знаходжання дзіцяці, згодна з прэйскурантам, складае 58 тысяч рублёў у дзень. Нядзіўна, што ахвочых наведваць платныя групы хапае.
— Бацькі выхаванцаў вельмі задаволены ўмовамі і якасцю платнай адукацыі. Пра гэта сведчаць вынікі анкетавання, іх водгукі і падзячныя лісты, — падкрэслівае Таццяна Швяцова.
Падабаецца бацькам і другая мадэль рэалізацыі эксперыментальнага праекта. Яна накіравана на апрабацыю зместу дашкольнай адукацыі на платнай аснове ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння. Калі казаць дакладней, установа аказвае платныя адукацыйныя паслугі звыш базавага кампанента. Так, у летні перыяд у цэнтры функцыянавала “Матчына школа”, у іншы час праводзяцца заняткі рознай развіццёвай накіраванасці.3
У большасці дашкольных устаноў задачы па прыцягненні дадатковага фінансавання, або фандрайзінгу, бярэ на сябе загадчык. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 у гэтым зацікаўлены ўсе супрацоўнікі. Як адзначае Таццяна Швяцова, гэта дазволіла дасягнуць запатрабаванасці і рэнтабельнасці ўсіх платных адукацыйных паслуг, прыцягнуць новыя спонсарскія сродкі. Характэрна, што ўсе дадатковыя фінансавыя паступленні планамерна выкарыстоўваюцца на ўдасканаленне якасці адукацыйнага працэсу.
— Сродкі, якія паступаюць на пазабюджэтны рахунак, дазволілі нам палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Толькі за мінулы год мы зрабілі рамонт фізкультурнай залы і памяшкання для аказання платных паслуг, санвузлоў, буфетнай, запасных выхадаў; абнавілі мэблю, посуд, цацкі, наглядна-дыдактычныя дапаможнікі, канцтавары, гульнявое надворнае абсталяванне, — кажа Таццяна Юр’еўна.
Дадатковыя сродкі сталі магчымасцю і для павышэння заработнай платы супрацоўнікаў. З пазабюджэтнга фонду яны атрымліваюць дадатковую прэмію ў памеры ад 1 да 2,5 млн рублёў. Такая істотная прыбаўка да заробку стымулюе педагогаў асвойваць і ўкараняць новыя эфектыўныя адукацыйныя тэхналогіі, а таксама павышаць свой прафесійны ўзровень.

Галоўнае — поспехі выхаванцаў

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 — установа, якая пастаянна імкнецца да паляпшэння якасці адукацыі. Педагагічны калектыў не прывык сядзець на месцы. Тут усе імкнуцца да самаўдасканалення, асвойвання новага, перадавога. А калі ёсць імкненне, заўсёды ёсць і вынік.
Цэнтр неаднойчы станавіўся пераможцам розных конкурсаў і спаборніцтваў. На працягу пяці гадоў запар установа заносіцца на Дошку гонару адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, узнагароджваецца ганаровым сцягам Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта за дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці адукацыі. Педагагічныя работнікі ўстановы з’яўляюцца пераможцамі спаборніцтваў “Лепшы выхавальнік”, “Лепшы па прафесіі”. Калектыў цэнтра па праве ганарыцца перамогай у рэспубліканскіх конкурсах “Лепшая дашкольная ўстанова”, “Бяспечнае дзяцінства”.
Але значным і важным супрацоўнікі цэнтра лічаць не прэстыжныя ўзнагароды, а дасягненні і поспехі сваіх маленькіх выхаванцаў. Таму і імкнуцца да таго, каб цэнтр быў для іх другім домам, домам утульнасці і цеплыні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва ДЦРД № 1.